Чуманова Вольга Мiкалаеўна
ЭМАЦЫЯНАЛЬНА-ЭКСПРЭСIЎНАЯ
ЛЕКСIКА
Брэст, УА «Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна»
З дапамогай эмацыянальна-экспрэсiўнай лексiкi мы не толькi называем адпаведны прадмет, але i даём яму ацэнку, выказваем да яго свае адносiны. Гэтыя адносiны могуць быць станоўчымi цi адмоўнымi, у залежнасцi ад чаго эмацыянальна-экспрэсiўную лексiку можна падзялiць на дзве групы: са станоўчай ацэнкай i негатыўнай. У лексiчным фондзе мовы слоў са станоўчай ацэнкай налiчваецца значна менш, чым негатыўна-ацэначных. Магчыма, гэтая тэндэнцыя абумоўлена тым, што «грамадства ўвесь час стварае новыя лiнгвiстычныя знакi, якiя называюць розныя прыметы прадметаў, з’яў, працэсаў, дзеянняў, якiя асуджаюцца гэтым грамадствам» [1, с. 28]. Аднак у падручнiках для пачатковых класаў больш часта сустракаюцца словы са станоўчай ацэнкай, сярод якiх пераважаюць лексемы са значэннем пяшчоты, павагi, ласкальнасцi. Сабраную намi з мастацкiх твораў для дзяцей эмацыянальна-экспрэсiўную лексiку з пункту погляду суадносiн рэальнага значэння слова i яго эмацыянальных, ацэначных i экспрэсiўных адценняў можна падзялiць на наступныя групы: 1. Словы эмацыянальна-экспрэсiўнага зместу, самiм значэннем якiх з’яўляецца станоўчая цi адмоўная эмацыянальна-экспрэсiўная ацэнка. Словы гэтай групы абазначаюць эмоцыi, перажываннi, пачуццi. У падручнiках для пачатковых класаў вялiкая колькасць падобнага роду слоў: ласкавы, любоў, нявесела, задаволеная, радасць, трывожыцца, жаль i iнш. 2. Словы прастамоўныя, у самiм значэннi якiх ёсць элемент станоўчай цi адмоўнай эмацыянальна-экспрэсiўнай ацэнкi. Да эмацыянальнай лексiкi са станоўчай ацэнкай адносяцца характарыстычныя назвы чалавека. Намi зафiксаваны такiя прыклады: дружбак, дружа. Негатыўная ацэнка звычайна ўваходзiць семантычным кампанентам у структуру лексiчнага значэння слова i абазначае, напрыклад, што пэўнае дзеянне выконваецца дрэнна, не так, як патрабуецца (сiпець, зафыркаць), можа ўказваць на характар, спосаб дзеяння (дарвацца), абазначаць наяўнасць празмернай, непажаданай якасцi (высозны). Негатыўная ацэнка можа адносiцца да дзеяння, прадмета, з’явы цалкам. Асаблiва характэрнымi тут будуць эмацыянальна-экспрэсiўныя найменнi асобы: – па прымеце росту: вярзiла, грамiла; – па разумовых якасцях i практычных здольнасцях: дурань, зубрыла; – па ўласцiвых дзеяннях: абжора, абiбок. У мастацкiх творах, якiя вывучаюцца ў пачатковых класах, найчасцей сустракаюца з яскравай негатыўнай ацэнкай дзеясловы, якiя абазначаюць дзеянне, што не выходзiць за межы паўсядзённага жыцця: бразгаць, шморгаць, гойсаць, бухаць, валачы, часануць, бабахнуць, секануць, енчыць, плюхнуцца, тузануць i г.д. Аднойчы на кiрмаш здалёк Вандроўнiк плёўся ў горад I наракаў на свой мяшок, I сам пашкандыбаў далей. Устаў вандроўнiк i брыдзе – Iдзе пад зорным небам На месца памятнае, дзе Ён пасварыўся з хлебам. (М. Танк). У гэтым прыкладзе дзеясловы плесцiся, пашкандыбаць, брысцi надзелены здольнасцю ствараць вобраз, жывую карцiну дзеяння – хады. Словы эмацыянальна-экспрэсiўнай ацэнкi гэтай групы выкарыстоўваюцца ў мастацкiх творах як сродак моўнай характарыстыкi персанажаў, iх учынкаў i паводзiн. Прыкладам можа служыць урывак з аповесцi «Гусi-лебедзi ляцяць» М. Стэльмаха. Аўтар увёў у мову сваiх герояў шмат размоўных слоў, у значэннi якiх ёсць элемент эмацыянальна-экспрэсiўнай ацэнкi: прачомацца, прыбрахаць, галёкаць i iнш. Гэтыя словы ў творы «выклiкаюць уражанне прастаты, жывасцi, некаторай вольнасцi маўлення i ўносяць разнастайныя адценнi экспрэсii» [2, с. 77]. 