MediaLex-2015

 

 

 

Крофта Ганна Уладзіміраўна

КАНКУРЭНЦЫЯ СЛОВАЎТВАРАЛЬНЫХ СРОДКАЎ
ПРЫ ЎТЫВАРЭННІ АГЕНТЫВАЎ І ЯЕ АДЛЮСТРАВАННЕ
НА СТАРОНКАХ БЕЛАРУСКАМОЎНАГА ІНТЭРНЭТУ

 Гродна, УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

 

На старонках перыядычнага друку, а тым больш беларускамоўнага інтэрнэту (так званага байнэту), заўважная канкурэнцыя двух стандартаў беларускай мовы. На гэта ўжо звярталі ўвагу даследчыкі. У прыватнасці, дадзеная праблема разглядаецца ў артыкуле І.Клімава «Два стандарты беларускай літаратурнай мовы», дзе, між іншым, зазначаецца, што некаторыя мовы, як і беларуская, маюць некалькі «стандартаў», і гэта абсалютна не перашкаджае ім выконваць функцыі нацыянальных моў [1].

У сучаснай беларускай мове, якая развіваецца, жыве, з’яўляючыся сродкам зносін, інструментам і крыніцай літаратурнай творчасці, адбываюцца істотныя змены. Адначасова суіснуюць тэндэнцыя да вяртання нормаў «тарашкевіцы» (хоць, фактычна, кожны моўнік стварае сваю ўласную яе версію, бо класічную «тарашкевіцу» цяжка прыстасаваць для патрэбаў сучасных зносін) і тэндэнцыя да захавання «наркамаўкі» як стабільнага, унармаванага варыянта мовы, зарыентаванага, аднак, на рускі ўзор. У савецкі ж час беларуская мова зведвала значны ўплыў рускай мовы, у тым ліку і ў словаўтварэнні. Калі змяняецца лексічны запас мовы, напрыклад, запазычваецца лексема, гэта не так істотна ўздзейнічае на сістэму мовы ў цэлым, як тады, калі запазычваецца словаўтваральная мадэль, што адразу выклікае «ланцуговую рэакцыю» і ўплывае на розныя ўзроўні моўнай сістэмы. Шырока вядомае выказванне мовазнаўцы, пісьменніка, грамадскага дзеяча Язэпа Лёсіка, што мова не так псуецца чужой лексікай, як чужой граматыкай. На сучасным жа этапе, як падкрэслівае В.І. Уласевіч, у беларускай мове актыўна замяняюцца лексічныя адзінкі, агульныя з рускай мовай, неалагізмамі альбо польскімі і ўкраінскімі запазычаннямі [2, л. 7].

Такім чынам, натуральна, што пры існаванні супрацьлеглых тэндэнцый «масавы характар набываюць адхіленні ад нормы ў галіне словаўтварэння і словаўжывання», што «прыводзіць да ўзнікнення варыянтнасці і да актыўнага выкарыстання розных лексічных і словаўтваральных сродкаў для выражэння аднаго значэння» [2, л. 1].

Таму сёння асабліва важна вызначыць адметнасці беларускай мовы, якія найбольш выразна выяўляюцца ў супастаўленні з асаблівасцямі блізкароднасных моў.

У артыкуле мы звернем увагу на агентывы (агентыўныя асабовыя найменні, найменні асобы паводле дзейнасці), на з’яву канкурэнцыі некаторых фармантаў, пры дапамозе якіх яны ўтвараюцца, і супаставім іх з найменнямі іншых славянскіх моў: рускай, украінскай і польскай. Прывядзём таксама прыклады выкарыстання агентываў з рознымі фармантамі на старонках беларускамоўнага інтэрнэту.

Першая апазіцыя – суфіксы -нік і -шчык, якія ўдзельнічаюць у дэрывацыі асабовых агентываў і канкуруюць паміж сабой. У тарашкевіцы суфікс -нік- рэгулярна выступаў на месцы запазычанага пазней з рускай мовы фарманта -чык-/-шчык-. Дарэчы, менавіта суфікс -шчык Ю. Пацюпа назваў «найстрашнейшым моўным вірусам», які распаўсюдзіўся ў савецкі час і наблізіў беларускую мову да рускай [3]. Сапраўды, паводле Г.А. Арцямёнка, функцыя ўтварэння прафесійных назваў асобы раней была характэрнай для суфікса -нік (-льнік), і ў ХІХ стагоддзі сярод дэрыватаў з ім «самую вялікую семантычную групу складаюць назвы асобы паводле прафесіі альбо занятку…» [4, л.14]. Г.А. Арцямёнак адзначае, што -нік быў больш прадуктыўны ў ХІХ стагоддзі, чым -шчык.

