Марук Аляксандр Iванавiч ФОРМЫ ПРАЦЫ З КАЗКАЙ У ПАЧАТКОВЫХ КЛАСАХ Брэст, УА "Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна"
У малодшым школьным узросце дзеці знаходзяць задавальненне ў тым, што іх думка жыве ў свеце казачных вобразаў. Дзіця можа пераказваць адну і тую ж казку некалькі разоў і кожны раз адкрываць у ёй нешта новае. В.А. Сухамлінскі падкрэсліваў, што казачныя вобразы – гэта першыя крокі ад яркага, канкрэтнага да абстрактнага. «Дзіця добра ведае, што ў навакольным свеце няма ні Бабы Ягі, ні Царэўны Лягушкі, але яно ўвасабляе ў гэтых вобразах дабро і зло і кожны раз, калі расказвае адну і тую ж казку, выказвае свае асабістыя адносіны да добрага і дрэннага» [1, с. 181]. Дзякуючы казцы ў дзiцяцi фарміруюцца першыя ўяўленні пра справядлівасць і несправядлівасць. «Дзякуючы казцы дзіця пазнае навакольны свет не толькі розумам, але і сэрцам», – адзначаў В.А. Сухамлінскі. Яно не толькі пазнае, але і таксама адгукаецца на падзеі і з’явы навакольнага свету, выяўляе свае адносіны да дабра і зла. Гэта адбываецца таму, што ўнушальнасць, якая характэрна для малодшых школьнікаў, дазваляе максімальна прыблізіць славесныя вобразы да рэальнай рэчаіснасці так, што дзеці ў час слухання казкі самі адчуваюць сябе ўдзельнікамі падзей і нават імкнуцца ўздзейнічаць на іх зыход. «Казка не аддзяляецца ад прыгажосці, садзейнічае развіццю эстэтычных пачуццяў, без якіх немагчыма прыхільнасць душы, сардэчная чуйнасць да чалавечага няшчасця, гора, пакуты» [1, с. 181]. Якія ж формы работы з казкай прапануе ўвазе педагогаў В.А. Сухамлінскі? Па-першае, гэта расказванне казкі на прыродзе. Навакольная прырода садзейнічае яе ўспрыманню. «Казка – гэта, вобразна кажучы, агеньчык дзіцячай думкі і мовы. Паказваючы дзецям свет праз зялёную сцяну вінаграднай лістоты, я ведаў, што раскажу ім казку, але не думаў, якую іменна. Адпраўным пунктам для палёту маёй фантазіі былі словы Косці: «Сонейка рассыпае іскрынкі…». Я расказваю казку і адначасова малюю яе: на белым лісце альбома нараджаюцца фантастычныя вобразы…» [1, с. 30]. Такім чынам, кожны дзень прыносіў дзецям адкрыццё ў навакольным свеце. Кожнае новае адкрыццё ператваралася ў новую казку, расказаную В.А. Сухамлінскім або самімі дзецьмі. Адной з найбольш эфектыўных форм арганізацыі мысліцельнай дзейнасці, фантазіі з’яўляецца пакой казкі. В.А. Сухамлінскі пісаў: «Пры дапамозе школьнікаў мы ствараем абстаноўку, у якой дзеці адчуваюць сябе ў свеце казачных вобразаў… Вось жыццё Бабы Ягі – казачная хатка на курыных лапках, побач з хаткай – фігуры казачных перасанажаў: хітрая лісіца, шэры воўк. Вось – сіняе мора-акіян. Я надаю вялікую ролю абстаноўцы. Кожная карціна, кожны наглядны вобраз абвастраюць успрымальнасць мастацкага слова, глыбей раскрываюць ідэю казкі» [1, с. 182]. У той жа час В.А. Сухамлінскі не ўяўляў навучання ў школе не толькі без слухання, але і без стварэння казак. «Стварэнне казак – адзін з самых цікавых для дзяцей відаў паэтычнай творчасці. Разам з тым гэта важны сродак разумовага развіцця» [1, с. 186]. Казка і зараз з’яўляецца адным з любімых дзецьмі жанраў мастацкіх твораў. Пры чытанні казкі і яе аналізе вучні павінны зразумець пададзеныя ў ёй вобразы. У падрыхтоўчай рабоце да чытання трэба падвесці дзяцей да ўсведамлення вобразаў казкi, а часам і да раскрыцця маральнай ідэі ў ёй. Працуючы з казкай любога віду, настаўнік звяртае ўвагу вучняў на характар персанажаў, на матывы іх паводзін і ўчынкаў, вучыць выдзяляць вобразныя словы і выразы. Для таго каб дзеці зразумелі змест казкі, варта паказаць у ёй кантрасты: злога і добрага, дурнога і разумнага. Гэта дае магчымасць з першых крокаў знаёмства з казкай вучыць дзяцей прыёмам элементарнай характарыстыкі дзеючых асоб. Характарыстыка, складзеная на аснове канкрэтных паводзін, учынкаў персанажаў, устанаўлівае ў свядомасці вучняў непарыўныя сувязі паміж словам і паняццем, заключаным у ім. Для развіцця фантазійных уяўленняў і творчых здольнасцяў малодшых школьнікаў пры вывучэннi казак карыснымі з’яўляюцца наступныя прыёмы: 1) казка наадварот. У вядомых ужо казках дзеці мяняюць месцамі галоўных