MediaLex-2013

 

 

 

Алесік Ірына Анатольеўна

МЯНУШКІ ЯК АЦЭНАЧНА-ХАРАКТАРЫСТЫЧНЫ СРОДАК У КАНТЭКСЦЕ КНІГІ ЎСПАМІНАЎ УЛАДЗІМІРА КАЛЕСНІКА “ДОЎГ ПАМЯЦІ

 Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна"

 

Уладзімір Калеснік у  кнізе ўспамінаў “Доўг памяці” мужна, праўдзіва, шчыра, пранікліва ўваскрашае постаці   родных і блізкіх людзей ва ўсім іх чалавечым багацці. Ствараючы вобразы тых,  памяць пра  каго жыве ў сэрцы, пісьменнік умела выкарыстоўвае такі насычаны нацыянальна-культурнай інфармацыяй складнік мовы, як мянушкі.

З глыбокай старажытнасці да нашага часу ў вясковым асяроддзі шырока ўжываліся так званыя калектыўна-тэрытарыяльныя і сямейна-родавыя мянушкі. Прыкладам празвання першага тыпу  з’яўляецца мянушка, якая акрэслівае асаблівасці маўлення жыхароў пэўнай мясцовасці: “Абвастрыўся антаганізм іншы – з далёкімі ганакамі, гэта значыць, з людзьмі з-пад пушчы, якія гаварылі не гэты, а гэны[1, с. 167]. Утваральнай базай для сямейна-родавых празванняў служылі імёны, прозвішчы, мянушкі роднасных асоб (бацькі,  маці, мужа). Члены сям’і  маглі называцца  матронімам  – празваннем, утвораным ад імені або мянушкі  маці. Уладзімір Калеснік не проста ўжывае такія найменні, а задумваецца над іх матывацыяй: “Многія роды ў нашай вёсцы называліся чамусьці па імёнах жанчын, прытым яўна ўніяцка-каталіцкага гучання: былі Тарэсіны, Крысіны, Марысіны і нават Марышчыны. З роду Марышчыных паходзіла мая бабка Зося, а таксама бацька і дзед Лёвы Васілеўскага, майго траюроднага браценіка” [1, с. 34]. У ліку  сямейна-родавых мянушак  выдзяляюць патронімы – назвы людзей, утвораныя ад імені, прозвішча, мянушкі бацькі: “Ох, як любіла Валя Пратасевічанка на кабыліцы пагойсаць, калі брала ў мяне, каб у адрынку на торп сена прывезці” [1, с. 114]. Ужывальнымі былі  і андронімы – найменні жонкі, утвораныя ад  імені, прозвішча ці мянушкі мужа: “Мой бацька высока ў душы цаніў Васіля і Васіліху [1, с. 116]; “А глядзі ты: прывітаецца, абніме Людвічыху, тая даёнку паставіць, пацалуюцца!” [1, с. 116]; “Аляксеіха, як жонка Цэзара, вышэй падазрэнняў” [1, с. 38].

Ацэначна-характарыстычная функцыя мянушак рэалізуецца дзякуючы іх  празрыстай унутранай форме. Паводле прымет, якія становяцца асновай ацэначна-характарыстычнай намінацыі, можна выдзеліць наступныя тэматычныя групы мянушак, ужытых у творы                  У. Калесніка.

Характарыстычныя празванні маглі адлюстроўваць фізічныя ўласцівасці літаратурнага героя. Напрыклад, асаблівасці хады чалавека перадае мянушка Глінамес: “Яна высмейвала нехлямяжнасць паходкі, калі чалавек тэпае так, нібыта месіць размяклую, вязкую гліну” [1, с. 6].

У якасці мянушак гэтага тыпу выкарыстоўваліся назвы жывёл і птушак. Напрыклад, мянушка Кулік  стала лаканічнай замалёўкай знешнасці дробнага, але спрытнага хлопца.

У кнізе “Доўг памяці” знаходзім прыклад ужывання мянушкі, якая належыць да разраду онімаў-рэмінісцэнцый. У аснове  празвання Пушкін – метафарычнае выкарыстанне імені вядомага рускага паэта, на якога знешне быў падобны герой твора Аляксандр Бусько:  “З выгляду ён нагадваў маладога Пушкіна. Яму і ў педвучылішчы далі мы клічку Пушкін, і яна так да яго прыстала, што нават і імені яго ўжо не сталі ўжываць” [1,  с. 275].

Мянушкі  маглі ўяўляць сабой замалёўку-характарыстыку як знешнасці, так і рыс характару чалавека. Так, сінкрэтычны характар  мела характарыстычнае празванне Казак: “Колька-казак – высокі, сухашчавы, смуглявы, скуласты з русым кучаравым чубам, быстрымі, крыху касаватымі вачыма, хват, рызыкант – адарві ды падай. Гаварылі, што ў жылах яго цякла прымесь чаркескай крыві. Па натуры ён быў парывісты, агнявы, гаварыў уладна, з жэстамі, апранаўся зухавата і пагрозліва: цераз плячо партупея, на адным баку планшэт, на другім – шабля, за плячыма кароткая і безадказная карабінка” [1, с. 309].

Гімназіст, які знешнасцю і амаральнымі паводзінамі нагадваў нячысціка, атрымаў характарыстычнае празванне Д’ябэлак: “За ўсцібісты і памаўзлівы характар, гарбаты нос і з’едлівую грымасу на твары Жоржыку Б., майму блізкаму земляку, далі ў гімназіі мянушку Д’ябэлак [1, с.75].

