MediaLex-2013

 

 

Дземянчук Таццяна Мікалаеўна

ПРОЗВІШЧЫ ПЕРСАНАЖАЎ РАМАНА УЛАДЗІМІРА ГНІЛАМЁДАВА “ВЯРТАННЕ”

 Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна"

 

 

Творча асэнсоўваючы вечныя праблемы сэнсу жыцця, прызначэння чалавека на зямлі, важнасці захаваць памяць пра  традыцыі продкаў, Уладзімір Гніламёдаў уваскрашае гісторыю свайго роду ў трылогіі “Сямейная хроніка ў стылі барока”. Сюжэтную аснову твора складаюць жыццёвыя перыпетыі Лявонція Міхайлавіча Сцепанюка, дзеда аўтара. Падзеі ў трэцяй частцы трылогіі – рамане “Вяртанне” – разгортваюцца ў вёсцы Пруска, што на Камянеччыне, і ў суседніх паселішчах: Трасцяніца, Свяшчова, Бучамле і інш. Прускаўцы пасля бежанства падчас Першай сусветнай вайны ў Расію, у Самарскую губерню, вяртаюцца да родных гнёздаў. Творча ўваскрашаючы гісторыю жыцця продкаў, пісьменнік умела выкарыстоўвае прагматычны патэнцыял, нацыянальна-культурную інфармацыю, вобразна-выяўленчыя магчымасці ўласных імёнаў. Найбольшая  сэнсавая і эмацыянальная нагрузка ў творы прыпадае на антрапонімы.

Імёны літаратурных персанажаў, з’яўляючыся кампанентам антрапанімічнай прасторы мастацкага твора, падпарадкоўваюцца характэрным для рэальнага  антрапанімікону пэўнай мовы і пэўнага часу  заканамернасцям. Як вядома, аўтар у сваім творы па-мастацку ўзнаўляе рэальны свет, і антрапонімы павінны быць максімальна набліжанымі да рэальнасці. Cродкам стварэння запамінальных партрэтаў персанажаў з’яўляюцца прозвішчы герояў.

Сродкам адлюстравання гістарычнага каларыту ў рамане У. Гніламёдава з’яўляюцца прозвішчы палітыкаў (Тэльмана, Брандлера, Пілсудскага, Леніна, Луначарскага, Маркса, Тарашкевіча, Варашылава, Ластоўскага, Дзяржынскага, Рака-Міхайлоўскага), ваеначальнікаў (Фрунзэ, Махно, Тухачэўскага, Блюхера, Сікорскага, Урангеля, Калчака, Балаховіча), рэлігійных дзеячаў (Іаана Кранштадскага). Рэальныя постаці мінуўшчыны  – гэта гістарычны “кантэкст” мастацкага палатна, жывое асяроддзе, найбольш выразны і праўдзівы фон дзеяння.

Як вядома, антрапанімічная прастора мастацкага твора – гэта адлюстраванне  антрапанімікону пэўнай мовы. У антрапанімічнай прасторы беларускай мовы ХХ стагоддзя можна выдзеліць, па-першае, прозвішчы, утвораныя ад каляндарных імён, па-другое, прозвішчы, што ўзніклі ад мірскіх імён апелятыўнага паходжання. Гэтыя групы прозвішчаў ужываюцца на старонках рамана У. Гніламёдава. Прозвішчы першай групы ўтвораны галоўным чынам пры дапамозе суфіксаў –ук-, -чук-, -юк-, -онак-, -чык, -ік-, -іч-, -эвіч-, -віч-, -к-, -оў- і інш.:  Дзмітрук, Кірыльчук, Давыдзюк, Ільючонак, Грынчык, Яфімік, Кузьміч, Барташэвіч, Елізаровіч, Хомка, Панкоў, Засімовіч  і інш. Прозвішчы другой групы ўтварыліся ад апелятываў як лексіка-семантычным спосабам (Кароль, Шпунт, Кужаль), так і з дапамогай розных суфіксаў (Рэпін). У аснове гэтых прозвішчаў ляжаць былыя мянушкі апелятыўнага паходжання:  1) празванні-характарыстыкі, якія акрэсліваюць фізічныя і маральныя якасці асобы, становішча чалавека ў грамадстве, прафесію: Даўгяла (рэг. ‘высокі чалавек’ [1, с.127]); Шыманюк (цюркск. ‘тоўсты’ [2, с. 290]); Ламака (‘цяльпук, гультай’ [1, с. 243]); Кароль; 2) празванні, якія акрэсліваюць месца жыхарства носьбіта:  Падгурскі, Падгорны  ‘які жыве каля гары, пад гарой’ [2, с. 234]; 3) мянушкі, у аснове якіх – назвы абстрактных паняццяў: Шайбак (цюркск. ‘свет’ [1, с. 461]); 4) найменні, утвораныя ад назваў прадметаў матэрыяльнай культуры: Кужаль, Латушка (‘невялікая гліняная місачка з загнутымі ўнутр краямі’ [1, с. 247], Кляновік; 5) мянушкі, утвораныя ад назваў  жывых істот, раслін і іх частак: Кулік, Каленік, Пац (рэг. ‘пацук’ [1, 318]), Галёнка, Цыбуля, Голуб, Гарох, Рэпін, Крыніцкі, Гусак, Камар, Цыбульскі, Шчука і інш.

