Дзяйнека Вольга Валер’еўна УЛАСНЫЯ АСАБОВЫЯ ІМЁНЫ Ў КАНТЭКСЦЕ АЎТАБІЯГРАФІЧНАЙ ПРОЗЫ ГЕОРГІЯ МАРЧУКА І ВАСІЛЯ ЖУКОВІЧА Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна"
Раман “Кветкі правінцыі” Георгія Марчука і аповесць “Як адна вясна…” Васіля Жуковіча па праве можна лічыць самымі спавядальна шчырымі творамі пісьменнікаў. Аўтары праўдзіва расказваюць чытачу пра шлях свайго сталення – праз пакуты, праз страты блізкіх, праз глыбокі роздум над прызначэннем чалавека, праз пошукі адзінага і спрадвечнага закону людскога быцця. Ажыўляючы далёкія постаці дзяцінства і юнацтва, Г. Марчук і В. Жуковіч умела выкарыстоўваюць вобразна-выяўленчыя магчымасці ўласных імёнаў, якія з’яўляюцца каштоўным помнікам матэрыяльнай і духоўнай культуры палешукоў. Аўтабіяграфічны твор уяўляе сабой карціну жыцця, пабачаную праз прызму асабістага жыццёвага вопыту аўтара. Гэты вопыт накладвае адбітак на адносіны да жыцця, на характар успрымання свету. Уплываюць на светапогляд і на творчасць пісьменніка блізкія, родныя людзі, якія ідуць па жыцці побач з ім. Імёны родных (маці Марыі, бабы Насці, прабабы Таццяны) згадваюцца ў рамане Г. Марчука “Кветкі правінцыі”. Унутраная форма гэтых імёнаў утрымлівае важную інфармацыю пра герояў. Зразумела, не кожны чытач задумваецца над этымалогіяй імені персанажа. Між іншым, этымалагічная семантыка антрапоніма дазваляе раскрыць важныя грані мастацкага вобраза. Імя маці галоўнага героя рамана “Кветкі правінцыі” Марыя паходзіць з яўрэйскай мовы і азначае ‘выратавальная, цудоўная’ [1, с. 258]. Марыя – імя Божай маці, прападобнай Марыі Егіпецкай, Марыі Магдаліны. Семантыка зараджанага станоўчай энергіяй імені адпавядае характару гераіні. Чыстым, “Божым” чалавекам з’яўляецца Адасёва маці: “Сэрца твая маці мела анёла” [2, с. 234]. Апісанне ўнутранага свету і трагічнага лёсу гераіні напаўняе імя станоўчай экспрэсіяй. Так, Марыя шануе бацькоў, адмаўляецца, выконваючы волю маці, ад каханага. Жанчына вельмі любіць сына. Гераіня саступае выгаднае месца працы дзяўчыне-сіраце, балюча перажывае, што купля зруба праз збег неспрыяльных абставін прыносіць няшчасце другім людзям. Такому сумленнаму чалавеку з абвостраным пачуццём адказнасці і віны за свае ўчынкі цяжка жыць на гэтым свеце. Магчыма, горкі асабісты вопыт Г. Марчука (маці пісьменніка Марыя скончыла жыццё самагубствам) з’явіўся прычынай таго, што жаночыя персанажы з трагічным лёсам носяць у творах аўтара імя Марыя. Гэта Маня Лятун з рамана “Крык на хутары”, якая, ахвяруючы жыццём, ратуе гонар маладзенькай сястры. Гэта і Марыя Жураўлёва з рамана “Сава Дым і яго палюбоўніцы”, якая не можа жыць у атмасферы падману і здрады і таму робіць спробу скончыць жыццё самагубствам. Імя бабулі галоўнага героя твора Насця (Настася) паходзіць ад грэчаскіх слоў “адроджаная, уваскрослая” [1, с. 55]. На нашу думку, этымалагічнае значэнне імені з’яўляецца своеасаблівай гранню ў характарыстыцы гераіні твора. Баба Насця выгадавала, выхавала, дапамагла стаць на ногі сіраце-ўнуку. Юнак упэўнены, што бабуля застанецца жыць у душах блізкіх людзей нават пасля смерці. Унутраная форма імені актуалізуецца ў прамове ўнука на пахаванні бабулі: “І калі ёсць бессмяротнасць душы на зямлі, калі гэта праўда, то папрашу Бога, каб ён аддаў душу маёй бабы майму сыну” [2, с. 213]. Значэнне грэчаскай асновы імені прабабы Г. Марчука Таццяны – “наладжвальніца, заснавальніца” [1, с. 392]. Менавіта Таццяна з’яўляецца заснавальніцай роду Марчукоў на зямлі: “Гэта яна прывезла з Пінска прыказчыка Міхайла, яна сваім розумам і паваротлівасцю паставіла яго на ногі <…>. Ніхто лепш за яе не пёк хлеб, боршч не варыў. Падрэзалі ёй зямлі. Зноў на ногі стала <…>. Ад яе, ад Таццяны, усе мы, святыя і грэшныя” [2, с. 274]. Як вядома, уласныя асабовыя імёны – адзін з найважнейшых сродкаў стварэння нацыянальнага, рэгіянальнага, гістарычнага каларыту. У разгледжаных творах знаходзім шмат надзвычай прыгожых беларускіх імён, многія з якіх цяпер архаізаваліся, выйшлі з актыўнага ўжытку, напр.: Сідар, Мірон, Міхаліна, Саламон, Анісім, Фама (В. Жуковіч “Як адна вясна); Міфодзій, Юзаф, Трыфан, Аскольд, Герасім, Яўлампія (Г. Марчук “Кветкі правінцыі”). Дзякуючы гнуткасці, пластычнасці, асабовае імя ў нашай мове набывае статус своеасаблівага пасведчання нацыянальнасці, узросту, веравызнання асобы. Варыянты імені з’яўляюцца паказчыкамі значнасці, аўтарытэту, вагі чалавека ў грамадстве. Відазмяненні онімаў перадаюць тонкія нюансы чалавечых стасункаў. Г. Марчук і В. Жуковіч умела выкарыстоўваюць у сваіх творах прагматычны патэнцыял антрапонімаў і іх шматлікіх форм. У творах пісьменнікаў знаходзім багаты россып марфалагічных, лексічных і фанетычных варыянтаў імён, напр.: Марыя – Маня – Манечка, Ларыса – Лора, Трыфан – Ціфан, Іван – Іванко – Янка – Янэк, Іосіф – Юзаф, Адам – Адась – Адасік, Даша – Дашачка (Г. Марчук “Кветкі правінцыі); Міша – Міхась – Мішка, Валодзя – Валодька– Валодзечка, Восіп – Юзік, Яўгеня – Яўгенька, Любка – Любачка, Мар’я – Марыська – Марысечка, Віктар – Віця – Віцечка і інш. (В. Жуковіч “Як адна вясна). Героі мастацкіх палотнаў Г. Марчука і В. Жуковіча – жыхары Давыд-Гарадка, Століна, Забалацця, палескіх вёсак і мястэчак. Таму натуральна і арганічна ўплятаюцца ў моўную тканіну твораў пісьменнікаў формы імён, якія адлюстроўваюць рысы народна-дыялектнай мовы: оканне (Олена, Юрко, Міхалко, Іванко), замену гука [ф] гукам [п] (Прося), гукам [х] (Халімон), наяўнасць прыстаўнога [в] (Вулляна), прыстаўнога [г] (Гэля). Вельмі многа ў прааналізаваных творах пісьменнікаў форм клічнага склону антрапонімаў. Гэтыя формы шырока выкарыстоўваюцца ў палескіх гаворках. З іх дапамогай перадаецца багатая палітра эмоцый і пачуццяў: ласка, спагада, пяшчота, здзіўленне і інш., напр.: “Шчо Бог дасць, Якаўко, шчо Бог дасць”, – адказвала па-ранейшаму баба Насця [2, с. 80]; – Насцё, калі памру, пойдзеш дажываць век, як пайшла да Мірона Гуня на Прасарэддзі? [2, с. 127]; “Ведаеш, Міроне, – хвалявалася маці, – заяву падаць лёгка” [3, с. 165]; “Адасё! О дзякуй Богу, трохі пакруглеў з твару!” [2, с. 200]; “Не, от мне, Карпе, скажы напачатку, як у калхозу?” – раптам пра нешта ўспомніўшы, перабіў дзед [2, с.72]. Падобныя формы імён – адзін са сродкаў стварэння вясковага каларыту ў творах пісьменнікаў. У народным асяроддзі сродкам выказвання павагі малодшага да старэйшага, да шанаванага чалавека засталіся вакатывы дзядзька, цётка, дзед, баба ў спалучэнні з асабовым іменем. У рамане У. Гніламёдава “Уліс з Прускі”, прысвечагнага жыццю палескай вёскі ў пачатку ХХ стагоддзя ,заўважаецца: “Словы “дзядзьку” і “цітку” (дзядзька і цётка) тут здаўна ўжываліся пры звароце да старэйшага чалавека, і неабавязкова родзіча, і гэта лічылася выяўленнем ветлівасці і прыязнасці. Прускаўцы, як і ўсе ў наваколлі, захавалі даўняе, родавое адчуванне сваёй крэўнасці” [4, с. 60]. Падобныя формы наймення з’яўляюцца сведчаннем пачцівасці, пашаны, цёплых адносін паміж суразмоўцамі. На жаль, у гарадской культуры такія формы цяпер забываюцца, а вось у маўленні вяскоўцаў гэтыя найменні пашыраныя, напр.: – Бабо Лісавето, а ці можаце ўспомніць тры самыя шчаслівыя дні ў вашым жыцці? [2, c. 227]; – А я цябе, сяночак, шукаю. Дзед Яўхім хоча цябе бачыць. Хадзем да нас [2, c. 46]; – Дзядзька Мірон, гэты ножык вастрэйшы [3, c. 2107]; А далей мама расказвае, як па сялу бегла з іконаю