Казляк Вікторыя Віктараўна НЕКАТОРЫЯ АСПЕКТЫ ВЫВУЧЭННЯ НАЗОЎНIКА НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ Ў ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна"
Вучні пачатковых класаў вывучаюць наступныя часціны мовы: назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, прыслоўе. Выпрацоўцы ведаў аб часцінах мовы садзейнічае лінейна-ступенчаты прынцып вывучэння моўнага матэрыялу. Аналіз праграмы паказвае, што па тэме “Назоўнік”, якая вывучаецца ў II-IV класах, вучні спачатку авалодваюць такім абстрактным паняццем, як “прадмет”. Затым засвойваюцца марфалагічныя катэгорыі, значэнні і формы назоўніка, адпаведная лінгвістычная тэрміналогія. Веды па гэтай часціне мовы паступова папаўняюцца, пашыраюцца лінейна: ад лексіка-граматычнага значэння слоў і марфалагічных катэгорый да сістэмы словаформ, якія ўтвараюць адну лексему, г. зн. да скланення. Часціны мовы выдзяляюцца ў малодшых класах па дзвюх апазнавальных прыметах: катэгарыяльным значэнні (прадметнасць для назоўніка, дзеянне для дзеясловаў, прымета для прыметнікаў, прымета дзеяння ці прымета іншай прыметы для прыслоўяў) і граматычным пытанні (хто? што? які? якое? якая? што рабіць? што зрабіць? як? дзе? куды?). Дыферэнцыраваць словы такім чынам на першы погляд вучням няцяжка. Звяртацца да такой надзейнай прыметы, як марфалагічная спецыфіка слоў (род, лік, склон, асоба, час і інш.), ім даводзіцца, як правіла, пры выкананні спецыяльных заданняў пры марфемным аналізе, а не ў працэссе вызначэння прыналежнасці слоў да той ці іншай часціны мовы. У гэтым адна з прычын таго, што вызначэнне часцін мовы выклікае ў школьнікаў значныя цяжкасці. Напрыклад, назоўнік касьба кваліфікуецца як дзеяслоў (па значэнні – апрадмечанае дзеянне), а назоўнік чырвань – як прыметнік (па значэнні – апрадмечаная прымета). Падобныя памылкі могуць ўзнікаць і па прычыне несфарміраванасці ў вучняў паняццяў “прадмет”, “прымета прадмета”, “дзеянне прадмета”, “прымета дзеяння”. Напрыклад, назоўнікі хлопчык, голас, пахвала і г.д. дзеці доўгі час не лічаць прадметамі. Тут жыццёвы вопыт вучняў не пагаджаецца з моўным мысленнем. Каб вызначыць прыналежнасць слова, дастаткова паставіць да іх граматычныя пытанні (гэта лёгка) або вызначыць, як яны змяняюцца (гэта цяжка). Для выпрацоўкі лінгвістычных адносін да слова пры рабоце з часцінамі мовы трэба аперыраваць словамі рознай семантыкі (стол, конь, песня, завіруха, адвага, мама, радасць і г.д. – для назоўнікаў; чырвоны, смелы, бацькаў, асенні, школьны і г.д. – для прыметнікаў; бегчы, думаць, расці, клапаціцца і г.д. – для дзеясловаў; добра, высока, уверсе, там, сёння і г.д. – для прыслоўяў). Засваенне назоўніка з’яўляецца адной з важных задач вывучэння школьнай граматыкі. Назоўнік у сучаснай беларускай мове валодае багатымі семантычнымі магчымасцямі, граматычнай сістэмай катэгорый і формаў, разнастайнымі марфалагічнымі і сінтаксічнымі прыметамі, а таму служыць невычэрпнай крыніцай папаўнення слоўніка вучняў пачатковых класаў, павышэння культуры мовы (маўлення). Пры вывучэнні назоўнікаў школьнікі асэнсоўваюць паняцце граматычнай прадметнасці, глыбей знаёмяцца з лексічным значэннем субстантываў, а гэта ў значнай меры садзейнічае развіццю абстрактнага мыслення дзяцей. Засваенне граматычных форм роду, ліку, склону назоўнікаў важна для авалодання марфалагічным ладам мовы. На аснове знаёмства са змяненнем назоўнікаў дзеці потым засвойваюць правілы аб змяненні іншых часцін мовы па родах, ліках і склонах (змяненне прыметніка, лічэбніка, займенніка). Набыццё граматычных ведаў неабходна спалучаць з павелічэннем слоўнікавага запасу вучняў, з выпрацоўкай арфаграфiчных і арфаэпічных навыкаў, з навучаннем дзяцей звязнай мове. Са значэннем назоўнікаў і іх граматычнымі прыметамі школьнікі знаёмы з урокаў рускай мовы. Гэтыя