MediaLex-2015

 

 

 

Турок Анастасія Чаславаўна

Навучальныя дыктанты
як сродак фарміравання арфаграфічнага навыку
ў вучняў пачатковых класаў

 Гродна, УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

 

 

Павышэнне граматнасці школьнікаў было і застаецца адной з галоўных праблем методыкі выкладання мовы. Працэс фарміравання арфаграфічнага навыку патрабуе вялікіх намаганняў і з боку настаўніка, і з боку вучняў.

Поспех навучання арфаграфіі залежыць ад многіх фактараў. У першую чаргу — ад таго, калі і на аснове чаго распачаць навучанне арфаграфіі. Паўстае пытанне, як дабіцца, каб малодшыя школьнікі свядома авалодалі правіламі. А для кожнага настаўніка ўзнікае праблема, з дапамогай якіх сродкаў забяспечыць паступальны рух у выпрацоўцы трывалага арфаграфічнага навыку.

Не трэба забываць, што арфаграфічны навык аўтаматызуецца не раптам, не па заканчэнні вывучэння правіла. Гэта працэс працяглы і павольны. Але пакуль пісьмо стане аўтаматызаваным, малодшыя школьнікі, пішучы, павінны думаць, бачыць у словах арфаграмы і, абапіраючыся на правілы, пісаць свядома [1, с.87].

Такім чынам, паўсядзённым клопатам настаўніка павінна быць выпрацоўка ў вучняў умення знаходзіць арфаграмы пры зрокавым і слыхавым успрыманні тэксту.

Знаёмства вучняў з рознымі тыпамі дыктовак арганізуецца ўжо ў пачатковай школе. Навучальныя дыктоўкі выступаюць як сродак развіцця арфаграфічнага навыку. У залежнасці ад мэты навучання настаўнік выбірае спецыфічны тып дыктанта.

Дыктант від арфаграфічнага практыкавання, якое дазваляе, па-першае, засяродзіць увагу не на адной арфаграме, а на некалькіх, па-другое, дае магчымасць прааналізаваць, напісанне якіх груп слоў уяўляе для вучняў найбольшую цяжкасць і чаму.

У метадычнай літаратуры апісваюцца розныя віды дыктанатў (для абазначэння іх выкарыстоўваюцца часам розныя тэрміны), сярод іх найбольшае распаўсюджванне атрымалі: папераджальны; тлумачальны; выбарачны; вольны; творчы (у яго розных варыянтах); слоўнікавы; кантрольны (праверачны); графічны; рэлейная кантрольная работа.

Папераджальны дыктант у яго разнавіднасцях (папераджальна-слыхавы, папераджальна-зрокавы) праводзіцца з мэтай замацавання новага і паўтарэння вывучанага матэрыялу. Пры папераджальным дыктанце (з папярэдняй падрыхтоўкай ці без папярэдняй падрыхтоўкі) вучні растлумачваюць арфаграмы да запісу тэксту (спачатку тлумачэнне, потым запіс).

Схема папераджальна-слыхавога дыктанта: 1) настаўнік чытае тэкст, затым кожны асобны сказ; вучань паўтарае сказ, знаходзіць арфаграмы на пэўныя правілы, абгрунтоўвае напісанне, настаўнік паўторна чытае сказ, вучні пішуць, падкрэсліваюць патрэбныя арфаграмы; 2) адзін з вучняў чытае сказ услых і тлумачыць арфаграмы, астатнія звяраюць з напісаным у сваіх сшытках, выпраўляюць, калі трэба, памылкі.

Папераджальна-зрокавы дыктант можа праводзіцца наступным чынам: настаўнік чытае тэкст, пасля кожны асобны сказ; вучань паўтарае сказ, знаходзіць арфаграмы на пэўныя правілы, абгрунтоўвае напісанне; настаўнік другі раз чытае сказ; адзін з вучняў піша на дошцы, астатнія — у сшытках, у працэсе напісання падкрэсліваюць пэўныя арфаграмы; запіс на дошцы вучні звяраюць з напісаным у сваіх сшытках, выпраўляюць, калі трэба, памылкі.

