MediaLex-2013

 

 

 

Лiтвiн Алiна Iгараўна

НАВУЧАННЕ МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНIКАЎ СIНТАКСIСУ ПРАЗ АВАЛОДАННЕ СЛОВАМI-МАДЭЛЯМI

УА "Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна"

 

 

Развіццё маўлення на сінтаксічнай аснове (па методыцы Я.А. Фаiзава [1, 2] дазваляе дзецям спачатку авалодаць больш рэгулярнай, чым у лексіцы, і больш строга акрэсленай сістэмай сродкаў выражэння. Паколькі граматычныя катэгорыі і формы насяць абагульняльны характар, валодаюць рэгулярнай узнаўляльнасцю i могуць  быць прадстаўлены ў выглядзе модуляў, якія даступныя малодшым школьнікам, дзеці атрымліваюць магчымасць па мадэлі канструяваць самастойна сказы.

Трывала асвоеная сінтаксічная мадэль – надзейная база для самастойных вусных выказванняў і дзіцячай славеснай творчасці.

Паколькі малодшыя школьнікі яшчэ не маюць дастатковых ведаў па сінтаксісе, таму навучанне пабудове розных сінтаксічных канструкцый павінна праходзіць практычна. Яго мэта – навучыць вучняў пачатковых класаў будаваць сказы ў адпаведнасці з законамі сінтаксісу, літаратурнымі нормамі, разнастаіць іх структуру, пашырыць памеры, навучыць удасканальваць сказы, дабіваючыся іх дакладнасці і выразнасці.

Для таго каб навучыць дзяцей складаць прыгожыя развітыя сказы, трэба выкарыстоўваць табліцу «Мадэль простага развітага сказа». Пажадана прымацаваць гэтую мадэль на дошцы яшчэ ў пачатку навучальнага года. На табліцы ў рамачках чырвоным колерам запісаны словы-мадэлi, якія сваім абагульненым значэннем (прадметнасць, дзеянне, прымета прадмета і г. д. ) і формай указваюць, якія часціны мовы будуць стаяць на гэтым месцы ў  канкрэтным сказе. Табліцу вучням тлумачыць не трэба, але схема павінна ўвесь час знаходзіцца перад вачыма дзяцей, яны разглядаюць яе, чытаюць, прывыкаюць да яе.

Праз некаторы час настаўнік звяртаецца да мадэлі сказа. Ён гаворыць вучням, што ў беларускай мове шмат розных слоў, але ёсць сярод іх і незвычайныя, асаблівыя  – хто, што, што робіць, які, як (чытаем па схеме ). Гэта словы-мадэлі, словы-памочнікі, яны дапамагаюць нам будаваць сказы. Хто пакажа словы-мадэлі ў рамачках? (Усе разам чытаюць словы-мадэлі.)

Далей дзеці пачынаюць знаходзіць словы, падобныя да слоў хто альбо што. Дзецям прапануецца заплюшчыць вочы і ўявіць, што яны трапілі на луг. Свеціць сонейка, вецер лашчыць твары. Каго можна сустрэць летам на лузе? Чые галасы можна пачуць? Дзеці расплюшчваюць вочы. Настаўнік пытаецца, каго альбо што яны бачылі на лузе. Дзеці называюць: пчала, чмель, аса, мурашка, жук, матылёк, страказа, конік, чарвяк, мышка, перапёлка, карова, каза, авечка, рамонак, званочак, канюшына ...

З прапанаваных слоў выбіраецца адно, напрыклад, чмель. Настаўнік пытаецца, да якога слова-мадэлі яно падобна? (да слова-мадэлі хто). Паўтараецца разам: слова чмель падобна да слова хто (на гэтым этапе на адрозненне памiж словамi  хто і што  не звяртаецца ўвагi, аднак дзеці яго адчуваюць).

На дошцы запісваецца першая літара слова чмель. Слова паўтараецца хорам. Настаўнік пытаецца: Замест якога слова мы падставілі на схеме слова чмель? (Замест мадэльнага слова хто). Такім чынам, па мадэлі сумесна пачынае будавацца сказ. Далей праца ідзе па лінейцы, настаўнік зазначае, што стрэлка прывядзе вучняў да слоў, з якімі сябруе слова хто (чмель). Гэта словы што робіць. Атрымліваецца сказ Чмель што робіць? Ці можна так сказаць? Зразумела, можна. Дзеці прыдумваюць словы, падобныя да слова што робіць. Адказы могуць быць самыя розныя: спявае, гудзе, ляціць, танцуе і г.д. Аддаецца перавага слову танцуе. Праверачнае пытанне: Да якіх мадэльных слоў падобна слова танцуе. На дошцы да першай літары слова чмель дапісваецца першая літара слова танцуе.

