Куц Алена Мікалаеўна УЗБАГАЧЭННЕ ЛЕКСIКА-СЕМАНТЫЧНАЙ CIСТЭМЫ ВУЧНЯЎ ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАЎ I МЕТАДЫЧНЫЯ ЎМОВЫ АКТЫЎНАГА ЗАСВАЕННЯ НОВЫХ СЛОЎ Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўніверсітэт iмя А.С. Пушкiна"
У сённяшніх, не вельмі спрыяльных для беларускай мовы абставінах настаўнік знаходзіцца ў пастаянным пошуку, каб прывіць цікавасць да роднай мовы, развіць маўленне вучняў. Цяжка ўявіць сабе ўрок беларускай мовы, у час якога не праводзiцца лексічная работа. Узбагаченне лексічнага запасу вучняў з’яўляецца адной з прыярытэтных навучальных задач. Сярод разнастайных практыкаванняў значная месца павінны займаць практыкаванні лексічнага характару. Яны накіраваны на пашырэнне актыўнага слоўніка дзяцей, выпрацоўку ўмення выбраць патрэбнае слова для выражэння сваёй думкі. Без засваення новых слоў і выразаў, тлумачэння іх лексічнага значэння і асаблівасцей ужывання немагчыма ўспрыманне літаратурнага тэксту або нават традыцыйная праца над практыкаваннем падручніка. На кожным уроку дзеці знаёмяцца з новымі словамі, але вельмі часта знаёмства гэта носіць сітуацыйны характар. Калі сустракаецца новая лексічная адзінка, вельмі часта ўся праца на ўроку зводзіцца да таго, што вучні бегла тлумачаць слова ці перакладаюць на рускую мову. Гэта прыводзіць да таго, што праз некалькі ўрокаў вучань не ўзгадае дакладны сэнс слова і не прывядзе прыклады яго ўжывання. Такі падыход да працы з моўнымі лексічнымі адзінкамі не забяспечвае трывалага і эфектыўнага папаўнення актыўнага слоўніка вучняў пачатковых класаў. У выніку аналізу ўласнага практычнага вопыту мы прыйшлі да пераканання, што для станаўлення моўнай асобы вучня, для пашырэння яго слоўнікавага запасу патрэбны шэраг умоў. Па-першае, развіццё малодшых школьнікаў ажыццяўляецца пры ўмове, што вучнi маюць магчымасць актыўна выказвацца на ўроку. Яны лёгка і з цікавасцю запамінаюць новыя словы і моўныя звароты, авалодваюць рознымі лексіка-граматычнымі канструкцыямі. Па-другое, лексіка засвойваецца больш трывала, калі новыя словы ўводзіць тэматычнымі блокамі. Тэматычны падыход дае магчымасць арганізаваць навучальную дзейнасць вакол тэм, праблемаў і пытанняў, якія сапраўды цікавяць вучняў. Узбагачэнне лексікі праз увядзенне груп слоў, аб’яднаных па прынцыпе сэнсавай блізасці, дазваляе сфарміраваць асацыятыўны рад паміж словамі, і ў ходзе маўленчай дзейнасці пошук патрэбнага слова адбываецца не хаатычна, а ўнутры пэўнай тэматычнай групы слоў. Тэматычны падыход пры вывучэнні лексікі: 1) дазваляе настаўніку сфарміраваць доўгатэрміновы план; 2) стымулюе ўзнікненне агульнай зацікаўленасці ў групы вучняў; 3) дапамагае стварыць атмасферу супольнасці; 4) дазваляе выкарыстоўваць міжпрадметныя сувязі; 5) надае вучэбнай праграме асэнсаванае вучнямі значэнне. Праца над тэмай прадугледжвае ажыццяўленне наступных этапаў: 1. Стварэнне матывацыі для работ над тэматычным блокам; 2. Знаёмства з новымі словамі і выразамі; 3. Стварэнне ўмоў для трывалага засваення новай лексікі і выкарыстання яе ў сітуацыях камунікацыі: