MediaLex-2015

 

 

 

Лойка Марына Іосіфаўна

ШЛЯХІ І НАПРАМКІ РАЗВІЦЦЯ СЛОЎНІКА МАЛОДШЫХ ШКОЛЬНІКАЎ
ПРЫ ДАПАМОЗЕ ІНФАРМАЦЫЙНА-КАМУНІКАТЫЎНЫХ ТЭХНАЛОГІЙ

 Гродна, УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

 

 

Папаўненне слоўнікавага запасу адбываецца на працягу ўсяго жыцця чалавека. Неабходнасць узбагачэння слоўніка асабліва востра адчуваецца ў школьным узросце, калі дзеці знаёмяцца з мастацкімі творамі, пашыраюць свае веды пра навакольную рэчаіснасць, авалодваюць асновамі навук.

Падкрэсліваючы важнасць лексічнай работы на пачатковым этапе навучання, М.С. Раждзественскі адзначае: «Слоўнікавая работа заслугоўвае не меншай да сябе ўвагі, чым чыста граматычная: яна патрэбна і для засваення навыкаў, і для разумовага развіцця, і для разумення многіх граматычных з’яў» [1, с. 93–94].

Лексічная работа ўключае ў сябе і тлумачэнне незразумелых слоў, і назіранне за словам у кантэксце, і раскрыццё сэнсу слова. Яна ў пачатковых класах вядзецца паралельна з вывучэннем граматыкі і правапісу і носіць практычную накіраванасць. Ніякіх тэарытычных звестак з лексікалогіі не даецца. Для таго каб з самага пачатку правільна арганізаваць лексічную работу ў класе, настаўніку трэба дакладна ведаць слоўнікавы запас дзяцей, з якімі ён будзе працаваць, бо слоўнікавы запас з’яўляецца важным паказчыкам інтэлектуальнага развіцця школьніка. У працэсе слоўнікавай работы неабходна дабіцца не толькі разумення слоў, але і навучыць дзяцей ужываць гэтыя словы ў сваёй мове.

Галоўнай крыніцай папаўнення слоўніка вучняў з’яўляецца мова настаўніка і лексіка вучэбных кніг. Адсюль зразумела, якую важную ў плане ўзбагачэння мовы школьніка ролю адыгрывае падбор дыдактычнага матэрыялу для падручніка граматыкі і правапісу.

Спецыяльнае даследаванне паказала, што слоўнік дашкольніка (перад яго прыходам у школу) складаецца з трох-чатырох тысяч слоў. Можна смела сцвярджаць, што ў адносінах вучняў вясковых школ гэта лічба яўна завышана. Таму, адбіраючы для першага класа дыдактычны матэрыял па лексіцы, трэба ўводзіць перш за ўсё словы, якія найчасцей ужываюцца ў мове (назвы розных прадметаў, з’яў прыроды, дзеянняў, прымет) і семантыка якіх знаёма дзецям. У прыватнасці, пераважную большасць слоў павінны складаць агульныя назоўнікі: назвы жывёл (мядзведзь, дзік, зубр, вожык), птушак (верабей, шпак, дзяцел), насякомых (камар, пчала, чмель), назвы роднасці і сваяцтва (мама, тата, стрыечныя брат або сястра), прафесій (настаўнік, доктар, вадзіцель), пораў года і месяцаў (вясна, снежань, жнівень), назвы раслін (валошкі, елка, таполя), з’яў прыроды (навальніца, сонейка, вецер, дождж), прылад працы (апалонік, нажніцы, долата), інструментаў (абцугі, малаток, разак), мэблі (шафа, ложак, канапа), посуду (талерка, лыжка, сподак), відаў транспарту (цягнік, самалёт, аўтобус) і г.д.