Затым высвятляецца, з якім яшчэ словам сябруе слова чмель. Да якіх слоў-мадэляў вядзе стрэлка? (Да слоў які, якая, якое, якія). Якое з іх менавіта падыходзіць да слова чмель? (Які). Па табліцы чытаем сказ: Які чмель танцуе? Вучні падбіраюць словы, падобныя да слова які: маленькі, працавіты, жвавы, смешны, руплівы і г.д. Спыняемся, напрыклад, на слове жвавы. Зноў пытанне: Замест якога слова-мадэлі падставілі слова жвавы. Запіс на дошцы прымае выгляд: ж.ч.т.

Такім чынам, атрымаўся невялікі сказ: Жвавы чмель танцуе. Высвятляецца, якая памылка дапушчана на дошцы? (Першае слова  ў сказе пішацца з вялікай літары). Выпраўляецца памылка.

Зноў звяртаемся да мадэлі сказа. Настаўнік вядзе ўказкай па лініі са стрэлкай уніз ад мадэльных слоў што робіць. З якім словам сябруе слова танцуе? Дзеці чытаюць словы-мадэлі  як, дзе і г. д. Падыходзіць слова  як. Чытаецца сказ: Жвавы чмель танцуе як. Вучні прыдумваюць словы, падобныя да слова як. Атрымліваецца сказ: Жвавы чмель танцуе весела. Да запісу на дошцы дадаецца літара в.

І нарэшце малодшым школьнiкам прапануецца закончыць (дабудаваць) сказ, падабраўшы падобныя словы да мадэльнага над (чым). Жвавы чмель танцуе весела над чым? Вырашаецца, што чмель будзе танцаваць над канюшынай. Запіс на дошцы атрымлівае выгляд: Ж. ч. т. в. н. к. Змадэляваны сказ чытаецца некалькі разоў. Пад каменціраваную дыктоўку аднаго з вучняў сказ запісваецца ў сшыткі.

Пры дапамозе мадэлі сказа дзеці складаюць і запісваюць разнастайныя сказы на любым з урокаў. Мадэляванне сказаў выконвае не толькі функцыі навучання, яно дапамагае дзецям адчуць хараство роднай мовы, яе багацце.

Паступова працу па мадэляваннi можна ўскладняць. Прапануецца скласці сказы з пэўным назоўнікам, дзеясловам. Можна прапанаваць пары слоў, а дзеці па іх з дапамогай схемы складуць сказы . Напрыклад:

Вецер – лісце. Вецер злосна кружыць жоўтае лісце.

Промні – сонца. Гарачыя промні сонца фарбуюць суніцы ў чырвоны колер.

Вада – траўка. Свежая вада поіць зялёную траўку, якую скубе бабульчына карова.

На ўроку, як правіла, мадэлюецца адзін сказ, але ў рабоце над ім павінны ўдзельнічаць усе дзеці, у выніку чаго адпрацоўваецца шмат лексічнага матэрыялу. Варта адзначыць, што такая работа праводзіцца ў хуткім тэмпе.

Каб упэўнiцца ў тым, што дзецi засвоiлi тэму «Словы-мадэлi. Складанне сказаў», намi быў праведзены кантрольны зрэз, у якiм вучням патрэбна было скласці сказы, выкарыстоўваючы табліцу «Мадэль простага развітага сказа».

У ходзе аналізу вынікаў кантрольнага зрэзу было выяўлена, што ўсе дзеці паспяхова справіліся з заданнем. Аднак некаторыя цяжкасці ўсё ж былі: дзеці запісвалі працэс пабудовы сказа, а не канчатковы вынік, гэта значыць сам сказ. Гэтыя вучні не да канца асэнсавалі мэту, якую паставіў перад імі настаўнік, таму ім неабходны індывідуальны падыход.

Такім чынам, праца па сістэме Фаізава Я.А. садзейнічае лепшаму засваенню граматычных паняццяў, выпрацоўцы арфаграфічнага навыку, а сістэматычнае яе выкарыстанне стварае ўмовы для развіцця лагічнага мыслення, вуснага звязнага маўлення, для павышэння маўленчай культуры малодшых школьнікаў.

 

 

 


 

 

 

1. Фаизов, Я.А. Основа обучения русскому языку на основе грамматических моделей / Я.А. Фаизов // Начальная школа. – 1988. – № 12. – С.73–75.

2. Рэўтовіч, Т.С. Навучанне беларускай мове па сістэме Фаізава Я.А. / Т.С. Рэўтовiч // Пачатковая школа. – 1993. – № 9–10. – С. 27–32.

 

 

MediaLex 2013