а) складанне словазлучэнняў і сказаў; б) завучванне вершаў, скорагаворак, прыказак, прымавак; в) чытанне тэкстаў, дзе ўжываюцца словы па тэме. 4. Выкананне творчых заданняў у межах дадзенай тэмы. Лексічны мінімум вучня пачатковых класаў, на нашу думку, павінен складацца з наступных тэматычных блокаў: – Маўленчы этыкет. – Сям’я. – Наша Радзіма – Беларусь. – Колеры. – Поры года. Месяцы. Тыдзень. – Надвор’е. – Чалавек. Часткі цела. – Школа. – Праца і адпачынак. – Адзенне і абутак. – Посуд. Прыгатаванне ежы. – Дом. Кватэра.Вуліца. – Транспарт. – Звяры. – Птушкі. – Рыбы. – Насякомыя. – Садавіна і агародніна. – Дрэвы. – Ягады. – Ахова прыроды. Паколькі ў гэтым узросце пераважае канкрэтна-вобразнае мысленне, то лексічны матэрыял павінен быць звязаны з тым, што акружае вучня ў рэальным жыцці. У першую чаргу вучні павінны засвоіць тыя словы, якія ім спатрэбяцца ў рэальных гутарковых сітуацыях, словы, якія найбольш часта ўжываюцца ў штодзённай моўнай практыцы. Адным з першых тэматычных блокаў, з якім сутыкаюцца вучні пры вывучэнні беларускай мовы, з’яўляецца так званы “Маўленчы этыкет” (“ветлівыя” словы). У межах яго можна прапанаваць працу над наступнымі словамі: “Дзень добры!”, “Прывітанне!”, “Добрай раніцы!”, “Добры вечер”, “Дабранач!”, “Добрай ночы!”, “Да пабачэння!”, “Да сустрэчы!”, “Дзякуй!”, “Шчыра дзякую!”, “Калі ласка!”, “Няма за што”. Для паспяховага засваення слоўніка па адпаведнай тэме ствараецца шэраг сітуацый, падчас якіх узнікае неабходнасць у чарговы раз звяртацца да патрэбных слоў і выразаў і выкарыстоўваць іх у гутарцы. Разгледзім работу па адным з тэматычных блокаў. 1. Малюнкавая дыктоўка. Кожны вучань атрымлівае аркуш паперы (А 5), дзеліць яго на 4 часткі. Настаўнік называе 4 словы з выбранай тэмы. Вучні малююць пералічаныя прадметы, потым атрымліваюць надрукаваныя назвы і прыклейваюць іх да адпаведных малюнкаў. Калі зрабіць такія дыктоўкі сістэматычнымі, тады за навучальны год можна скласці адпаведны малюнкавы слоўнік. 2. Стварэнне калажаў на пэўную тэму. Кожнай групе прапаноўваецца тэма і спіс магчымых аб’ектаў . Група абмяркоўвае кампазіцыю, выбірае неабходныя матэрыялы і працуе над стварэннем калажа. Апошні этап – прымацаваць назвы да кожнай выявы. Выстава такіх калажаў выконвае ролю эксклюзіўнай нагляднасці і дазваляе вучням паўтарыць новы лексічны матэрыял. 3. Філворды. 4. Скорагаворкі. 5. Загадкі. 6. Лічылкі. 7. Вершы. Яшчэ адна ўмова актыўнага засваення новых слоў вучнямі – выхаванне цікавасці да семантыкі слова, да актывізацыі яго ў маўленні. Паспяховаму ўзбагачэнню слоўніка садзейнічае сістэматычнае і паслядоўнае правядзенне мэтанакіраваных лексічных заняткаў, змест якіх залежыць ад характару лексічнага матэрыялу, падрыхтаванасці класа, а таксама ад мэт і задач, што ставіць перад сабой настаўнік у кожным выпадку. Адным з эфектыўных спосабаў паўтарэння і замацавання вывучаных слоў, фарміравання ўмення разумець асаблівасці іх ужывання, на нашу думку, з’яўляюцца лексіка-семантычныя практыкаванні, якія ўключаюць розныя заданні. 