Практыкуючы дыктант з выкарыстаннем дошкі, трэба сачыць за тым, каб вучні працавалі актыўна, не падмянялі дыктант механічным спісваннем. Папераджальны дыктант, на які адводзіцца не ўвесь урок, а толькі частка яго, неабходна спалучаць з іншымі арфаграфічнымі практыкаваннямі. Такі дыктант можа спалучацца з тлумачальным, напрыклад перад запісам тэксту тлумачальнага дыктанта паўтараюцца пэўныя правілы, пасля запісу папераджальнага дыктанта вучні тлумачаць адпаведныя напісанні.

Папераджальны дыктант можа таксама праводзіцца перад кантрольнай работай (папераджальна-кантрольны дыктант), калі на працягу 8-10 хвілін паўтараюцца правілы, напісанні на якія сустракаюцца ў тэксце дыктанта. Такі від дыктанта, як заўважае М.А.Плёнкін, удасканальвае арфаграфічныя ўменні ў большай ступені, чым звычайны кантрольны дыктант.

Зрокава-слыхавы дыктант праводзіцца з мэтай папярэдзіць памылкі вучняў шляхам тлумачэння ўсіх цяжкасцей ў дыктуемым тэксце. Парадак правядзення: 1) вучні паўтараюць вывучанае правіла, прыводзяць прыклады; 2) дыктуецца тэкст, у якім ёсць адпаведныя арфаграмы (перш чым запісаць тэкст на дошцы, вучні знаходзяць у ім вывучаемыя арфаграмы і высвятляюць іх напісанне);3) настаўнік чытае сказ, вучні запісваюць яго на дошцы і ў сшытках; 4) вучні правяраюць напісанне ў сшытках па запісанаму на дошцы. Калі памылка ўсё ж дапушчана, яе трэба зараз жа выправіць і растлумачыць, як правільна трэба пісаць слова або сказ.

Слыхавы дыктант. Пры слыхавым дыктанце парадак работы наступны:1) вучні паўтараюць вывучанае правіла, прыводзяць прыклады; 2) дыктуецца тэкст, у якім ёсць адпаведныя арфаграмы, якія яшчэ не вывучаліся, настаўнік паведамляе вусна або запісвае на дошцы; 3) настаўнік чытае сказ, а вучні запісваюць яго ў сшытках;4) вучні правяраюць напісанае ў сшытках па чытанню настаўніка (можа быць узаемаправерка напісанага). Калі дапушчана памылка, яе трэба зараз жа выправіць і растлумачыць, як правільна трэба пісаць слова або сказ.

Тлумачальны дыктант дазваляе выявіць, наколькі трывала вучні засвоілі матэрыял, ці могуць знайсці і растлумачыць арфаграмы, рыхтуе вучняў да свядомага пісьма. Пры тлумачальным дыктанце тэкст запісваецца пад дыктоўку без папярэдняга разбору арфаграм, без папярэджання магчымых памылак, а ўжо затым пасля напісання аналізуецца і выпраўляецца.

Схема тлумачальнага дыктанта:1) настаўнік чытае сказ; 2) вучні (адзін з вучняў) паўтараюць яго ўслых і пішуць;2) праводзіцца тлумачэнне напісанага і выпраўленне памылак.

Можна прывесці і такі від тлумачальнага дыктанта: вучні пішуць тэкст пад дыктоўку, а затым самастойна правяраюць напісанне па тэксце ў падручніку ці на дошцы, прычым закрытага да гэтага моманту. Пасля праверкі напісанага вучні тлумачаць тыя або іншыя арфаграмы.

Параўнальна новым і эфектыўным відам навучальнага дыктанта з’яўляецца тлумачальны дыктант «Правяраю сябе» (па методыцы А.І. Кобызева), асноўнай мэтай якога з’яўляецца развіццё ў вучняў навыкаў самакантролю ў працэсе пісьма.

Методыка яго правядзення заключаецца ў тым, што настаўнік дыктуе, а вучні пішуць, але калі пры гэтым сумняваюцца ў напісанні, прапускаюць месца, на палях пішуць знак ?, каб потым запытацца, як правільна напісаць, а затым пішуць, падкрэсліваюць пэўную арфаграму (для таго, каб настаўніку прасачыць, ці не дапускае вучань памылак у аналагічных выпадках).

На пытанні вучняў адказвае настаўнік ці больш падрыхтаваны вучань. Пытанні заахвочваюцца і не ўплываюць на ацэнку дыктанта, аднак яны не павінны паўтарацца. Пры праверцы такога дыктанта настаўнік павінен быць асабліва патрабавальным, ацэньваць яго больш строга, чым звычайны дыктант.

