MediaLex-2015

 

 

Кісель Вольга Васільеўна

Камунікатыўна-арыентаваныя заданні
на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах 
як спосаб рэалізацыі камунікатыўнай кампетэнцыі

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

 

Фарміраванне камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца актуальнай праблемай, рашэнне якой важна як для кожнага канкрэтнага чалавека, так і для грамадства ў цэлым. Менавіта ў сферы камунікацыі чалавек ажыццяўляе і свае прафесійныя, і асабістыя планы. Тут ён атрымлівае пацвярджэнне свайго існавання, падтрымку і спачуванне, дапамогу ў рэалізацыі жыццёвых планаў і патрэбаў.

Камунікатыўная кампетэнцыя – гэта здольнасць і рэальная гатоўнасць да зносін адпаведна мэтам, сферам і сітуацыям зносін, гатоўнасць да маўленчага ўзаемадзеяння і ўзаемаразумення. Яе складнікамі з’яўляюцца веды аб моўназнаўчых паняццях і камунікатыўныя ўменні рэпрадуктыўнага і прадуктыўнага ўзроўняў. Гэта ўменні свядома адбіраць моўныя сродкі для ажыццяўлення зносін у адпаведнасці з маўленчай сітуацыяй; адэкватна разумець вусную і пісьмовую мову, ствараць уласныя звязныя выказванні рознай жанрава-стылістычнай і тыпалагічнай прыналежнасці.

Камунікатыўная кампетэнцыя, на думку А.І. Літнеўскай, прадугледжвае авалоданне ўсімі відамі маўленчай дзейнасці і асновамі культуры вуснай і пісьмовай мовы, базавымі ўменнямі і навыкамі выкарыстання мовы ў жыццёва важных для данага ўзросту сферах і сітуацыях зносін [1, с. 345 ]. М.Б. Успенскі канкрэтызуе веды, якiя ўключаюцца ў камунікатыўную кампетэнцыю: гэта засвоеныя звесткі пра выкарыстанне ў маўленчых зносінах аспектных адзінак мовы (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў і г.д.), пра адрознннне іх з мэтай правільнага выкарыстання ў мове. Гэта тыя веды, якія даюцца ў форме правілаў, прыёмаў адрознівання і выкарыстання адзінак мовы, розных інструкцый і рэкамендацый па функцыянаванні мовы ў маўленчых зносінах [2, с. 39]. Як своеасаблівы сінтэз змястоўнага напаўнення тэрміна камунікатыўная кампетэнцыя ўспрымаецца азначэнне, якое належыць М.Р. Львову. У слоўніку-даведніку па методыцы выкладання рускай мовы ён піша: «Камунікатыўная кампетэнцыя – тэрмін, які азначае веданне мовы (роднай і няроднай), яе фанетыкі, лексікі, граматыкі, стылістыкі, культуры мовы, валоданне гэтымі сродкамі мовы ў межах сацыяльных, прафесійных, культурных патрэб чалавека. Камунікатыўная кампетэнцыя – адна з найважнейшых характарыстык моўнай асобы, якая набываецца ў выніку натуральнай маўленчай дзейнасці і ў выніку спецыяльнага навучання» [3, с. 92–93].  Вышэйадзначаныя меркаванні навукоўцаў пра змест паняцця камунікатыўная кампетэнцыя дазваляюць зрабіць вывад: тэарэтычную аснову  камунікатыўнай кампетэнцыі ўтвараюць камунікатыўна-значымыя веды пра сістэму мовы, пра віды маўленчай дзейнасці, пра асаблівасці функцыянавання адзінак мовы; практычным складнікам з’яўляюцца маўленчыя ўменні ў рэцэптыўных (слуханне і чытанне ) і прадуктыўных (маўленне і пісьмо) відах маўленчай дзейнасці.

Камунікатыўная кампетэнцыя – дасведчанасць вучняў у асаблівасцях функцыянавання роднай мовы ў вуснай і пісьмовай формах – рэалізуецца ў працэсе вырашэння наступных практычных задач :

                        фарміравання трывалых арфаграфічных і пунктуацыйных уменняў і навыкаў (у межах праграмных патрабаванняў);

                        авалодання нормамі беларускай літаратурнай мовы і ўзбагачэння слоўнікавага запасу і граматычнага ладу вучняў;

                        навучання школьнікаў уменню звязна выкладаць свае думкі ў вуснай і пісьмовай формах.

Паспяховая камунікатыўная дзейнасць спрыяе фарміраванню камунікатыўнай асобы, якая імкнецца да максімальнай рэалізацыі сваіх магчымасцяў, адкрытая для ўспрымання новага вопыту, здольная на свядомы і адказны выбар у розных жыццёвых сітуацыях, валодае нормамі літаратурнай мовы, здольная свабодна выказваць свае думкі і пачуцці ў вуснай і пісьмовай формах, захоўваць этычныя нормы зносін, умее вырашаць моўнымі сродкамі камунікатыўныя задачы ў розных сферах і сітуацыях зносін. Таму задача фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі з’яўляецца сёння адной з галоўных задач пачатковай школы і першую чаргу ўрокаў беларускай  мовы і літаратурнага чытання.