З дзеяслоўнай лексікі варта перш за ўсё выкарыстоўваць дзеясловы руху (ісці, хадзіць, бегчы і вытворныя ад іх), паколькі яны спалучаюцца з назоўнікамі самай разнастайнай семантыкі – адушаўлёнымі і неадушаўлёнымі, уласнымі і агульнымі, а таксама дзеясловы, якія абазначаюць працэсы працы, стан прадметаў, пераход з аднаго стану ў другі, дзеясловы са значэннем думкі і мовы (думаць, успамінаць, расказаць і інш.), працэсу пазнання (ведаць, тлумачыць, вучыць) і г.д.

Сярод прыметнікаў павінны быць назвы колераў і іх адценняў, словы, якія абазначаюць знешнія і ўнутраныя прыметы прадметаў, рысы характару чалавека, форму і памер прадмета, смак, стан і г.д. Побач з якаснымі прыметнікамі неабходна выкарыстоўваць і адносныя, напрыклад: зімовы (дзень), школьны (двор), дубовы (гай), касмічны (карабель) і г.д.

Значная частка лексем, уключаных у дыдактычны матэрыял для першага класа, – словы невытворныя. Задача зводзіцца да таго, каб праз азнаямленне з невытворнымі словамі (корань, як вядома, з’яўляецца носьбітам лексічнага значэння ўсіх лексем аднаго словаўтваральнага гнязда) і найбольш ужывальнымі словаўтваральнымі афіксамі паказаць, што адзін з самых прадуктыўных шляхоў папаўнення слоўнікавага саставу мовы – гэта ўтварэнне новых лексічных адзінак на аснове яе ўласных марфалагічных сродкаў.

Адабраны для навучання матэрыял павінен забяспечыць усведамленне лексічнага значэння слова, яго ролі ў кантэксце, разуменне сувязі з іншымі словамі ў лексічнай сістэме мовы (мнагазначнасць, сінанімічныя рады, антанімічныя пары).

Слоўнікавы запас вучняў толькі за першы год навучання павялічваецца больш як на паўтары тысячы слоў. У далейшым па гадах навучання тэмп узбагачэння іх мовы не зніжаецца. За тры гады слоўнік вучня даходзіць прыкладна да васьмі-дзесяці тысяч.

Узбагачэнне слоўніка – аснова інтэлектуальнага развіцця дзяцей, бо яна звязана з узбагачэннем іх мыслення ўяўленнямі і паняццямі шляхам непасрэдных назіранняў за навакольнай рэчаіснасцю і за словам у кантэксце.

Каб дасягнуць гэтага, неабходна паслядоўна і сістэматычна: а) знаёміць вучняў з новымі для іх словамі (назоўнікамі, прыметнікамі, дзеяловамі) і высвятляць сэнс незразумелых слоў; б) назіраць за словам у кантэксце, высвятляць новыя значэнні ўжо вядомых слоў, г. зн. пазнаёміць з мнагазначнасцю слова; в) падбіраць словы з блізкім значэннем (сінонімы) і словы з супрацьлеглым значэннем (антонімы).

Усё гэта падвядзе вучняў да разумення неабходнасці ўважліва і ашчадна ставіцца да слова, выбіраць для выражэння думкі найбольш трапнае слова.

Папаўненне і ўзбагачэнне слоўніка вучняў ідзе паступова. Заданні, звязаныя з узбагачэннем слоўніка, зводзяцца перш за ўсё да ўяснення або ўдакладнення сэнсу слова і выпрацоўкі ўмення ўжываць яго ў мове. Формы і метады работы з новымі, цяжкімі, незразумелымі словамі залежыць перш за ўсё ад характару матэрыялу, ад задач, пастаўленых настаўнікам, ад падрыхтаванасці класа.

Слоўнікавы запас школьнікаў павінен папаўняцца ў першую чаргу словамі, найбольш неабходнымі на пэўным этапе іх вучэбнай і грамадскай карыснай дзейнасці, словамі, якія сустракаюцца ў іх штодзённай моўнай практыцы. Настаўнікам, якія працуюць з першым класам, некаторую дапамогу ў гэтым сэнсе акажуць тэматычныя слоўнікі. Словы тут размяркоўваюцца па тэмах: «Наша рэспубліка», «Горад», «Збожжа», «Садавіна», «Агародніна», «Школа», «Вучэбныя прылады», «Прылады працы», «Свойскія і дзікія жывёлы», «Птушкі», «Поры года». І хоць гэтыя слоўнікі ўключаюць у сябе толькі назоўнікі, яны могуць быць асновай і для гутаркі, і для напісання пісьмовай работы.