1) практыкаванні на выпрацоўку ўмення раскрываць сэнс слова і ўводзіць яго ў кантэкст: а) растлумачыць значэнне слоў вырай, гарлачык, легенда. Скласці з кожным словам сказы; б) растлумачыць выдзеленыя словы: У сасновым бары зямлю ўсцілае шэрая ігліца. 2) практыкаванні на актывізацыю і пашырэнне слоўніка вучняў па дадзенай тэме: а) запісаць словы па тэме “Школа”; б) разгледзець малюнак і назваць як мага больш “схаваных” там слоў (прапануюцца сюжэтныя малюнкі на пэўную тэму). 3) практыкаванні на развіццё ўмення адрозніваць словы з блізкім значэннем, падбіраць да пэўных слоў сінонімы, замяняць у тэксце тое ці іншае слова словам з блізкім значэннем: а) падабраць да назоўнікаў сінонімы: Асілак – …,…,…, Ахайны-…,…,…. б) падабраць да прыметнікаў словы з блізкім значэннем: Пякучы – …,….,…., Малы – …,….,…., Дужы – ….,….,…., 4) практыкаванні на выпрацоўку ўмення адрозніваць словы з блізкім значэннем ад роднасных: а) знайсці “лішняе” слова: пах, пахучы, водар, пахнуць. б) падабраць да прапанаваных слоў аднакарэнныя; словы з блізкім значэннем: Бяжыць….,….. Ходзіць….,……, Сябар…..,……, 5) практыкаванні на фарміраванне ўмення вызначаць антонімы, правільна ўжываць іх: а) да наступных слоў падабраць словы з супрацьлеглым значэннем. Радасць – …., шум – …., шырокі – … б) выпісаць словы с супрацьлеглым значэннем парамі: Салодкі, святло, далёка, пачатак, кіслы, гаварыць, маўчаць, канец, цемра, блізка, холад, радавацца, гарачыня, сумаваць. Разуменню вуснага і пісьмовага беларускага маўлення, выпрацоўцы арфаграфічных навыкаў спрыяюць наступныя практыкаванні і гульні: “Складзіце алфавіт з назваў птушак”, “Тэлеграма”, “Змяні слова”, “Правільна так і гэтак” і інш. У сваёй практыцы мы часта выкарыстоўваем такую гульню, як “Убранне для сказа”. Настаўнік прапануе “распрануць” сказ, выкінуўшы слова. Сказы падбіраюцца так, каб можна было адкінуць слова ў пачатку, сярэдзіне ці ў канцы сказа. Хлопцы пілуюць бервяно. Экскаватар капае яму. Зранку дзьмуў вецер. Хораша цвітуць вяргіні. Птушаняты жаласліва пішчаць. Ападае жоўтае лісце. Кожны раз настаўнік высвятляе, без якіх слоў нельга абысціся. Ускладніць гульню можна, прапанаваўшы “апрануць” або “пераапрануць” сказ. Звяртаецца ўвага, што чым больш сказ “апрануты”, тым больш поўна ён выказвае думку, тым больш ён дасканалы і завершаны. Ляцяць гракі. Гракі ляцяць у вырай. Восенню гракі ляцяць у вырай. Тата працуе. Тата працуе на заводзе. Тата працуе на трактарным заводзе. Адной з асноўных умоў разумення вучнямі лексічнага значэння слова і актыўнага засваення новых слоў з’яўляецца назіранне за лексічнымі адзінкамі ў кантэксце. Пачаць працу мэтазгодна з практычнага азнаямлення вучняў пачатковых класаў з мнагазначнымі словамі, прамым і пераносным значэннем слова. Выконваючы практычныя заданні, вучні даведваюцца, што словы нашай мовы бываюць адназначныя і мнагазначныя. Адназначнае слова ў любым кантэксце абазначае адзін і той жа прадмет, прымету, дзеянне, напрыклад: сшытак, парта, чырвоная фарба. Мнагазначнае слова ж можа ўжывацца ў прамым і пераносным значэнні. Сэнс яго вызначаецца