Разнавіднасцю тлумачальнага дыктанта з’яўляецца каменціраванае пісьмо, калі вучні, запісваючы тэкст, тлумачаць усе цяжкія арфаграмы і правілы пунтуацыі.

Выбарачны дыктант – гэта такі від дыктанта, пры якім з дыктуемага тэксту запісваецца толькі асобнае слова, словазлучэнне ці сказ пэўнага тыпу ў залежнасці ад пастаноўленай тэмы.

Схема выбарачнага дыктанта: 1) настаўнік чытае тэкст, сказы (чытаць трэба павольна); 2) вучні ўважліва слухаюць і запісваюць (у адпаведны слупок) выбраныя словы, словазлучэнні, сказы ці часткі слоў, тлумачаць.

Пры выбарачным дыктанце пажадана, каб вучні паўтаралі прадыктаваныя сказы, пры гэтым яны будуць радзей прапускаць словы, якія падлягаюць выбарцы. Тэкст, натуральна, не трэба дзяліць на часткі, як пры кантрольным дыктанце. Дыктант можа быць ускладнены дадатковым заданнем, напрыклад да выбарачных слоў падабраць праверачныя.

Да выбарачнага дыктанта вучняў трэба рыхтаваць, практыкуючы выбарачнае чытанне (тлумачэнне з разборам напісанняў, але без іх запісу) і выбарачнае спісванне (запіс слоў на патрэбнае правіла).

Выбарачны дыктант можа праводзіцца даволі часта, бо дае магчымасць займаць не цэлы ўрок, а толькі яго частку. Выкарыстоўваецца гэты від дыктанта пры паўтарэнні, замацаванні, абагульненні вучэбнага матэрыялу.

Вольны дыктант гэта такі запіс пад дыктоўку, пры якім вучні могуць свабодна выбіраць словы і выразы, змяняць іх пры захаванні агульнага сэнсу. Для такога дыктанта падбіраецца звязны тэкст, цікавы па змесце, лёгкі для ўспрымання вучнямі на слых. Вольны дыктант звычайна праводзіцца пасля кантрольнага, калі вывучаны матэрыял дастаткова засвоены.

У параўнанні з іншымі відамі названы дыктант мае шэраг пераваг: садзейнічае ўзбагачэнню слоўніка вучняў, дапамагае авалоданню літаратурнай мовай, бо ў звязным тэксце лепш запамінаюцца словы і звароты; вучыць карыстацца абзацамі, вылучаць галоўнае, істотнае, дзяліць тэкст на лагічна закончаныя часткі. Таксама пры вольным дыктанце выпрацоўваецца навык запамінаць прачытанае, выхоўваецца ўважлівасць, кемлівасць, лагічная памяць. Ён займае пераходную ступень да творчых сачыненняў і пераказаў, вучыць вучняў свядома слухаць і запісваць жывую мову.

А называецца ён дыктантам таму, што настаўнік дыктуе тэкст, а вольны таму, што ў проціпастаўленне звычайнаму дыктанту дапускаецца вольнае выкладанне тэксту (як запомніць вучань).

Могуць быць розныя варыянты вольнага дыктанта ў залежнасці ад складанасці тэксту, ступені яго насычанасці арфаграмамі. Аднак ускладняць вольны дыктант, набліжаючы яго да пераказу, трэба паступова, напрыклад шляхам павелічэння памеру частак, на якія дзеліцца тэкст.

Схема вольнага дыктанта: 1) настаўнік выразна чытае тэкст, тлумачыць незразумелыя словы і выразы, затым неабходна прааналізаваць тэкст, падзяліць яго на часткі; 2) настаўнік чытае тэкст па частках (кожную частку два разы), вучні пішуць, як запомнілі, не перапытваюць настаўніка.

Правядзенне такога дыктанта патрабуе асабліва дакладнай арганізацыі: трэба разлічыць, колькі часу патрэбна вучням для запісу кожнай часткі.

Пры вольным дыктанце атрымліваюцца розныя тэксты, што ўскладняе яго праверку і аналіз у параўнанні з кантрольным дыктантам. Ацэньваючы вынікі такога дыктанта, трэба прымаць пад увагу колькасць патрэбных слоў, ужытых вучнямі.