Неабходнай умовай актывізацыі слоўніка трэба лічыць арганізацыю моўнай практыкі вучняў. Гэта будзе замацоўваць разуменне слоў і спрыяць свядомаму выкарыстанню іх у мове. Для гэтага варта часцей практыкаваць заданні: а) падабраць да назоўніка некалькі прыметнікаў: дрэва (якое?)..., яблык (які?)..., мядзведзь (які?)..., ліса (якая?)...; б) падабраць дзеясловы, якія можна спалучаць з назоўнікамі: вада (цячэ, льецца, капае); снег (блішчыць, іскрыцца, зіхаціць, ззяе); вецер (гудзе, завывае, вые, свішча); в) аднавіць прапушчаныя ў тэксце словы; г) скласці сказы з устойлівымі выразамі: збіцца з ног, не даць маху, апусціць рукі, вачэй не зводзіць, зуб на зуб не трапляе, паставіць на ногі, як вокам кінуць і інш.

Лексічныя практыкаванні, якія разумна спалучаюцца з граматычнымі заданнямі, выпрацоўваюць у вучняў пачуццё стылю, развіваюць іх мову.

Што разумеюць пад тэрмінам «узбагачэнне», што значыць узбагаціць слоўнікавы запас малодшага школьніка?

У «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» слова «узбагаціць» мае наступныя значэнні: 1) Зрабіць багатым, заможным. 2) перан. Зрабіць больш багатым, разнастайным па саставу, зместу і пад. Узбагаціць сваю памяць.

Слоўнік можна зрабіць больш багатым у колькасных і якасных адносінах.

Колькаснае ўзбагачэнне дапускае перш за ўсё пазнаванне чалавекам новых слоў і іх прадметна-паняційнай аднесенасці ў дадзенай мове. Па дадзеных, якія прыводзіць М.Р. Львоў, «слоўнік вучняў колькасна расце больш або менш раўнамерна з паскарэннем, прычым штодзённа ў пачатковых класах ён узбагачаецца ў сярэднім 4–5 словамі» [2, с. 56]. Работа над колькасным бокам слоўніка дазваляе пазбегнуць наступных з адзначаных вышэй недахопаў засваення вучнем значэння слова: а) не памятае слова, але ведае яго значэнне; б) не ведае значэння слова, яно адсутнічае ў яго актыўным слоўніку.

Азнаямленне малодшых школьнікаў з разнастайнымі значэннямі аднаго і таго ж слова, у тым ліку і пераносным, таксама з’яўляецца элементам колькаснага ўзбагачэння іх слоўніка.

Падобная работа дапаможа дзецям пазбавіцца ад павярхоўнага разумення значэння слова, дазволіць ім зразумець механізм узнікнення ў словах пераносных значэнняў. Колькасны рост слоўніка немагчымы без якаснага яго ўдасканалення. І наадварот, якаснае ўдасканаленне слоўніка і мовы вучняў магчыма толькі пры наяўнасці дастатковага запасу слоў.

Пад якасным удасканаленнем слоўнікавага запасу разумеецца «ўдасканаленне семантыкі вядомых слоў, замена ў слоўнікавым запасе школьнікаў нелітаратурных слоў эквівалентнымі ім літаратурнымі словамі, раскрыццё спалучальнасці слоў, устанаўленне семантычных сувязей паміж словамі (на аснове асацыяцый)» [3, с. 56]. Неабходнасць такога накірунку ва ўзбагачэнні слоўнікавага запасу школьнікаў прадыктавана тым, што слова, запазычанае з кнігі, з размовы іншых, нярэдка апераджае мысленне дзіцяці: яно часта не адпавядае ступені яго разумення, магчымасці абапірацца на асацыяцыі, на перажытае.