толькі ў словазлучэнні ці сказе. Напрыклад: Віктар ідзе ў школу. Ідзе кастрычнік залаты палямі і лясамі. Задача лексічнай работы ў дадзеным выпадку заключаецца ў тым, каб вучні маглі па магчымасці дакладна вызначыць, у якім значэнні аўтар ужывае мнагазначнае слова. Напрыклад: Мы жывём на Зямлі (планеце). Маракі ўбачылі зямлю (сушу). Мы любім нашу зямлю (Айчыну). Мнагачначныя словы сустракаюцца ў мове даволі часта. Вучні ведаюць іх, хоць часам і не разумеюць, у якім выпадку слова ўжыта ў сваім асноўным значэнні, а ў якім – у пераносным. Мнагазгачнасць слова можна раскрыць не толькі тлумачэннем яго сэнсу, але і шляхам падбору сіноніма: моцны мароз – вялікі мароз, моцны лёд – тоўсты лёд ці антоніма: свежы хлеб – чэрствы хлеб. Можна вылучыць наступныя віды практыкаванняў з мнагазначнымі словамі: 1. Пошук у сказах слоў, ужытых у пераносным значэнні. Веснавая вада залівае луг. Веснавое сонца залівае горад цеплыней і святлом. 2. Вызначэнне словазлучэнняў, у якіх словы ўжыты ў прамым і ў пераносным значэнні: прачытаць слова, слова падзякі, цвёрдае слова. 3. Складанне двух сказаў са словамі у прамым і пераносным значэнні: гарыць, свеціць, ідзе. 4. Тлумачэнне значэння адных і тых жа слоў у словазлучэннях: чыстая талерка, чыстае поле; гараць дровы, гараць шчокі. Гэтыя практыкаванні дапамогуць дзецям адрозніваць словы з прамым і пераносным значэннем, навучыць правільна ўжываць іх у сваёй мове. Вялікую дапамогу ў вызначэнні сэнсу мнагазначных слоў, у разуменні самой мнагазначнасці аказвае сістэматычная работа над лексічнымі адзінкамі, якія маюць блізкае значэнне (сінонімы), і словамі, якія маюць супрацьлеглае значэнне (антонімамі). На канкрэтных, даступных дзецям прыкладах трэба раскрываць багацце роднага слова, паказваць, што часта ўжывальныя словы могуць выступаць у розных значэннях. Сінонімы з’яўляюцца сродкам узбагачэння слоўнікавага запасу вучняў і дапамагаюць пазбегнуць паўтораў, манатоннасці і аднастайнасці мовы, спрыяюць больш дакладнаму вызначэнню асноўнай думкі тэксту. Падбор слоў з блізкім значэннем выклікае ў вучняў найбольшую цікавасць. Такая работа не толькі ўзбагачае і пашырае слоўнікавы запас вучняў, але і вучыць дакладна выказваць свае думкі. У пачатковых класах заданні на падбор сінонімаў арганічна спалучаюцца з граматычнымі і арфаграфічнымі заданнямі. Тым не менш яны ёсць у падручніках, а пры необходнасці настаўнік можа сам даваць такія заданні. У першым класе зручней за ўсё практыкаваць вучняў у падборы сінонімаў да слоў , якія абазначаюць дзеянне, таму што дзеяслоў вызначаецца багаццем семантыкі і здольнасцю набываць пераносныя значэнні. Сярод дзеяслоў шмат слоў з блізкім значэннем, таму гэта трэба паказваць спецыяльна: да слоў, якія абазначаюць дзеянне прадметаў, падбіраюць словы с блізкім значэннем: дзьме – павявае, імчыць – бяжыць, ходзяць – крочаць. Практыкавацца ў адборы слоў з блізкім значэннем неабходна на матэрыяле звязных тэкстаў. У пачатковых класах не даецца тэарэтычных звестак аб сінонімах, аднак практычная работа з сінонімамі, назіранне над імі фарміруе ў вучняў адпаведнае паняцце. Сістэма практыкаванняў з сінонімамі складаецца з наступных элементаў: а) знаходжанне сінонімаў у сказах, якія чытаюцца, тлумачэнне значэнняў і асабліва адценняў значэнняў, адрознення паміж словамі-сінонімамі; б) падбор сінонімаў, якія могуць служыць заменай дадзенаму слову, і вылучэнне адценняў значэння, адрознення ва ўжыванні; в) актывізацыя сінонімаў, г.