Тарасевіч Вікторыя Сяргееўна ГАВАРКІЯ ОНІМЫ Ў ПРОЗЕ І ДРАМАТУРГІІ ГЕОРГІЯ МАРЧУКА УА "Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна"
Георгій Марчук – пісьменнік, які ўражвае многімі мастакоўскімі якасцямі. Сярод іх – універсальнасць. Пералік жанраў, у якіх творца добра адчувае сябе, даволі шырокі: раман, аповесць, апавяданне, казка, навела, п’еса, кінасцэнарый. Пры гэтым за многімі значнымі творамі мастака слова паўстае яго малая радзіма – Палессе, у большасці персанажаў пазнаюцца землякі пісьменніка – людзі з багатым духоўным светам і марай пра спакойнае заможнае жыццё на сваёй зямлі. І. Штэйнер, даследчык творчасці Г. Марчука, адзначае: “Пісьменнік стварае мастацкую палітру сусвету, убачанага вачыма палешука. І гэтая палітра паўстае шматграннай і шматстайнай, як і жыццё Давыд-Гарадка, Століна, Беларусі, свету” [1, с. 5]. Перадаючы шматгалоссе сучаснага жыцця і па-мастацку ўзнаўляючы старонкі слаўнай паляшуцкай гісторыі, Г. Марчук умела выкарыстоўвае вобразна-выяўленчыя магчымасці такога паказальнага ў плане нацыянальнай і культурнай адметнасці складніка мовы, як антрапонімы. Прыдуманыя пісьменнікам ці ўзятыя ім з рэальнага антрапанімікону найменні персанажаў не столькі вылучаюць героя, колькі апісваюць, характарызуюць, ацэньваюць асобу носьбіта імя. Многія найменні персанажаў Марчуковых твораў з’яўляюцца гаваркімі онімамі. Дастаткова часта на старонках твораў пісьменніка ўжываюцца гаваркія прозвішчы. Утваральнай базай такіх антрапонімаў, як правіла, з’яўляюцца апелятывы, што належаць да эмацыйна-экспрэсіўнай лексікі (Харашун, Нядбайла, Ліхадзей). Прозвішча Харашун асацыятыўна звязваецца з семантыкай прыметніка харошы ‘які вызначаецца станоўчымі маральнымі, душэўнымі якасцямі’ [2, с. 480]. Прозвішча персанажа навелы “Апека” цалкам адпавядае характару гераіні – незласлівай, дабрадушнай, ціхай, непрыкметнай жанчыны: “Соня нікому не скардзілася на сваю долю, на Бога, не зайздросціла ніколі ўдачлівым суседзям, іх заможнасці. Адна такая на ўсё сяло была Соня, што не імкнулася любымі сродкамі стаць багатай, не гналася за капейкай”. Лёс Соні Харашун – прыклад жыцця бязгрэшнага чалавека, праведніка, на якім, як вядома, трымаецца свет. Прозвішча Нядбайла, якое належыць герою аповесці “Паляшук”, выклікае асацыяцыі са словам нядбайны ‘які абыякава, нядобрасумленна адносіцца да сваіх абавязкаў, спраў, лянівы’ [2, с. 180]. Кантэкст спрыяе сэнсаваму напаўненню гаваркога антрапоніма, які мае асуджальнае значэнне. Старшыня калгаса Нядбайла запусціў гаспадарку, не клапоціцца пра аднавяскоўцаў. У прыватнасці, ён спыняе будаўніцтва на сяле ясляў, якія дапамаглі б маладым бацькам і ўтрымалі б моладзь на сяле. Прозвішча персанажа дапамагае адцяніць ідэю твора. Пісьменнік паказвае: так многа ў нашай дзяржаве абыякавых, незацікаўленых, непрафесійных кіраўнікоў. “Нядбайлу калгас сваім не стаў. Не-е. Хоча ўзнагароду атрымаць ды падацца вышэй. Колькі іх, такіх старшынь, за гэтыя трыццаць гадоў памянялася, бадай, не палічыць – пальцаў не хопіць”. Інфармацыю як пра знешні выгляд, так і пра характар персанажа нясе прозвішча Грыва, якое належыць герою навелы “Трагікі і комікі”. Першая асацыяцыя, звязаная з гэтым прозвішчам, узнікае, калі чытач знаёміцца з партрэтам персанажа. “Дзівіліся, адкуль у гэтага хударлявага, сярэдняга