MediaLex-2015

 

 

 

Яўтуховіч Юлiя Iгараўна

Развіццё крытычнага мыслення малодшых школьнікаў
на ўроках літаратурнага чытання

УА "Брэсцкi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя А.С. Пушкiна"

 

 

 

Працуючы з вучнямi пачатковых класаў над тэкстамi мастацкiх твораў, можна заўважыць, што малодшыя школьнiкi часта, чытаючы iх, успрымаюць адлюстраванае недакладна i нават няправiльна, звяртаюць увагу толькi на асноўныя ўчынкi герояў, сочаць за ходам сюжэта i прапускаюць у творы ўсё, што выклiкае цяжкасць. Многiя вучнi яшчэ не могуць паўнавартасна ўспрымаць мастацкi твор. Дапамагчы ім лепш зразумець не толькi лагiчны, але эмацыянальны i вобразны бакi твора можна праз выкарыстанне на ўроках лiтаратурнага чытання прыёмаў тэхналогii развiцця крытычнага мыслення.

Пад крытычным мысленнем разумеюць праяўленне дзіцячай цікаўнасці, здольнасці выказаць асабістае меркаванне па пэўным пытанні, выкарыстоўваць даследчыя і творчыя метады для доказу сваёй думкі. Крытычнае мысленне – гэта здольнасць ставіць новыя пытанні, выказваць разнастайныя аргументы, прымаць незалежныя прадуманыя рашэнні. Вучань, які ўмее мысліць крытычна, здольны выдзяляць у тэксце супярэчнасці, аргументаваць свой пункт погляду, абапіраючыся не толькі на логіку, але і на ўяўленні субяседніка. Ён здольны разглядаць праблему з розных пунктаў погляду, знаходзіць некалькі варыянтаў рашэння праблемы, актыўна ўспрымаць інфармацыю.

Задача настаўніка – стварыць для вучняў устаноўку думаць, разважаць крытычна. Малодшыя школьнікі павінны быць настроеным на тое, каб пазнаць больш, крытычна прааналізаваць, асэнсаваць новую інфармацыю. Практыка паказала, што вучні, у якіх выпрацавана такая ўстаноўка, лёгка пераадольваюць цяжкасці ў сферы засваення інфармацыі, яны спрабуюць выявіць прычынна-выніковыя сувязі, імкнуцца пазнаць больш, тады як традыцыйнае выкладанне дае вызначаную суму ведаў, але не спрыяе ў поўнай меры інтэлектуальнаму развіццю, не заўсёды развівае здольнасць разважаць [1, c. 68].

Развіццё крытычнага мыслення сродкамі чытання і пісьма з’яўляецца, безумоўна, актуальным для сённяшняга дня. Выкарыстанне тэхналогіі ў працэсе навучання мае дзве мэты: 1) фарміраванне навыкаў накіраванага, удумлівага чытання і рэфлексіўнага пісьма; 2) развіццё з дапамогай чытання і пісьма мыслення больш высокага ўзроўню – крытычнага (мыслення «ацэначнага, рэфлексіўнага») [2, с. 45].

Спецыфiка тэхналогii развiцця крытычнага мыслення заключаецца ў арганiзацыi навучання ў трохфазавай структуры (выклiку, асэнсавання, рэфлексii).

Калі паглядзець на тры стадыі заняткаў з пункту погляду традыцыйнага ўрока, то бачна, што яны не ўяўляюць выключнай навізны для настаўніка, толькі называюцца інакш. Замест «выкліку» больш звыкла для настаўніка гучыць «увядзенне ў праблему», ці «актуалізацыя вопыту і набытых раней ведаў вучняў». Прысутнасць «выкліку» на кожным уроку абавязковая. Гэтая стадыя дазваляе актуалізаваць і абагульніць веды вучняў па той ці іншай тэме; выклікаць устойлівую цікавасць да вывучаемай тэмы; матываваць малодшага школьніка да вучэбнай дзейнасці; пабудзіць да актыўнай працы не толькі на ўроку, але і дома. «Выклікам» можа служыць пазнавальная задача, палемічныя словы (цытата), зварот да жыццёвага вопыту вучняў, складанне «кластара». На гэтым этапе можна выкарыстоўваць наступныя метады і прыёмы: апавяданне па ключавых словах; графічную сістэматызацыю матэрыялу ў кластары, схемы;  «правільныя і няправільныя сцвярджэнні»; «пераблытаныя лагічныя ланцужкі»; разглядванне ілюстрацый; «мазгавы штурм»; «плю–мінус–цікава»; «плюс–мінус– пытанне». Прадугледжваецца паслядоўнае ўключэнне вучняў у мысліцельную дзейнасць, калі кожны ідзе па шляху ад «простага» да «складанага», што дазваляе меркаваць аб узроўні авалодання масліцельнымі аперацыямі.