Творчы дыктант гэта такі від практыкавання, пры якім вучні ўстаўляюць у тэкст, які дыктуе настаўнік, слова ці словазлучэнне пэўнай граматычнай катэгорыі ці замяняюць у дыктуемым тэксце пэуныя словы ці словазлучэнні іншымі (па указанні настаўніка).

Творчы дыктант дазваляе арганізаваць паўтарэнне раней вывучанага адначасова з засваеннем новага, развівае арфаграфічную пільнасць, устойлівасць увагі, здольнасць успрымаць, садзейнічае агульнаму развіццю вучняў. Практыкаванні тыпу творчага дыктанта адносяцца да актыўных метадаў навучання, яны патрабуюць большай самастойнасці вучняў і займаюць значнае месца ў сістэме навучання школьнікаў роднай мове [2, с.171].

Методыка правядзення творчага дыктанта: перад тым, як пачаць дыктоўку, тэкст неабходна прачытаць, а затым сфармуляваць задачу (напрыклад, уставіць групу слоў (прыслоўі, займеннікі і інш) у адпаведнасці з тэмай урока.

Праца можа насіць калектыўны ці самастойны характар, але пры гэтым неабходна звяртаць увагу, наколькі выразна і дакладна апісваецца прадмет, а таксама на правапіс слоў і пастаноўка знакаў прыпынку.

Творчы дыктант можа праводзіцца як навучальны, мэта якога вучыць прымяняць правілы на практыцы, і як кантрольны, асноўная мэта якога праверыць, як вучні засвоілі вывучаны матэрыял, як яны навучыліся карыстацца правіламі на пісьме.

Пры ацэнцы прац трэба ўлічваць іх характар: калі творчы дыктант навучальнага (папераджальны, тлумачальны) характару праводзіцца з вусным разборам, калі творчы кантрольны дыктант вучні пішуць самастойна.

Методыка правядзення творчага дыктанта залежыць ад таго, як успрымаецца вучнямі тэкст: толькі на слых ці на слых і зрокава. Напрыклад, пры зрокавым творчым дыктанце вучні загадзя запісваюць тэкст на дошцы, калектыўна знаходзяць патрэбныя словы (як патрабуе заданне), затым выціраюць з дошкі, пішуць пад дыктоўку. Магчымы і другі варыянт: вучні пішуць пад дыктоўку, а затым звяраюць з тэкстам, напісаным загадзя на дошцы, правяраюць напісанае і выпраўляюць памылкі.

Аддаючы перавагу той ці іншай форме правядзення творчага дыктанта, неабходна ўлічваць асаблівасці вывучэння матэрыялу, этап навучання, асаблівасці класа.

Кантрольны (праверачны) дыктант асноўная форма праверкі засваення праграмнага матэрыялу. Пры запісе тэксту дыктанта, што ўспрымаецца вучнямі на слых, змястоўны бок арфаграмы падаецца ў вуснай форме. Пісьмо другаснае ў адносінах да вуснага моўнага аналізу, які патрабуе пастаяннай увагі і кантролю.

Кантрольны дыктант можа быць бягучым і выніковым, ці падагульняючым. Бягучы кантрольны дыктант (займае або ўвесь урок, або толькі частку яго) праводзіцца з мэтай праверкі засваення праграмнага матэрыялу, які вывучаецца і паўтараецца. Яго змест і частотнасць вызначаюцца настаўнікам з улікам ступені складанасці вывучаемага матэрыялу, а таксама псіхалагічных асаблівасцей вучняў кожнага класа.

Выніковыя, ці падагульняючыя, кантрольныя дыктанты (іх колькасць, нормы ацэнкі і аб’ём вызначаюцца праграмай) праводзяцца пасля вывучэння найбольш значных тэм, у канцы навучальнай чвэрці, паўгоддзя.

Схема кантрольнага дыктанта: 1)выразнае дастаткова гучнае чытанне настаўнікам усяго тэксту дыктанта; 2) высвятленне, тлумачэнне незразумелых слоў (у тэксце іх павінна быць няшмат (не больш двух-трох), бо не гэтыя словы вызначаюць ступень засваення вучнямі вывучанага правіла; 3) праслухоўванне сказа і запамінанне яго, чытанне настаўнікам сказа па частках (улічваючы сінтаксічныя сувязі), запісванне вучнямі; 4) чытанне настаўнікам сказа і праверка яго вучнямі.