росту мужчыны (а з гадамі рыжая капа валасоў на галаве не пасівела і не паменшала) такі заваражальны барытон”. Па меры развіцця сюжэта прозвішча нараджае яшчэ адну асацыяцыю. Як вядома, грыва – адзін са знешніх і самых яркіх атрыбутаў цара звяроў ільва. Як леў, змагаецца знакаміты артыст Грыва за свае погляды на мастацтва. Акцёр не баіцца пярэчыць помсліваму інтрыгану-рэжысёру. Ведучы мужную барацьбу за сваю мастацкую пазіцыю, герой памірае на сцэне. Для наймення героя п’есы “Вясёлыя, бедныя, багатыя” аўтар выбірае прозвішча Тушканчыкаў. Назвы жывёл здаўна выкарыстоўваюцца ў мове для характарыстыкі і ацэнкі пэўных людскіх якасцяў. У прыватнасці, назвы малых жывёл ужываюцца для ацэнкі хітрых людзей: такім жывёлам трэба “круціцца”, каб выжыць. Найменне экзатычнага звярка, пакладзенае ў аснову прозвішча, падкрэслівае чужароднасць персанажа ў адносінах да простых, сумленных палешукоў. І. Штэйнер праводзіць аналогію паміж Робертам Тушканчыкавым і купалаўскім шляхетным жаніхом Адольфам Быкоўскім [1, с. 79]. Г. Марчук, як і Я. Купала, стварае камічнае спалучэнне экзатычнага імені Роберт і прозвішча “жывёльнага” паходжанння. Праўда, сучасны “дэфіцытны” жаніх больш вынаходлівы, чым яго папярэднік. Калі марай Быкоўскага была добрая жонка на моцнай гаспадарцы, то сучаснаму лавеласу патрэбны “Жыгулі”, кааператыў і тыгр у кватэры. Апелятыўная семантыка прозвішча “ажывае” за кошт каламбурнага выкарыстання оніма ў рэпліках персанажаў, напр.: “О, здаецца, Тушканчыкаў да нас скача”; “Сувязей у Тушканчыкава ў горадзе, мамо, як блох у ката”. Характарыстычнае прозвішча з’яўляецца сродкам адмоўнай ацэнкі героя. Як бачым, у творах Георгія Марчука прозвішчы выконваюць мастацкую (эстэтычную) функцыю. Гэтая функцыя літаратурных антрапонімаў дазваляе праз іменаванне персанажа выразіць мастацкую і грамадзянскую пазіцыю пісьменніка, яго суб’ектыўныя адносіны да героя, да пэўнага тыпу асобы, да жыццёвага факта, падзеі, з’явы. Гаваркімі антрапонімамі з’яўляюцца мянушкі – неафіцыйныя ацэначна-характарыстычныя найменні чалавека, якія дастаткова часта маюць насмешлівы характар і ўжываюцца паралельна з уласнымі імёнамі і прозвішчамі. Самымі яркімі, вобразнымі з’яўляюцца мянушкі, якія адлюстроўваюць маральныя ўласцівасці, рысы характару асобы: Воўк-пустэльнік, Цыган, Ціхая, Северны, Панскі, Гарохавы кароль, Кобра, Панікёрша, Акадэмік, Баптыст, Бахус, Бомба. Празрыстую ўнутраную форму мае мянушка Гарохавы кароль, якая належыць герою рамана Г. Марчука “Без ангелаў”. Носьбіт мянушкі – чалавек, надзелены ўладай. Праўда, ён нічога не робіць, каб дапамагчы людзям у вырашэнні іх надзённых праблем. Кантэкст падказвае сэнсавую напоўненасць мянушкі: “Зот Мітрафанавіч усім абяцаў дапамогу, абавязкова спасылаючыся на моцную руку зверху. Блізка да сэрца новы старшыня ніколі і нікога не прымаў. За знешняй увагай і актыўнасцю хавалася звычайная апатыя і бязвер’е да ўсяго, акрамя гарэлкі, якую ён мог піць у любы час сутак. Быў ён дзядзька пацешны”. Гарохавы кароль асацыятыўна звязваецца, на нашу думку, з фразеалагізмам пудзіла гарохавае –‘пусты чалавек, варты смеху’ [3, с. 231]. Сапраўды, аднавяскоўцы пасмейваліся са старшыні, не ўспрымалі яго ўсур’ёз, лічылі балбатуном, пустасловам, пасмешышчам. Мянушкі, якія характарызуюць маральныя якасці персанажаў, могуць