3. Агульнанародныя словы, якiя ў пераносным значэннi маюць адмоўныя цi станоўчыя эмацыянальна-экспрэсiўныя ацэнкi. Намi зафiксаваны наступныя словы: лапаць, пiла, мядзведзь, арол. Гэтыя словы характарызуюць з’яву праз уяўленне, выклiканае асацыятыўнымi сувязямi з iншай з’явай, прадметам. Ужываючыся ў пераносным значэннi, эмацыянальна-экспрэсiўнае адценне набываюць не толькi назоўнiкi, а i дзеясловы (спяваць, пiлаваць): А калi толькi што папросiш сабе, ого тады ўжо iншае спяваюць: «Ты яшчэ малы. От калi вырасцеш…» (М. Стэльмах). 4. Словы, якiя выражаюць тую цi iншую эмацыянальна-экспрэсiўную ацэнку пры дапамозе суфiксаў. З улiкам сэнсавых i стылiстычых адценняў, якiя гэтыя суфiксы надаюць словам, яны падзяляюцца на некалькi груп: а) памяншальныя або ласкальныя цi адначасова памяншальна-ласкальныя. Адразу заўважым, што ў мастацкiх творах для дзяцей словы з памяншальна-ласкальнымi суфiксамi сустракаюцца даволi часта. Найбольш ужывальнымi з’яўляюцца наступныя суфiксы: -ок/-ак, -iк/-ык (унук – унучак, лён – лянок, лiст – лiсцiк, дождж – дожджык, Улад – Уладзiк), -к (мыш – мышка, рабiна – рабiнка, Алена – Аленка), -ул- (мацi – матуля, баба – бабуля, сын – сынуля), -еньк-/-аньк-,-эньк-/ (малы – маленькi, рака – рэчанька, стары – старэнькi), -iнк- (сiрата – сiрацiнка, трава – травiнка), -утк-/-ютк- (тонкi – танюткi, тонкi – танюсенькi), -чык (корань – карэньчык, загон – загончык); б) павелiчальна-зневажальныя. Намi зафiксаваны ў мастацкiх творах для дзяцей некалькi слоў з такiмi суфiксамi: вецер – вятрыска, холад – халадзiшча, холад – халадэча, злодзей – зладзюга, лапы – лапiшчы, вусы – вусiшчы, зубы – зубiшчы. Здольнасць эмацыянальна-экспрэсiўнай лексiкi не толькi называць, але i пэўным чынам характарызаваць тыя цi iншыя прадметы, з’явы, дзеяннi, прыметы абумовiла шырокае выкарыстанне яе ў мастацкiх творах. У творах для дзяцей мы часта сустракаемся з такiм пашыраным стылiстычным прыёмам, як падкрэсленая канцэнтрацыя назоўнiкаў з аднатыпнымi ўтваральнымi сродкамi памяншальна-ласкальнай экспрэсii: Зiнька – маладая сiнiчка, i свайго гнязда ў яе няма. Цэлы дзень яна пералятала з месца на месца, скакала па платах, па галiнках. А пад вечар нагледзiць сабе шчылiнку пад страхой. Зашыецца туды, распусцiць свае пярынкi i сяк-так пераспiць ночку (В. Бiянкi). Як бачна з прыведзенага кантэксту, эмацыянальна-экспрэсiўная афарбоўка слоў аказвае ўплыў на непасрэднае моўнае асяроддзе, надаючы пэўнае адценне ўсяму кантэксту. Такiм чынам, мастацкiя творы, што вывучаюцца ў пачатковых класах, багатыя на словы з эмацыянальнай афарбоўкай, ужыванне якiх робiць мову лiтаратурных твораў не толькi каларытнай, але i вобразнай. А гэта вельмi важна для малодшых школьнiкаў, так як дзецi гэтага ўзросту вучацца шляхам пераймання.
1. Кремих, И.И. Отрицательный оценочный компонент в семантической структуре слова / И.И. Кремих // Прагматика слова : межвузовский сборник научных трудов. – М., 1985. – С. 24–28. 2. Юрэвiч, А.К. Стылiстыка беларускай мовы / А.К. Юрэвiч. – Мiнск : Народная асвета, 1983. – 191 с.
|