Але азнаямленне з семантыкай слова яшчэ не робіць яго прыналежнасцю актыўнага слоўніка малодшага школьніка. Слова не можа быць засвоена без ужывання яго ў мове. Яшчэ К.Д. Ушынскі адзначаў, што ў дзяцей запас слоў і форм роднай мовы немалы, але яны не ўмеюць карыстацца гэтым запасам. Уменне адабраць і ўжыць тое ці іншае слова ва ўласцівым яму значэнні ў залежнасці ад мэты выказвання, ад суседства з іншымі словамі – адзін з першых і важнейшых крокаў у развіцці лексічнай культуры і наогул моўнай культуры дзяцей.

Такім чынам, канчатковай мэтай працы па ўзбагачэнні слоўніка малодшых школьнікаў з’яўляецца выкарыстанне дзецьмі слоў ва ўласных выказваннях. Таму ў методыцы гавораць пра актывізацыю слова ў слоўніку вучняў. Пад актывізацыяй разумеюць перавод слова з пасіўнага слоўнікавага запасу школьнікаў у актыўны. Актыўную і пасіўную частку слоўніка вылучаюць у мове кожнага носьбіта мовы з пункту гледжання ўжывання слоў у мове. Асноўнае адрозненне актыўнага слоўніка ад пасіўнага праяўляецца перш за ўсё ва ўзроўні валодання словам. Валоданне словам падразумявае веданне яго семантыкі, спалучальнасці і сферы ўжывання. Калі вучань усведамляе значэнне слова, умее правільна спалучаць яго з другімі словамі і дарэчы ўжываць у сваім маўленні, значыць дадзенае слова ўваходзіць у яго актыўны слоўнікавы запас. Калі ж слова ў свядомасці вучня суадносіцца з рэаліяй або паняццем і ён разумее яго хаця б у самым агульным выглядзе (ведае родавую характарыстыку рэаліі або паняцця), але не ўмее правільна ўжываць ці не ўжывае ў мове, тады такое слова ўваходзіць у пасіўны слоўнікавы запас вучня. У дзіцячым узросце межы паміж актыўным і пасіўным слоўнікамі ў слоўнікавым запасе даволі рухомыя: актыўны слоўнік павялічваецца не толькі за кошт новых слоў, але і за кошт пераходу пасіўных слоў у актыўны слоўнікавы запас. Задача настаўніка – дапамагчы вучням авалодаць спалучальнасцю і сферай прымянення пасіўных слоў.

У методыцы ўзбагачэння слоўнікава запасу вучняў адзначаны два накірункі: парадыгматычнае (папаўненне і ўдасканаленне лексікона вучняў) і сінтагматычнае (выкарыстанне са сваіх слоўнікавых запасаў патрэбных слоў у працэсе пабудовы звязных выказванняў).

Узбагачэнне слоўнікава запасу вучняў у сінтагматычным накірунку прадугледжвае навучанне іх спалучальнасці слоў, уменню правільна і дакладна ўжываць слова ў сваёй мове.

Асноўным відам работы па папаўненні слоўніка вучняў з’яўляецца слоўнікавая работа. Асаблівасць слоўнікавай работы ў школе ў тым (як і многіх другіх відаў работы па развіці мовы), што яна праводзіцца не толькі на ўроках чытання, але і ва ўсёй вучэбна-выхаваўчай дзейнасці настаўніка. Школьнікі засвойваюць лексіку, звязаную з разнастайнымі дысцыплінамі: з матэматыкай, са спортам, з гульнямі і г.д. Важна, каб засваенне слоў праходзіла не стыхійна, каб настаўнік кіраваў гэтым працэсам і такім чынам аблягчаў бы яго для вучняў, рабіў бы яго больш эфектыўным і забяспечваў правільнасць, паўнату засваення. У сваёй рабоце настаўнік павінен кіравацца наступнымі прынцыпамі методыкі ўзбагачэння слоўнікавага запасу вучняў: а) экстралінгвістычны – суаднесенасць слова і рэаліі пры тлумачэнні лексічнага значэння слова; б) парадыгматычны – разгляданне слова ў яго рода-відавых, сінанімічных і антанімічных сувязях, у яго структурна-семантычных адносінах з роднаснымі словамі; в) сінтагматычны – паказ слова ў яго акружэнні з другімі словамі з мэтаю выяўлення валентных сувязей; д) функцыянальны – паказ ужывальнасці слова ў пэўных стылях; е) кантэкстуальны – уключэнне слова ў кантэкст словазлучэння, звязнага цэлага [3, с. 26].