утвараць сінанімічныя рады, акрэсліваючы герояў з розых бакоў. Так, у рамане “Вочы і сон” чытаем: “Завуч мясцовай школы Варвара Якаўлеўна сярод вучняў мела мянушку Кобра, а сярод настаўнікаў Панікёрша”. Першая мянушка характарызуе персанажа як бязлітаснага, жорсткага, помслівага настаўніка: “Варвара Якаўлеўна ашалела ад сваёй бескантрольнай улады. Баяліся і, як мышы, паводзілі сябе вучні на яе ўроках, зубрылі гісторыю, як колісь дзяды “Ойча наш”. Другое найменне гераіні перадае яе панічны страх перад начальствам, імкненне дакладна выконваць усе, нават самыя бессэнсоўныя, загады, спушчаныя зверху. Мянушкі могуць акрэсліваць вонкавы выгляд персанажаў. Такія антрапонімы ўяўляюць свайго роду згорнутае апісанне, слоўны малюнак, у якім на першы план выходзіць “асаблівая”, найбольш кідкая прыкмета індывіда. Так, мянушка персанажа рамана “Кветкі правінцыі” Барадулька ўказвае на доўгую бараду старога чалавека, якая адразу кідаецца ў вочы пры сустрэчы з ім: “Сівая, доўгая барада, вусы хавалі яго рот, і здавалася, што голас у яго ідзе з грудзей”. Мянушка Крываножка (яе мае персанаж трагікамедыі “Цвярозы дзень Сцяпана Крываручкі”) стварае ўяўленне пра асаблівасці хады чалавека – аматара чаркі. Пра неадольную цягу да моцных напіткаў сведчаць мянушкі персанажаў трагікамедыі. Жывуць героі твора ў вёсцы з сімвалічнай назвай Пераброды. Унутраная форма мянушак Долар і Бражка раскрываецца ў кантэксце твора. Носьбіт першай мянушкі “…азербайджанскае віно любіць, “даляр” называецца. Доларам ахрысцілі”. А носьбіт другога празвання ўжывае шырокі спектр напояў: ад “чарнілаў” да рэктыфікату. У асобную тэматычную групу мы вылучылі мянушкі, якія ўтрымліваюць інфармацыю пра род заняткаў, прафесію персанажаў. Так, герой п’есы “Вясёлыя, бедныя, багатыя” дзед Лука атрымаў мянушку Гурок за тое, што займаўся вырошчваннем гуркоў. Герой рамана “Без ангелаў” Мікола Тупіца прыдумаў сабе мянушку Цаліна, таму што ў гады камсамольскага юнацтва ездзіў на асваенне цалінных земляў. Мянушка Барка стала лаканічна выражанай характарыстыкай роду дзейнасці марака, героя рамана “Крык на хутары”. Наступную тэматычную групу складаюць мянушкі, утвораныя як вынік імітацыі чужога маўлення, яго манеры, асаблівасцей, найбольш паўтаральных слоў і фраз. Гэта своеасаблівыя дэлакутывы – адфразавыя ўтварэнні, напр.: “Цяпер, калі прыходзілася іграць на рэдкіх вяселлях, Карней не мінаў выхваляцца новым словам: “Танец у духу алегра”. Па-рознаму ставілася вёска да свайго Алегра” (“Паляшук”); “Іх, немчыкаў, было на нашу Аселіцу два: Юрко і Жэня Мэко. Так ён казаў на малако: мэко” (“Кветкі правінцыі”). Акрамя функцыі характарыстыкі, мянушкі і прозвішчы ў творах Георгія Марчука выконваюць ацэначную функцыю, даючы літаратурным героям станоўчую (Акадэмік, Харашун), а значна часцей – адмоўную ацэнку (Нядбайла, Ліхадзей, Тушканчыкаў, Кобра, Панікёрша, Бомба, Крываножка, Гарохавы кароль). Характарыстычныя найменні выражаюць дастаткова шырокі спектр эмоцый.: павагу (Акадэмік), пяшчоту (Сынмартачкі), жартаўлівасць (Рылатэрыла), пагарду (Панскі, Гарохавы кароль, Штатны праважаты), абразу (Кобра, Долар, Карыта з чырвонцамі). Эмацыйна-ацэначная вобразнасць мянушак і прозвішчаў герояў твораў Георгія Марчука абумоўлена наяўнасцю прынятых у грамадстве этычных і эстэтычных нормаў.
|