герояў. Злыя персанажы ператвараюцца ў добрых, смелыя становяцца баязлівымі і наадварот. Але гэта не так проста. Дзіця прытрымліваецца сюжэту толькі ў агульных рысах, бо зададзены характар, наадварот, патрабуе новых фрагментаў, новых сюжэтных хадоў. Такія казкі лепш складаць калектыўна, каб выбраць найцікавейшыя варыянты і тут жа іх адрэдагаваць; 2) «салата казак», ці сустрэча герояў некалькіх казак у адной. Гэты прыём сутыкнення герояў розных казак у адной казцы дае шырокія магчымасці выбіраць самыя розныя варыянты працягу дзеяння, бо ў кожнага героя – свой шлях; 3) складанне казкі па апорных словах. Для гэтага прыёму словы могуць быць тэматычна падабраныя або ўзятыя адвольна. Вучні выбіраюць галоўнае слова і знаходзяць сувязі паміж гэтым словам і астатнімі словамі; 4) складанне казкі па: пачатку, развязцы, назве, прыказцы, малюнку. Дзеці складаюць казкі, каб увасобіць у простым сюжэце разуменне дабра і зла. Яны хочуць змяніць свет да лепшага. Формы працы з казкай самыя разнастайныя. Яны могуць рэалiзоўвацца ў працэсе гутаркi па казцы, у выглядзе пытанняў, звернутых да вучняў, у якасцi заданняў, якiя прапануюцца настаўнiкам пасля знаёмства з казкай. Пералiчым прыблiзныя пытаннi i заданнi: 1) ахарактырызуйце таго цi iншага персанажа казкi; 2) растлумачце, чаму адбылася тая цi iншая падзея; 3) прачытайце па асобах дыялогi, выдзяляючы голасам характэрныя асаблiвасцi персанажаў; 4) устанавiце адрозненне памiж словамi i ўчынкамi герояў. Дайце маральную ацэнку гэтаму разыходжанню; 5) адзначце выкарыстанне ў казцы прыказак, прымавак; 6) ахарактарызуйце танальнасць маўленння таго цi iншага героя, адпаведнасць iнтанацыi яго думкам i ўчынкам; 7) падумайце, як i чаму змянiўся характар героя казкi i iнш. Настаўнік пры вывучэннi казак можа выкарыстоўваць наступныя віды работы: выразнае чытанне з далейшым абмеркаваннем варыянтаў чытання, графічнае ілюстраванне, славеснае маляванне карцін, творчы пераказ, чытанне па ролях, драматызацыю і гэтак далей. Славеснае маляванне ні ў якім разе не павінна ператварацца ў пераказ тэксту. Мэта славеснага малявання – прыблізіць да дзіцяці вобразы твора, уключыць дзіцячае ўяўленне. Абмяркоўваючы карціну, што намалявалі фантазіяй, настаўнік павінен запытаць у дзяцей, па-першае, што будзе намалявана, па-другое, як будуць размяшчацца ўсе аб’екты на карціне, а па-трэцяе, якія фарбы будзем выкарыстоўваць для карціны. Такая праца прывучае дзяцей трэніраваць фантазію, абвастрае ўвагу да слова, паглыбляе чытацкія ўражанні. Творчы пераказ дапускае перадачу зместу з якімі-небудзь зменамі. Напрыклад: прыдумаць, што магло адбывацца далей; памяняць месцамі герояў, уявіць, што дзеянні ў творы адбываюцца ў іншы час і гэтак далей. Такія практыкаванні трэніруюць гібкасць чытацкага погляду, прывучаюць дзяцей бачыць пазіцыі розных герояў, спачуваць ім. «Самым складаным, але і самым цікавым прыёмам арганізацыі творчай дзейнасці вучняў з’яўляецца драматызацыя ва ўсіх яе формах: чытанне па ролях, пантаміма, пастаноўка жывых карцін і драматызацыя. Пантаміма дапамагае праз рух усвядоміць і растлумачыць змест і форму твора. Жывая карціна дае магчымасць прадумаць мізансцэну, палажэнне дзеючых асоб, што выражаюць вызначаны стан кожнага героя» [2, с. 157]. Праца, што пачынаецца на ўроку, можа быць працягнута і па-за яго межамі. У пазаўрочны час могуць быць арганізаваны конкурсы чытальнікаў, работа па стварэнні дыяфільмаў, напісанне сцэнарыяў па творы. Драматызацыя можа стаць цiкавым і карысным мерапрыемствам для ўсяго класнага калектыву. Кожны вучань мае тут магчымасць праявіць сябе і ўдзельнічаць у сумеснай рабоце: патрэбны будуць сцэнарысты, рэжысёры, мастакі, акцёры і гэтак далей. Калі дзяцей зацікавіць такая дзейнасць, то яна можа стаць пачатковай прыступкай для арганізацыі і працы школьнага тэатра.
1. Сухомлинский, В.А. Сердце отдаю детям / В.А. Сухомлинский. – Минск : Народная асвета, 1981. – 288 с. 2. Львов, М.Р. Методика преподавания русского языка в начальных классах : учебное пособие / М.Р. Львов, В.Г. Горецкий, О.В. Сосновская. – М. : Издательский центр «Академия», 2002. – 464 с.
|