ў руках, з малітваю на вуснах цётка Міхаліна [3, c. 113]. Формы наймення айцец, бацюшка ў спалучэнні з іменем ужываюць вернікі, якія лічацца духоўнымі дзецьмі святара: “На падводзе везлі ў самым канцы жалобнай калоны засяроджанага айца Міфодзія” [2, c. 14]. У творах пісьменнікаў па-майстэрску выкарыстаны стылістычныя магчымасці асабовых імён з іх багаццем афіцыйных і неафіцыйных эмацыянальна афарбаваных варыянтаў. Праз ужыванне гэтых варыянтаў онімаў пісьменнікі перадаюць найтанчэйшыя адценні ўзаемаадносін герояў. Выкарыстанне кожнай формы імені абумоўлена прагматычным кантэкстам. Такі кантэкст вызначаецца сацыяльным статусам носьбіта імені, а таксама характарам і танальнасцю адносін героя з іншымі людзьмі. Успрыманне экспрэсіўнай афарбоўкі формы імені залежыць ад узросту, паводзінаў носьбіта імені, аўтарскіх адносінаў да героя. У творах пісьменнікаў-берасцейцаў адлюстравана народная традыцыя называць дзяцей і падлеткаў формамі, якія выражаюць ласку і пяшчоту, напр.: “А Любка заснула? – “Любачка ўжо спіць” [3, с.185]; “Валодзечка, бацік!” – нараспеў сказала яна [3, с. 184]. Розныя эмацыйна-ацэначныя адценні маюць памяншальна-даскальныя формы імёнаў, ужытыя ў адносінах да дарослых людзей. Найболей насычаны пачуццямі любові і захаплення імёны каханых: “Якое харошае імя – Надзечка!” [3, с. 232]; “Неяк нечакана мяне прывабіла Марыська, якое доўгі час не прыкмячаў” [3, с.211]. Формай Лісанька выражаецца спагада і сімпатыя да ўвішнай і спрытнай старой жанчыны: “Лізавета, дзед на яе казаў Лісанька, была маладзейшая за маю бабу. Калі ў Насці на твары былао трыццаць тры маршчыны, у Лісаветы – на адну больш, калі Насця ведала сто прыказак, Лісавета – сто адну, калі мая баба ў адказ дзесяць слоў, Лісавета – сто” [2, с.45]. У творах Г. Марчука і В.Жуковіча адлюстравана традыцыя ўжывання ў народнай мове форм суб’ектыўнай ацэнкі імён у намінатыўнай функцыі, у якасці нейтральных найменняў людзей, напр.: “У такія мінуты цётка Волька не магла не ўспомніць свайго Восіпа, які падарваўся на супрацьтанкавай міне [2, с. 42]; “Янэк у ваш род пайшоў, Адась” [2, с. 231]. Эмацыйна-ацэначнымі гэтыя варыянты імёнаў можна назваць толькі ўмоўна. Ацэначныя фарманты ў іх складзе выкарыстоўваюцца ў якасці дыферэнцыяльных сродкаў адрознення асобаў, якія носяць адно і тое імя. Так, маленькі сын галоўнага героя рамана “Кветкі правінцыі” завецца Янкам, а стары чалавек, муж бабы Лісаветы – Іванкам. Паслядоўнае ўжыванне ў мастацкіх творах розных варыянтаў імені героя выконвае функцыю перадачы дынамікі вобраза. Так, чытаючы аповесць “Як адна вясна”, мы назіраем за лёсам вясковага хлопца Валодзькі. Герой уступае ў новы этап свайго жыцця, становячыся школьнікам, што суправаджаецца набыццём новай формы імені: “Ражэвіч Уладзімір”, – выразна вымаўляе Іван Іванавіч. “Уладзімір” – так мяне ніхто дагэтуль не называў. Звалі ўсе іначай: Воўка, Валодзька, Валодзя. Я ўстаю, сэрца маё пырхае, як верабейка [3, с.77]. Як бачым, шырокі дыяпазон варыянтаў уласных асабовых імёнаў з’яўляецца сродкам стварэння нацыянальнага і рэгіянальнага каларыту, інструментам перадачы тонкіх адценняў эмоцый і пачуццяў персанажаў, спосабам выражэння характару і танальнасці людскіх узаемаадносінаў.
1. Русские имена в исторических лицах и народных праздниках, пословицах и приметах / сост. Н. И. Решетников. – М. : Наука, 2002. – 464 с. 2. Марчук, Г. Кветкі правінцыі : раман, навелы, афарызмы / Г. Марчук. – Мінск : Маст. літ., 2004. – 416 с. 3. Жуковіч, В. Як адна вясна…: аповесць / В. Жуковіч. – Мінск : Маст. літ., 1980. – 272 с. 4. Гніламёдаў, У. В. Уліс з Прускі : раман / У. В. Гніламёдаў. – Мінск : Маст. літ., 2006. – 382 с.
|