веды трэба ўзнавіць на матэрыяле беларускай мовы і паказаць спецыфічныя для беларускай мовы марфалагічныя асаблівасці назоўнікаў. У IV класе паглыбляюцца веды вучняў пра назоўнік як часціну мовы (значэнне, род, лік, склон, тыпы скланення) і развіваюцца ўменні асэнсавана ўжываць склонавыя формы назоўнікаў у беларускай мове. Склонавыя формы назоўнікаў паказваюць на іх адносіны да іншых слоў у сказе. Таму іх засваенне грунтуецца на разуменні вучнямі сувязі слоў у сказе. Пасля таго, як вучні авалодаюць навыкамі вызначэння слоў, звязаных па сэнсе і граматычна (словазлучэнне), пачынаецца праца над склонамі. Першапачатковае азнаямленне са змяненнем назоўнікаў фактычна пачынаецца з I класа, дзе вучні назіраюць над змяненнем формаў слова. У II і III класах уносяцца элементы асэнсавання граматычнай формы слова праз канчатак. Назіранні над змяненнем канчаткаў слова ў залежнасці ад іншых слоў у сказе дазваляюць вучням размяжоўваць зменную і нязменную часткі слова, выяўляць залежнасць паміж граматычным пытаннем і канчаткам слова. Асноўная праца над склонавымі формамі назоўніка праводзіцца ў IV класе з мэтай навучыць дзяцей правільна выкарыстоўваць склонавыя формы назоўнікаў у моўных зносінах. Традыцыйна ў школьнай практыцы спачатку ідзе вывучэнне правапісу канчаткаў назоўнікаў 1-а скланення, затым 2-а і 3-а. Такая паслядоўнасць вывучэння з’яўляецца найбольш зручнай, бо дае вучням магчымасць зразумець характэрныя асаблівасці змянення назоўнікаў аднаго тыпу скланення, потым другога, трэцяга і, нарэшце, суаднесці формы змянення назоўнікаў розных тыпаў скланення. Важна падкрэсліць пры гэтым, што вызначэнне склонавай формы назоўніка адбываецца не па адной якой-небудзь прымеце, а па сукупнасці прымет: значэнне, пытанне, канчатак, роля ў сказе і інш. Задача заключаецца ў тым, каб вызначыць адну ці некалькі прымет, характэрных для пэўнага тыпу скланення назоўніка або для канкрэтнага выпадку. Назоўнік як лексіка-граматычны разрад слоў уключае ў сябе словы розных лексіка-семантычных груп: назвы асоб (маці, брат, настаўнік, вучань), жывых істот (мядзведзь, певень, шчупак, яшчарка, камар), рэчаў (парта, кніга, партфель), прадметаў рэчаіснасці (гай, поле, рака, дрэва), з’яў прыроды (дождж, туман, навальніца), з’яў грамадскага жыцця (рэвалюцыя, сацыялізм, дэмакратыя, выбары). Нягледзячы на семантычную разнастайнасць назоўнікаў, усе яны характарызуюцца агульным значэннем – значэннем прадметнасці. Да адной часціны мовы адносяцца словы, якія маюць аднолькавае граматычнае значэнне, аднолькавы набор прыватных марфалагічных катэгорый (прымет) і ўжываюцца ў словазлучэннях аднолькавых мадэлей. Важна, каб вучні пачатковых класаў засвоілі падставы размежавання лексіка-граматычных разрадаў – часціны мовы. Гэта дазволіць школьнікам выразна і дакладна авалодаць тэхнікай аднясення слоў да розных часцін мовы. Вывучэнне часцін мовы адбываецца па пэўным плане: знаёмства з агульным катэгарыяльным значэннем слоў пэўнай часціны мовы; асноўныя марфалагічныя катэгорыі, уласцівыя ёй; спалучальнасць пэўнай часціны мовы з іншымі словамі; сінтаксічная роля ў сказе; тэкстаўтваральная роля; праца па культуры маўлення. У час навучання марфалогіі настаўнік кіруецца ў сваёй працы агульнадыдактычнымі прынцыпамі, прыватнаметадычнымі і спецыфічнымі прынцыпамі навучання марфалогіі. Вывучэнне самастойных часцін мовы пачынаецца з назоўніка. Вельмі важна, каб ужо з першай тэмы вучні не толькі трывала засвоілі асноўныя прыметы назоўніка, але і ўсвядомілі агульны падыход да азначэння і вылучэння часцін мовы. Асноўныя задачы, якія вырашаюцца пры вывучэнні названай тэмы, наступныя: паўтарыць набытыя ў папярэдніх класах граматычныя веды пра назоўнік, паглыбіць у вучняў разуменне прадметнасці ў граматыцы, паказаць сінтаксічную ролю назоўніка.
|