Параўнаем з сучаснай украінскай мовай, дзе суфікс -ник рэгулярна выкарыстоўваецца ва ўтварэнні як прафесійных, так і непрафесійных асабовых найменняў. У супрацьлегласць рускай  мове, дзе прадуктыўнасць фарманта -шчык абумоўлена распаўсюджанасцю назоўнікаў на -к-а (якія перайшлі і ў беларускую мову), ва ўкраінскай ужыванне -ник (-льник) «падтрымліваецца» назоўнікамі на -нн-я: расфасовка – розфасовування, расформировка – розформування.

У сучаснай жа беларускай мове -нік рэгулярны толькі ў дэрывацыі непрафесійных намінацый, што сведчыць пра аддаленасць тэрміналагічных намінацый ад агульнаўжывальнай лексікі, пра спецыфікацыю дэрывацыйных мадэлей і фарміраванне беларускай тэрмінасістэмы на ўзор рускай («манаполія» запазычанага фарманта -шчык). Ва ўтварэнні ж нетэрміналагічных асабовых агентыўных найменняў у беларускай мове актыўна выкарыстоўваецца, як і ва ўкраінскай мове, -нік.

Аднак, хоць сістэмы беларускай і ўкраінскай моў вельмі блізкія, паміж імі існуюць і адрозненні. Ю. Пацюпа зазначае: «З задавальненьнем хацеў бы зацеміць, што ўкраінская мова не паддалася наступу гэтых суфіксаў-«чык-ацілаў». Асноўнай альтэрнатывай суфіксам -чик, -щик ва ўкраінскай мове стаў суфікс -ач-ник ). У нас -ач шырока ўжываецца, але ягоная функцыя сэмантычна й стылёва абмежаваная. Я б ня раіў ад малпаваньня расейскае мовы пусьціцца ў малпаваньне ўкраінскае мовы» [4]. Сапраўды, -ач распаўсюджаны, побач з -ник, ва ўкраінскай мове, як і -acz у польскай мове.

Такім чынам, фармант -нік (-льнік) можа ўспрымацца як спецыфічны беларускі словаўтваральны сродак, чым і выклікана яго распаўсюджанне ў сучасным байнэце, замена ім фарманта -шчык. Напрыклад, на сайце факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ выкарыстоўваюцца тэрміны выкладнік, загаднік кафедры замест агульнапрынятых выкладчык, загадчык кафедры [5]. Цяжка прагназаваць, ці прыжывуцца такія ўтварэнні, ці будуць яны прынятыя ўсімі моўнікамі. Напрыклад, беларуская пісьменніца, літаратуразнаўца, крытык Аксана Чарнякевіч (Бязлепкіна) у каментарах у сваім блогу зазначае: «То бок вам таксама не падабаецца слова "выкладнік"?» Яе суразмоўца філолаг Сяргей Сматрычэнка адказвае: «Ні выкладнік, ні перакладнік... Пасталеў – зрабіўся кансерватарам» [6]. Далейшы лёс падобных утварэнняў канчаткова вызначыцца толькі ў практыцы іх ужывання носьбітамі беларускай мовы.

Другая апазіцыя – фарманты -нік і -цель.

Суфікс -цель (-тель, -ciel) непрадуктыўны ва ўсіх усходнеславянскіх і польскай мовах, але рэгулярны ў польскай мове і ў рускай. Распаўсюджанне суфікса -тель у рускай мове навукоўцы звязваюць з паўднёваславянскім уплывам альбо лічаць, што -тель захаваўся ў рускай мове з індаеўрапейскай. У польскай жа мове паўднёваславянскі ўплыў не быў інтэнсіўным, хоць ён існаваў (у прыватнасці, праз чэшскую мову, якая пераняла некаторыя паўднёваславянскія рысы). Верагодна, -ciel захаваўся дзякуючы неперарыўнай кніжнай традыцыі: літаратурныя польская і руская мовы ствараліся на кніжнай аснове, тады як беларуская і ўкраінская грунтуюцца на народна-дыялектных гаворках, у якіх стылістычна маркіраваны фармант не выкарыстоўваўся.

У беларускую і ўкраінскую мовы суфікс -цель (-тель) быў запазычаны з рускай у 30-я гады і пазней, але відавочная тэндэнцыя да замены гэтага суфікса фармантамі -нік(-ник). Канкурэнцыя гэтых словаўтваральных сродкаў таксама выклікае спрэчкі і абмеркаванні на старонках беларускамоўнага інтрэнэту. У прыватнасці, блогер Беларуская мова пытаецца, як правільна перкласці слова озеленитель, і атрымлівае розныя адказы: азеляніцель і азеляняльнік [7].