Якое ж значэнне камунікатыўнай кампетэнцыі для малодшага школьніка: па-першае , яна ўплывае на вучэбную паспяховасць; па-другое, ад камунікатыўнай кампетэнцыі шмат у чым залежыць працэс адаптацыі дзіцяці ў школе, у прыватнасці яго эмацыйны дабрабыт у класным калектыве. Калі яно лёгка знаходзіць агульную мову з аднакласнікамі, то адчувае псіхалагічны камфорт. І наадварот, няўменне кантактаваць з навакольнымі звужае кола сяброў, выклікае адчуванне непрыняцця, а ў далейшым можа правакаваць асацыяльныя формы паводзін.

Камунікатыўная кампетэнцыя прадугледжвае валоданне ўсімі відамі маўленчай дзейнасці, культурай маўленчых паводзін; уключае веданне асноўных моўных паняццяў, сістэму камунікатыўных уменняў, сярод якіх галоўнымі з’яўляюцца ўменні і навыкі маўленчых зносін у дачыненні да розных сфер, сітуацый зносін, з улікам адрасата, стылю.

Садзейнічае фарміраванню камунікатыўнай кампетэнцыі выкананне на ўроках беларускай мовы камунікатыўна-арыентаваных заданняў.

Да камунікатыўна-арыентаваных заданняў можна аднесці вылучэнне  галоўнай думкі тэксту.

Вылучыць галоўную думку – гэта значыць усвядоміць яе ў тэксце, абстрагавацца ад канкрэтнага ўвасаблення і ацаніць ступень яе значнасці. Найбольш ясна гэта выяўляецца ў прыказках – каштоўным культурным фондзе кожнага народа.

Заданне:

1. Растлумачце сэнс прыказак.

Прыказкі: Вочы – люстэрка душы. У сваім балоце і жаба спявае.

2. Выразіце змест тэксту 1–2 сказамі.

Сказы: Па выразе вачэй можна даведацца аб характары чалавека.

Дома, як на радзіме, жывецца лягчэй, весялей, чым у чужым краі.

Балбатлівы чалавек не бывае разумным.

3. Прыдумайце для тэксту такую назву, каб у ім адбілася галоўная думка, выкарыстоўваючы прыказку .

4. Закончыце думку, якая выражаецца ў тэксце:

З начнога промыслу вяртаецца стомлены зайчык. Шмат ворагаў у маленькага зайчыка. Ганялася за ім хітрая лісіца, палохаў страшны пугач, лавіла рысь-разбойніца. Ад усіх ворагаў уцёк маленькі зайчык.

Прагназаванне.

Заданні.

1. Аднавіце зніклыя з тэксту словы, запоўніце пропускі ў тэксце :

Я люблю вясну з ручаямі,

...(Лета) з яркімі кветкамі,

...(Восень ) з ласкавым дажджом,

...(Зіму ) з горкай і катком.

2. Прыдумайце і напішыце верш пра зіму, выкарыстоўваючы прапанаваныя словы для рыфмоўкі :

... Сняжынкі

... На сцежцы

... У ракі

... Куткі

... Дома

... Зіма.

3. У якіх словах жыве рак?

... Рак; рак ...

4. У якіх словах схаваліся ноты?

... Мі ... ; рэ ... ; да ...

5. Запішыце словы, дзе схаваліся лікі.

Напрыклад: трызубец, адзінокі, атрыбут, стол, семя.

6. Знайдзіце словы,  у якіх сустракаецца слова ток?

Напрыклад : мяшок, малаток, грыбок, паток (вады), глыток.

7. Збярыце рассыпаныя часткі тэксту:

Часам могуць есці яйкі, дробных яшчарак, птушанятаў.  Пры неабходнасці яны могуць скочыць з вяршыні высокага дрэва на зямлю. Большасць з іх мае вялікія пухнатыя хвасты. Звычайная вавёрка можа быць рудой, папялістай і амаль чорнай.  Вавёркі лёгка скачуць з галінкі на галінку, з дрэва на дрэва. Вавёркі ядуць арэхі, грыбы, ягады, садавіну. Вавёркі жывуць на дрэвах.

8. Прапануецца некалькі кароткіх апавяданняў. Закончыце апавяданні, праявіўшы знаходлівасць і дасціпнасць.

Патрэбна вучыць малодшых школьнікаў працаваць з загалоўкам. Першы крок да засваення ідэі – апрацоўка загалоўка ў думках. Працуючы з загалоўкам, дзеці вучацца «прагназаваць» падзеі, апісаныя ў тэксце.