«Асэнсаванне» не што іншае, як частка ўрока, прысвечаная вывучэнню новага матэрыялу. Гэта стадыя дае магчымасць вучням атрымаць новую інфармацыю і асвоіць розныя спосабы працы з ёю; асэнсаваць інфармацыю; суаднесці новыя веды з набытымі раней. На гэтым этапе актуальныя такія прыёмы, як чытанне тэксту з маркіроўкай па метадзе insert; вядзенне розных запісаў тыпу «двайных дзённікаў» і «бартавых журналаў», канцэптуальных табліц; выдзяленне ключавых слоў; новы кластар; сюжэтная табліца (Хто? Што? Калі? Дзе? Колькі?).

Трэцяя стадыя таксама прысутнічае у традыцыйным уроку – гэта замацаванне матэрыялу, праверка яго засваення. Тут асноўным з’яўляюцца цэласнае асэнсаванне, абагульненне атрыманай інфармацыі; прысваенне новых ведаў; пашырэнне прадметнага поля; фарміраванне ў кожнага з вучняў асабістых адносін да вывучаемага матэрыялу. На гэтым этапе выкарыстоўваюцца такія прыёмы, як «сінквейн» – творчая форма рэфлексіі, якая садзейнічае фарміраванню ў малодшых школьнікаў умення рэзюмаваць інфармацыю, вывыказваць  складаныя ідэі, пачуцці і ўяўленні ў сціслых выразах; «эсэ»; «тэлеграма» і інш.

З дапамогай розных прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення малодшыя школьнікі вучацца прагназаваць («правільныя–няправільныя сцвярджэнні», «дрэва прадказанняў»), успрымаць інфармацыю («інсерт», «мазгавы штурм», «ведаю–хачу даведацца–даведаўся»), задаваць пытанні («тоўстыя і тонкія пытанні», «кластар»), творча інтэрпрэтаваць інфармацыю («сінквейн»). Усе пералічаныя прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення добра спалучаюцца з традыцыйнымі формамі працы настаўніка на ўроках літаратурнага чытання. Нягледзячы на неаднароднасць прыёмаў развiцця крытычнага мыслення, у iх ёсць адзiная накiраванасць: стымуляванне ўсведамлення вучнямi пачатковых класаў уласных дзеянняў на ўроках лiтаратурнага чытання: аналiзу, абагульнення, ацэнкi, параўнання.

Галоўнае для настаўніка пачатковых класаў пры працы з мастацкім тэкстам на ўроках літаратурнага чытання – гэта знайсці магчымасць дапамагчы вучню не вывучыць мастацкі твор, а пражыць урок з ім і ў ім. Трэба імкнуцца ўпэўніць малодшага школьніка ў тым, што яго меркаванне хвалюе настаўніка, што яно яму цікавае. I тады мастацкі тэкст будзе ўздзейнічаць на асобу вучня. Абстаноўка псіхалагічнага камфорту матывуе дзяцей на выказванне асабістага меркавання ў працэсе аналізу твора. Вучні ўспрымаюць і адчуваюць слова, паказваюць герояў твора з дапамогай сімвалаў, складаюць па схемах тэкст.

Выкарыстанне тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення дае малодшым школьнікам дакладны алгарытм працы з любым тэкстам, садзейнічае развіццю мыслення і творчасці, па-новаму вучыць працаваць з інфармацыяй, фарміруючы інфармацыйную кампетэнтнасць вучняў. У малодшых школьнікаў развіваюцца здольнасці аналізаваць з’явы, актывізаваць набытыя раней веды для выкарыстання ў незнаёмай сітуацыі, адсочваць прычынна-выніковыя адносіны паміж з’явамі, прадметамі, прыметамі, вылучаць і правяраць гіпотэзы. Выкарыстанне прыёмаў тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення развівае ў малодшых школьнікаў цікавасць да ўрокаў літаратурнага чытання, робячы працэс навучання ўсвядомленым, дзейнасным.

Такім чынам, пры працы з мастацкім тэкстам на ўроках літаратурнага чытання ў пачатковых класах выкарыстоўваюцца такія прыёмы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення, як: 1) прыёмы актыўнага чытання; 2) прыёмы актывізацыі атрыманых раней ведаў; 3) прыёмы графічнай арганізацыі вучэбнага матэрыялу; 4) прыёмы, якія патрабуюць творчасці вучняў; 5) прыёмы, што выкарыстоўваюцца пры групавой працы. На наш погляд, менавіта такія метады і прыёмы працы садзейнічаюць фарміраванню актыўнай чытальніцкай пазіцыі сучаснага малодшага школьніка.

 


 

 

  1. Узнадзе, Д. Антология гуманной педагогики / Д. Узнадзе. – Ташкент : Изд. дом Шалвы  Амонашвили, 1987. – 102 с.

  2. Загашев, И. О. «Критическое мышление: технология развития» / О. И. Загашев, С. И. Заир-Бек. – СПб, 2003.

 

  

MediaLex 2015