Адсюль вынікаюць наступныя вучэбныя задачы ўрокаў беларускай мовы па ўзбагачэнні і актывізацыі слоўніка малодшых школьнікаў: а) раскрыццё лексічнага значэння слоў і паказ ужывання слова ў залежнасці ад яго лексічнага значэння; б) паказ слова і сістэмна-лексічных сувязей; в) супастаўленне лексічнага і граматычнага значэння слова.

На лексічным узроўні прадугледжваюцца чатыры асноўныя напрамкі работы над слоўнікам вучняў:

1. Узбагачэнне слоўніка,г. зн. засваенне новых, раней невядомых вучням слоў, якія ўжо маюцца ў яго слоўнікавым запасе. Гэта дасягаецца пасродкам прыбаўлення ў слоўнік дзіцяці 4–6 новых слоўнікавых адзінак.

2. Удакладненне слоўніка.Гэта слоўніка-стылістычная работа развіцця гнуткасці слоўніка, яго дакладнасці і выразнасці, якая ўключае: напаўненне зместам тых слоў, якія засвоены не зусім дакладна, што забяспечваецца ўключэннем іх у кантэкст, супастаўленнем і параўнаннем з другімі словамі; засваенне лексічнай спалучальнасці слоў, у тым ліку ў фразеалагічных адзінках; засваенне іншасказальных значэнняў слова, мнагазначнасці слова; засваенне лексічнай сінаніміі і тых адценняў значэнняў слоў, якія ўласцівы асобным сінонімам у сінанімічнай групе.

3.Актывізацыя слоўніка, г. зн. перанесенасць як можна большай колькасці слоў са слоўніка пасіўнага ў слоўнік актыўны. Словы ўключаюцца ў сказы і словазлучэнні, уводзяцца ў пераказ прачытанага, у размову, у апавяданне, пераказ і сачыненне.

4. Выкараненне нелітаратурных слоў, перавод іх з актыўнага слоўніка ў пасіўны. Маюцца на ўвазе словы дыялектныя, прастамоўныя, жаргонныя, якія дзеці засвоілі пад уплывам моўнага асяроддзя.

Цяпер можна перайсці да сістэмы актывізацыі слоўніка. Слова лічыцца актывізаваным, калі вучань выкарыстаў яго хаця бы адзін раз у свабоднай, непадказаннай гутарцы, без задання настаўніка: у пераказах, апавяданнях, дыялогах, пісьмах, сачыненнях, дзённіках, сваіх першых літаратурных спробах. З мэтай актывізацыі слоўніка методыка прадугледжвае наступныя вучэбныя практыкаванні: а) складанне сказа – тлумачэнне новага слова, яго запіс; падбор сінонімаў да яго, антонімаў, паказанне другога, трэцяга значэнняў, г. зн. састаўленне маленькага сачынення пра слова; б) складанне некалькіх словазлучэнняў з вывучаемым словам, практычная праверка спалучальнасці з іншымі словамі; в) складанне сказаў з вывучаемымі словамі: на пэўную тэму, па малюнку, па сюжэце прачытаннага апавядання і г. д.; г) маляванне словамі або графічнае ў сувязі з вывучэннем слова; д) запіс слова ў арфаграфічных мэтах; прагаворванне, каменціраванне; е) перавод на вывучаемую замежную мову, перавод сказаў з гэтым словам; запіс абодвух слоў; ж) падбор і запіс ключавых слоў да апавядання на зададзеную тэму, якая мае адносіны да вывучаемага слова; з) складанне і запіс розных тэкстаў на выбраную тэму; даследванне правільнасці, дарэчнасці ўжывання ў тэксце выбраных слоў; пошук і замена слоў.