У канцы ўрока тэкст або чытаецца настаўнікам паўторна, з больш працяглымі паўзамі пасля кожнага сказа, каб даць вучням магчымасць знайсці памылку і выправіць яе, або вучні правяраюць яго самастойна. Аднак некаторыя даследчыкі, напрыклад А.Д. Алфёраў [3], не згодны з названым апошнім прыёмам праверкі, бо, як яны адзначаюць, самаправерка тэксту, з аднаго боку, прывучае да самакантролю, а з другога – разлічваючы на яе, вучні паслабляюць ўвагу на пісьме, часам наўмысна прапускаюць цяжкія напісанні, адкладваючы іх да самаправеркі.

Праверка набытых ведаў, уменняў і навыкаў праводзіцца таксама пры выкананні дадатковага задання, выстаўляюцца адпаведна дзве адзнакі.

Урокі, на якіх праводзяцца дыктоўкі, павінны быць толькі праверкай засваення матэрыялу, але і сродкам абагачэння ведаў. Яны добры сігнал настаўніку, над чым яму трэба яшчэ працаваць наперадзе.

Графічны дыктант гэта дыктант з поўным або частковым запісам дыктуемага тэксту ўмоўнымі абазначэннямі. Графічны запіс дыктуемага мае вызначаныя магчымасці: ён эфектыўны пры рабоце з асобнымі словамі, словазлучэннямі і сказамі і неэфектыўны са звязным тэкстам.

Слоўнікавы дыктант праводзіцца па методыцы папераджальнага або тлумачальнага; ён можа быць выбарачным або творчым. Слоўнікавы дыктант можна праводзіць таксама на матэрыяле загадак (запісваюцца словы-адгадкі), з выкарыстаннем прадметных і сюжэтных малюнкаў. Вучням паказваюць прадметныя малюнкі, дзеці называюць намаляваныя на іх прадметы, затым запісваюць словы-назвы.

Рэлейныя кантрольныя работы, якія выкарыстоўвае В.Ф.Шаталаў [4] на ўроках матэматыкі, можна прымяняць і на ўроках мовы. Рэлейная дыктоўка можа праводзіцца раз у паўгодзе. Прыкладна за два тыдні настаўнік аб’яўляе дзень яе правядзення. Тэкст гэтай дыктоўкі будзе складзены з матэрыялу кантрольных дыктовак, што выкананы за пэўны прамежак часу. Каб добра справіцца з работай, вучням зноў прапануецца прагледзець пісьмовыя работы, звярнуць увагу на словы, у якіх дапускаліся памылкі. Вучань не ведае, які тэкст возьме настаўнік, таму ён праглядае ўсе трэніровачныя і кантрольныя работы, зберагае ўсе сшыткі, праглядае іх, звяртаючы ўвагу на арфаграфічна цяжкія словы. У выніку колькасць памылак змяншаецца, павышаецца пісьменнасць. Але вучні павінны ведаць, што рэлейныя кантрольныя работы ацэньваюцца больш строга, бо з матэрыялам дзеці ўжо знаёмыя.

Такім чынам, праблема фарміравання арфаграфічнага навыку ў вучняў пачатковых класаў была і застаецца актуальнай, таму настаўнік павінен шукаць новыя метады і прыёмы выкладання беларускай мовы, а асновай для гэтага можа паслужыць выкарыстанне разнастайных відаў дыктантаў.

 


 

1. Методика преподавания русского языка в школе : учебник для студентов высших пед. учеб. заведений / М.Т. Баранов [и др.] ; под ред. М.Т. Баранова. – М. : Изд. центр «Академия», 2001. – 368 с.

2. Падгайскі, Л.П. Методыка беларускай мовы : граматыка і правапіс / Л.П. Падгайскі. – Мінск : Народная асвета, 1981. – 176 с.

3. Алферов, А.Д. Психология развития школьника / А.Д. Алфёров. — М. : Феникс, 2001. — 384 с.

4. Шаталов, В.Ф. Эксперимент продолжается / В.Ф. Шаталов. — М. : Педагогика, 1989. — 336 с.

 

MediaLex 2015