зн. выкарыстанне іх у звязнай мове; г) выпраўленне моўных памылак, замена слова іншым, сінанімічным яму і больш дарэчным у дадзеным тэксце. Пры вывучэнні тэмы “Сінонімы” можна выкарыстаць гульню “Вяроўка–змейка”. Яна праводзіцца наступным чынам: на падлозе малюецца вялікі круг, вакол яго садзяцца дзеці. За кругам ходзіць вядучы. Нечакана ён кідае на сярэдзіну круга вяроўку-змейку. Усе бягуць, каб хутчэй на яе стаць. Каму не хопіць месца, той выходзіць з гульні. Вядучы паступова робіць змейку больш кароткай. Але ў гульні можна і застацца, для гэтага трэба выканаць заданне: прывесці прыклады слоў-сяброў і скласці невялічкі тэкст з імі. Дзеці з задавальненнем выконваюць заданні, каб толькі працягваць гуляць. Прыведзеныя гульні прызначаны не для забавы дзяцей, а ў першаю чаргу для развіцця іх ўвагі, лагічнага мыслення, што больш за ўсё важна на ўроках роднай мовы. Праз гульню значна лягчэй зразумець няпростыя законы мовы, а значыць, яе, мову, ведаць, паважаць, любіць, берагчы родную мову. Разуменню значэння слова спрыяе і падпор слоў-антонімаў. Антонімы выкарыстоўваюцца ў мове для стварэння кантрасту, які дае магчымасць больш ярка ўявіць пэўную з’яву ці прадмет, напрыклад: Мір будуе, а вайна руйнуе. Вучэнне - святло, а невуцтва – цьма. Антонімамі могуць быць назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, прыназоўнікі. З імі вучні знаёмяцца практычна, шляхам выканання адпаведных заданняў. Для азнаямлення вучняў з антонімамі зручней за ўсё выкарыстаць словы, якія абазначаюць якасці прадметаў, найбольш выразна паказваюць палярнасць пэўных прымет. Асэнсаваць гэта пад сілу нават дзецям першага класа. Яны без асаблівай цяжкасці падбіраюць словы, якія абазначаюць прымету прадмета: арол вялікі, а верабей маленькі; дарога шырокая, а сцежка – вузкая; лета цёплае, а зіма халодная; маліны салодкія, а журавіны … . Работа з антонімамі можа спалучацца з выкананнем граматычных заданняў. Знаёмячы вучняў з сінонімамі і антонімамі, настаўнік павінен памятаць, што іх трэба падбіраць не да асобна ўзятага слова, а да слова, ужытага ў тэксце. Падагульняючы сказанае вышэй, можна зрабіць наступныя высновы: па-першае, моўнае развіццё школьнікаў ажыццяўляецца пры ўмове, што вучань мае магчымасць актыўна выказвацца на ўроку; па-другое, лексіка засвойваецца больш трывала, калі новыя словы ўводзіць тэматычнымі блокамі; па-трэцяе, актыўнае засваенне новых слоў адбываецца пры выхаванні цікавасці да семантыкі слова, да актывізацыі яго ў маўленні; па-чацвёртае, асноўнай умовай разумення вучнямі лексічнага значэння слова і актыўнага яго засваення з’яўляецца назіранне за лексічнымі адзінкамі ў кантэксце.
|