Загаловак настройвае на наступны дыялог з тэкстам, падчас якога адбываецца разуменне зместу і яго галоўнай думкі. Настаўнік задае пытанне :

– Як вы думаеце, пра што пойдзе гаворка, мяркуючы па назве тэксту?

Такім чынам, загаловак дае магчымасць зразумець аўтарскую думку, сэнс тэксту і аўтарскую задуму .

9. Успомніце загалоўкі:

– якія выказваюць галоўную думку твора;

– якія сфармуляваны ў форме пытання;

– якія перадаць эмацыйны стан аўтара;

– якія абазначаюць месца, час дзеяння або імя аўтара.

10. Вызначце, пра якую кнігу пойдзе гаворка:

– гісторыя пра тое, як гаспадар сабакі па загадзе пані ўтапіў яе;

– казачная гісторыя пра дзяўчынку з кветкавага чыгуна, якой ластаўка дапамагла  знайсці шчасце.

11. Прывядзіце прыклады вядомых вам літаратурных твораў і растлумачце, чаму аўтар менавіта так назваў свой твор.

Дыялог з тэкстам.

1. Пагутарыце з тэкстам. Пасля чытання кожнага сказа рабіце прыпынак, каб задаць тэксту пытанне і прыдумаць адказ. Прачытайце тэкст цалкам.

2. Аўтар даў гэтаму тэксту назву ў форме пытання. Прачытайце тэкст і скажыце, якая гэта можа быць назва. З кім з герояў ты згодны або ў цябе ёсць сваё меркаванне.

3. Прачытайце тэкст. Якія пытанні ўзнікаюць пры чытанні тэксту? На якія з іх можна знайсці адказы ў тэксце, а на якія іх няма?

4. У гэтым тэксце схавалася адно, але вельмі важнае пытанне. Важнае, таму што ўвесь тэкст адказвае на гэтае пытанне. Прачытайце тэкст і знайдзіце самае галоўнае пытанне.

Уключэнне ўяўлення.

1. Пры чытанні тэксту ўявіце сабе, што вы гледзіце мультфільм. Якімі сцэнамі вам хацелася б дапоўніць гэты тэкст, калі б прыйшлося ствараць мультфільм?

2. Пастарайся ўбачыць карціну, апісаную ў тэксце. Якія пытанні ў вас паўсталі? Падумайце, дзе знаходзіўся чалавек, які адлюстраваў гэтую карціну (Тэксты аб прыродзе).

3. Што вас усхвалявала ў вершы? Паспрабуйце намаляваць гэта. Прыдумайце сваю гісторыю на гэтую тэму.

5. Перабудуйце адзін  сказ у цэлае апавяданне.

6. Закончыце апавяданне.

Праца над сачыненнем.

1. Творчае сачыненне па малюнку. Вучням дэманструецца малюнак, у тым ліку сюжэтны. Прапануецца ўявіць сабе і расказаць класу даную сітуацыю. У якасці аб’екта выбіраецца любы герой, жывёла і нават прадмет. Трэба прыдумаць развіццё сюжэта, а таксама яго фінал.

2. Вольнае сачыненне. Заключаецца ў тым, што вучню даецца поўная свабода складаць апавяданне. Гэтаму не вучаць спецыяльна, але садзейнічаць самастойнаму складанню неабходна. Падрыхтоўкай з’яўляецца практыкаванне на пераказ.

3. Сачыненні на тэмы мастацкіх твораў. Вядома, што дзеці з вялікім задавальненнем уяўляюць сябе ў сітуацыях, у якія трапляюць іх любімыя героі, прыпісваюць сабе іх дзеянні, творча пераасэнсоўваючы прыгоды.

Методыка навучання такому сачыненню простая: вучню прапануецца пераказаць пэўны эпізод казкі або апавяданне  ад сваёй асобы, быццам усё гэта адбылося з ім.

Такім чынам, настаўнік падчас урокаў беларускай мовы павінен абавязкова выкарыстоўваць камунікатыўна-арыентаваныя заданні, якія спрыяюць фарміраванню ў малодшых школьнікаў камунікатыўнай кампетэнцыі.

 

 


 

 

1. Литневская, Е. И. Методика преподавания русского языка в средней школе : учебное пособие для студентов высших учебных заведений / Е. И. Литневская, В. А. Багрянцева. – М. : Академический проект, 2006. – 590 с.

2. Успенский, М. Б. Курс современного русского языка в педагогическом вузе : учебно-методическое пособие / М. Б. Успенский. – Воронеж : Издательство НПО «МОДЭК», 2004. – 190 с.

3. Львов, М. Р. Словарь-справочник по методике преподавания русского языка : пособие для студентов педагогических вузов и колледжей /М. Р. Львов. – М., 1999. – 271 с.

 

 

  

MediaLex 2015