Асноўнымі крыніцамі ўзбагачэння слоўніка і яго ўдасканалення з’яўляюцца творы мастацкай літаратуры, тэксты вучэбных кніг, тэксты ў падручніках беларускай мовы, літаратуры, а таксама мова настаўніка. Усё гэта – педагагічна кантралюемыя і арганізуемыя крыніцы ўзбагачэння мовы.

Прымяненне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій ў навучанні тлумачыцца неабходнасцю рашэння праблемы пошуку шляхоў і сродкаў актывізацыі пазнавальнай цікавасці вучняў, развіцця іх творчых здольнасцей, стымуляцыі разумовай дзейнасці.

Школьны ўрок – гэта сацыяльны заказ грамадства ў сістэме адукацыі, які абумоўлены сацыяльна-псіхалагічнымі патрабаваннямі грамадства, узроўнем яго развіцця, духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі гэтага грамадства.

На ўроках беларускай мовы праблема мадэрнізацыі адукацыі, камп’ютарызацыі школ ў некаторай ступені можа быць вырашана шляхам выкарыстання камп’ютарных тэхналогій, якія, па-першае, маюць у сваёй аснове строгі алгарытм дзеянняў вучняў. Не кожны вучань, вывучыўшы правілы, можа імі карыстацца, тым больш звычайнае тлумачэнне настаўнікам ці то новай тэмы, ці то паўтарэнне пройдзенага, успрымаецца вучнямі не на надлежным узроўні. Выкарыстанне алгарытмаў, схем-карт, табліц упарадкоўвае працэс навучання.

Па-другое, у сувязі з вострай праблемай эканоміі часу ў ходзе вучэбнага працэсу перад сучаснай школай таксама ставіцца задача – знайсці сродак і прыёмы навучання, якія дазваляюць максімальна эканоміць час на ўроку. На наш погляд, выкарыстанне камп’ютэра на ўроку беларускай мовы пры развіцці слоўніка з’яўляецца адным з такіх сродкаў.

Па-трэцяе, навучанне з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій, – гэта і ўзроўневая дыферэнцыяцыя, таму што ва ўмовах гэтай тэхналогіі вучань мае права на выбар зместу свайго навучання, узроўню засваення. Пры гэтым дзейнасць настаўніка павінна забяспечыць магчымасць кожнаму вучню авалодаць ведамі на абавязковым або больш высокім узроўні (па выбары вучня).

Таму выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій падчас лексічнай работы на ўроку ўключае ў сябе і тлумачэнне незразумелых слоў, і назіранне за словам у кантэксце, і раскрыццё сэнсу слова. Для таго каб з самага пачатку правільна арганізаваць лексічную работу ў класе і падрыхтаваць суадносны метадычны матэрыял, настаўніку трэба дакладна ведаць слоўнікавы запас дзяцей, з якімі ён будзе працаваць, бо слоўнікавы запас з’яўляецца важным паказчыкам інтэлектуальнага развіцця школьніка. У працэсе слоўнікавай работы неабходна дабіцца не толькі разумення слоў, але і навучыць дзяцей ужываць гэтыя словы ў сваёй мове.

 

 


 

1. Рождественский, Н.С. Программа по русскому языку в свете задач начального обучения / Н.С. Рождественский // Начальная школа. – 1986. – №7. – С. 93 – 94

2. Львов, М.Р. Методика развития речи младших школьников / М.Р. Львов. – М.: Просвещение, 1985. – 176 с.

3. Шанько, А.П. Методыка выкладання беларускай мовы ў пачатковых класах / А.П. Шанько. – Мінск: Вышэйшая школа, 1986. – 408 с.

 

 

MediaLex 2015