Назіральныя людзі маральнае аблічча чалавека нярэдка  “прачытваюць” па асаблівасцях ягонай знешнасці: праз выраз твару, вачэй, усмешку. Дваісты характар мела характарыстыка, сканцэнтраваная ў мянушцы Смешка: “У іх быў толькі адзін наглядчык за арандаванымі ўгоддзямі – гэта Смешка. Увесь год ён ахоўваў лясы ад браканьераў і сам  употай лупіў, што пад руку трапляла. Праўда, рабіў гэта асцярожна і маскіраваў спрытна. Смешка быў чалавек патайны, негаваркі. І празвалі яго так за прыскаленую ўсмешку, што не сыходзіла з твару. Жартавалі, што дзе ён ні йдзе, на каго ні глядзіць, дык усё цэліць, меціць, забіць хоча” [1, с. 40].

Характарыстычныя празванні  маглі ўтрымліваць інфармацыю пра факты біяграфіі чалавека, напрыклад, так званы Амерыканец быў вядомы сярод аднавяскоўцаў тым, што ездзіў на заробкі ў Амерыку і пераняў у гэтай краіне новыя спосабы вядзення гаспадаркі: “Лабоцкі, зяць Варановічаў, ездзіў на заробкі ў Амерыку. Вярнуўшыся да сваёй Веры, ён здзіўляў наваколле дзівацкімі эксперыментамі: на пясчанай выдме выкопваў прыстойныя ямкі, наносіў у іх чорнай зямлі і гною ды высаджваў гуркі, памідоры. У 1940 годзе Лабоцкі спрабаваў выступіць на майскім святочным мітынгу ў Слабадзе, але выбраў (не быў бы то “амерыканец”) дзелавую тэму ў святочны дзень” [1, с. 268].

У асобную групу вылучаны мянушкі, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра род заняткаў, прафесію персанажаў. Сам Уладзімір Калеснік у юнацтве атрымаў мянушку Художнік, бо захапляўся мастацтвам, спрабаваў сябе ў жывапісе,  далучаўся да мастацкага афармлення вучылішча: “У інтэрнаце, галодным і халодным, нашы вучнёўскія актывісты збіралі складчыну, набывалі матэрыялы ды наводзілі такі-сякі божы выгляд. Мне даручылі ўзначальваць афармленчыя работы. Мне і прозвішча далі “художнік” з лёгкай рукі Мішы Араб’я” [1, с. 199]. Фельчара-самавука акрэслівала празванне Мікстура: “Мікстура прыклаўся да лякобы ў польскім войску, у санітарнай камандзе, значыць, з’яўляўся яшчэ пачынаючым самавукам” [1, с. 347]. Асновай празвання настаўніка, знаўцы старажытнай гісторыі, стала імя цара Іаана Цымісхія, які вёў войны супраць русаў і балгар: “Наш завуч, Міхаіл Рыгоравіч Кушалеўскі, выкладаў гісторыю сістэмна, праўда, ён пачынаў курс ад сівой старажытнасці і паважаў больш факты, даты, чым разважанні, пошукі сэнсу падзей. Невыпадкова студэнты далі яму мянушку “Цымісхі”. Імя гэтага старажытнага цара Крушалеўскі вымаўляў з характэрным грасіруючым “х” [1, с. 132]. Характарыстычнае празванне валодала некаторай доляй іроніі.

Страх, варожасць, непрыхільнасць выражала характарыстычнае найменне, якое належала чалавеку-забойцу коней: “Акрамя жабракоў і калек прадметам страху для мяне быў Пэтала-конская смерць. Гэта малы, скалазубы, вечна ўсмешлівы (губы не сыходзіліся ў яго на зубах і таму пакідалі вечную грымаслівую ўсмешку) яўрэй, кожную восень праязджаў праз сяло і збіраў старых або безнадзейна хворых коней і вёў іх біць недзе ў лес, абдзіраў скуры, а тушы пакідаў ваўкам на конскіх могілках. Коней не зусім безнадзейных ён вёў і там, у сябе, крыху трымаў, потым спрабаваў прадаць на конскім рынку ў Міры або забіваў недзе там, каля мястэчка” [1, с.33]. Мянушка дае  абразлівую, пагардлівую характарыстыку персанажу.

Добразычліва-іранічныя адносіны выражае мянушка-характарыстыка лесаруба-знаўцы лясных нетраў: “Загінуў тады намеснік Саятэвіча па баявой часці Васіль Пазняк (“Дух пушчы” – меў такую мянушку, бо лесарубам пазнаў усю пушчу, як уласную кішэню)” [1, с. 469].

Аналіз паходжання выяўленых у творах У. Калесніка мянушак паказаў, што большасць характарыстычных найменняў утворана ад агульных назоўнікаў, сярод якіх  можна вылучыць наступныя семантычныя групы: 1) назвы  прадстаўнікоў свету прыроды (Кулік); 2) назвы асоб па фізічных, маральных якасцях, роду заняткаў, нацыянальнасці   (Глінамес, Казак, Амерыканец, Художнік); 3) назвы  звышнатуральных істот (Д’ябэлак). Ад уласных назоўнікаў, імёнаў вядомых гістарычных асоб, утвораны мянушкі Пушкін і Цымісхі.

Сінтаксічным шляхам, у выніку лексікалізацыі словазлучэнняў, утвораны  празванні Пэтала-конская смерць і Дух пушчы.

Мянушкі ў творы У. Калесніка з’яўляюцца эфектыўным і дзейсным сродкам характарыстыкі і ацэнкі персанажаў.

 

 


 

1. Калеснік, У. Доўг памяці / У. Калеснік. – Брэст : ААТ “Брэсцкая друкарня, 2005. – 548 с.

 

 

 

MediaLex 2013