Асобныя прозвішчы герояў рамана варта аднесці да  гаваркіх паэтонімаў. Іх дэфінітыўная сутнасць раскрываецца ў кантэксце, які стварае разгорнутае ўяўленне пра носьбітаў онімаў гэтага тыпу. Так, у прозвішчы персанажаў рамана Хлябічаў – указанне на расхлябанасць – нявытрыманасць, разбэшчанасць, распушчанасць. Лоўчы і ляснік паноў Падгурскіх Дармідонт Хлябіч карыстаецца сваёй пасадай для  паляпшэння ўласнага дабрабыту, бессаромна падманваючы гаспадароў. Не грэбуе ён і шлюбам з былой панскай каханкай-пакаёўкай. Сын Дармідонта – Трахімка – з маладосці набыў ў Прусцы рэпутацыю разбэшчанага хлопца. Так, малады Хлябіч уступае ў сувязь з мачахай Аленай, а потым адбівае чужую нявесту. Страціўшы жонку, мужчына не клапоціцца пра сына, які трапляе ў турму. Аўтар адзначае: “Гэты чалавек па-ранейшаму заставаўся, што называецца, самім сабою – усё тым жа непапраўным эгаістам. Сіл і здароўя ў ім шмат, як заўсёды. Стараўся дзеля свайго ўласнага прыбытку – астатняе мала цікавіла” [3,  с. 325]. Разбэшчанасць Хлябіча праяўлялася ў многіх жыццёвых сітуацыях: “Займаўся Трахім і “цыганскім промыслам” – краў коней. Рызыкоўных людзей знаходзілася нямала: на няўхвальныя заняткі штурхалі малазямелле, галеча і беспрацоўе. У глыбіні душы Трахім лічыў, што яму ўсё дазволена” [3, с. 331]. Як бачым, гаваркое прозвішча трапна выражае сутнасць характару літаратурных герояў – разбэшчаных  прайдзісветаў.

Сэнс прозвішча героя рамана Гадаў асацыятыўна звязваецца са значэннямі слова гадагідны чалавек, гадзіна’ [4, с. 139]. Найменне персанажа твора адпавядае характару героя, даючы адмоўную ацэнку беспрынцыпнаму жандару, які служыў любой уладзе (царскай Расіі, дэфензіве), высочваючы і бязлітасна распраўляючыся з ворагамі гэтай улады: “Гадаў па-ранейшаму практыкаваў па “сыскному дзелу” і цаніўся ў галіне палітычнага вышуку як выдатны спецыяліст з аграмадным, яшчэ царскім стажам і вопытам. Яго кваліфікаванымі паслугамі паспелі пакарыстацца Дзянікін і Урангель, балканскія краіны, Германія, і цяпер чарга дайшла да Польшчы, дзе ў ім мелі таксама немалую, па ўсім відаць, патрэбу” [3, с. 414]. Напэўна, невыпадковай дэталлю знешнасці беспрынцыпнага і амаральнага чалавека з’яўляецца “каінава пячатка” – чырвоная пляма на твары. “Слепа, неадчэпна і ва вушы закаханы” ў падпольшчыцу Марыю Лісак, Гадаў, калі жанчына  не адказала на яго пачуцці ўзаемнасцю, выдае гераіню ўладам, ведаючы, што яе чакае смяротны прысуд.  

Як бачым, у творы Уладзіміра Гніламёдава прозвішчы выконваюць  мастацкую (эстэтычную) функцыю. Гэтая функцыя літаратурных антрапонімаў дазваляе праз іменаванне персанажа выразіць мастацкую і грамадзянскую пазіцыю пісьменніка, яго суб’ектыўныя адносіны да героя, да пэўнага тыпу асобы, да жыццёвага факта, падзеі, з’явы.

 

 


 

 

1. Бірыла, М. В. Беларуская антрапанімія : Прозвішчы, утвораныя ад апелятыўнай лексікі / М. В. Бірыла. – Мінск : Навука і тэхніка, 1969. – 508 с.

2. Цымбалова, Л. Н. Тайны происхождения наших фамилий /  Л. Н. Цымбалова. – Ростов-на-Дону : Феникс, 2008. – 473 с.

3. Гніламёдаў, У. В. Вяртанне : раман / У.В. Гніламёдаў. – Мінск : Маст. літ, 2008. – 429 с.

4. Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы : Больш за 65 тысяч слоў /  І. М. Бунчук [і інш.] ; пад рэд. М. Р. Судніка, М. Н. Крыўко. – Мінск : БелЭн, 1996. – 784 с.

 

 

 

 

 

 

MediaLex 2013