З суфіксам -цель канкуруюць і фарманты -ец, -ц-а, якія актывізаваліся ў тым ліку і пад уплывам польскай мовы. Да прыкладу, карыстальнікі байнэту ужываюць як назоўнік выхавацель (параўнальна рэдка), так і выхавальнік, а таксама і выхаваўца. Напрыклад, блогер пад нікнэймам Палівач адказвае Адаму Глобусу на форуме сайта litara.net: «Я не выхавацель, я выхавальнік» [8].

У той жа час для чалавека, які не карыстаецца беларускай мовай у штодзённым жыцці і не мае выпрацаванай на падставе тэарэтычнага і практычнага досведу пазіцыі, не заўсёды заўважная канкурэнцыя пералічаных словаўтваральных сродкаў. Намі было праведзена апытанне сярод студэнтаў 1-2 курсаў педагагічнага факультэта УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы». Ім было прапанавана выбраць варыянт, які ім падаецца больш адпаведным сістэме беларускай мовы: даследчык – даследнік; субяседнік – размоўца, суразмоўца; вучоны – навуковец – навукоўца; хрысціцель – хрышчэннік; шчаслівец –  шчасліўчык; збавіцель – збаўца; падманшчык – ашуканец; пакарыцель – пераможца; паказнік – паказчык; дарадчык – дарадца, дараднік; лакіроўнік – лакіроўшчык, лакавальнік; аддзяліцель – аддзяляльнік; выхавацель – выхавальнік, выхаваўца; азеляніцель – азеляняльнік; вадзіцель – кіроўца; праектавальнік – праекціроўшчык; газазварнік – газазваршчык; перавознік – перавозчык; сартавальнік – сарціроўшчык; замоўнік — заказчык; закупнік — закупшчык;  падказнік — падказчык; перавознік — перавозчык; выканаўца — выканавец;  выкладнік — выкладчык; даследнік  даследчык. 

Зразумела, апытанне праводзілася ў рускамоўнай аўдыторыі, і на выбар моцна паўплывалі словаўтаральныя нормы рускай мовы. Прыярытэты студэнтаў размеркаваліся наступным чынам:

1) -шчык – 92,2 %; -нік – 7,8 %;

2) -цель – 59,5 %; -нік (-льнік) – 40, %;

3) -цель – 53,2 %; -ец, -ц-а – 46,8 %.

Рэспандэнты найчасцей выбіралі тое, што зразумела і звыкла, што ёсць і ў рускай мове, асабліва ў апазіцыі -шчык/-нік. У той самы час яны інтуіцыйна адчувалі нехарактэрнасць для беларускай мове фарманта -цель.

Упэўненыя, выбар быў бы іншым у беларускамоўным асяродку.

Такім чынам, наяўнасць канкурэнцыі паміж словаўтваральнымі мадэлямі сведчыць пра зацікаўленасць карыстальнікаў байнэту нормамі беларускай мовы, пра пошук найлепшых словаўтваральных сродкаў, што цалкам натуральна ў сучаснай сітуацыі, калі варыянт мовы, атрыманы «ў спадчыну» з савецкіх часоў, не можа задавальняць моўнікаў і патрабуе пэўнай карэкцыі.

 

 


 

1. Клімаў, І. Два стандарты беларускай літаратурнай мовы / І. Клімаў // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://mab.org.by/materyjaly/
publikacyi/dva-standarty-bielaruskaj-litaraturnaj-movy
– Дата доступу : 15.03.2015.

2. Уласевіч, В.І. Лексічныя працэсы ў беларускай мове 90-х гадоў ХХ ст. : дыс. ... канд. філал. навук : 10.02.01 / В.І. Уласевіч. – Мінск, 2002. – 167 л.

3. Пацюпа, Ю. Найстрашнейшы моўны вірус! / Ю. Пацюпа // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://paciupa.livejournal.com/4773.html – Дата доступу : 15.03.2015.

4. Артемёнок, Г.А. Становление словообразовательной микросистемы имён существительных в современном белорусском языке (по данным лексикографии ХІХ-ХХ веков) : дис. … канд. филол. наук : 10.02.02 / Г.А. Артемёнок. – Минск, 1988. – 216 л.

5. Склад выкладнікаў кафедры сістэмнага аналізу і камп’ютарнага мадэлявання // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://www.rfe.by/by/chairs/sis/staff – Дата доступу : 15.03.2015.

6. Маўленне і міміка: дынаміка ўзаемадачыненняў з Башоргам // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://euga.livejournal.com/91539.html?thread=1574291 – Дата доступу: 14.03.2015.

7. Беларуская мова (профіль карыстальніка) // [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://by_mova.livejournal.com/525762.html – Дата доступу : 15.03.2015.

8. Глёбусаўскія сучаснікі [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://litara.net/forum/129/all – Дата доступу : 12.03.2015.

 

MediaLex 2015