Баліцэвіч Аліна Генадзьеўна
Лексіка-семантычнае поле лексемы
«смех»: УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»
Аналіз намінацыйнай структуры лексіка-семантычнага поля (ЛСП) ‘смех, смешнае’ ў беларускай мове дазволіў выявіць тэматычную разнастайнасць дадзенага ЛСП. У склад ЛСП ‘смех’ уваходзяць лексічныя адзінкі, што адносяцца да актыўнага слоўнікавага запасу беларускай мовы. Дадзеная лексіка валодае высокай частотнасцю, шырокай спалучальнасцю і словаўтваральнай актыўнасцю. Лексіка пасіўнага слоўнікавага запасу можа быць аднесена да перыферыйнай часткі ЛСП. Склад лексіка-семантычнай групы (ЛСГ) не з’яўляецца нязменным. Асобныя адзінкі з часам могуць сыходзіць у пасіўны склад мовы і, такім чынам, на перыферыю групы і наадварот, стылістычна афарбаваныя словы могуць рабіцца нейтральнымі і ўваходзіць у ядро ЛСГ. Можна гаварыць і пра ўзаемадзеянне адзінак, што ўваходзяць у розныя ЛСГ дадзенага поля, пра што сведчаць наступныя плеанастычныя словазлучэнні: смяяцца смехам, усміхацца ўсмешкай, рагатаць рогатам. Уяўляецца, што ў ядро ЛСП ‘смех’ уваходзяць такія лексемы, як смех, рогат, смяяцца, рагатаць; усмешка, ухмылка; усміхацца, усміхнуцца, ухмыляцца, ухмыльнуцца і інш. У аддаленыя ад ядра часткі ЛСГ уваходзяць стылістычна афарбаваныя адзінкі, напрыклад, гагатаць, гогат, гагатанне, іржанне, іржаць і інш. Апроч таго, перыферыю поля складаюць асобныя ЛСГ у поўным складзе, напрыклад, ЛСГ назоўнікаў, якія называюць сцэнічных персанажаў: арлекін, гаер, блазан, пятрушка, палішынель, блазан; ЛСГ прыметнікаў, якія характарызуюць смех, рогат: найграны, сарданічны, саркастычны і інш. Большасць слоў ЛСГ, якія складаюць ядро названага поля і адрозніваюцца ці па характары гуку (хрыплы, вісклівы, бразготкі, які цурчыць, пералівісты, гаўклівы смех), ці па характары мімікі, ці па характары пачуццяў, утвараюць зоны скрыжавання з іншымі ЛСП беларускай мовы, перадусім, з ЛСП пачуццяў і эмоцый (смех, усмешка, рагатаць, хіхікаць), ЛСП гукапазначэнняў (рогат, смех, хіхіканне, іржанне, гагатаць, рагатнуць), ЛСП жэстаў (ухмылка, усмешка, усміхацца, ухмыляцца) і ЛСП міжасобасных адносін (удзячны, прымушаны, ліслівы, дагодлівы, з’едлівы смех і інш.). Намі вылучана ЛСГ дзеясловаў, што пазначаюць стан смеху (форму яго праходжання). У гэтую падгрупу ўваходзяць наступныя дзеясловы: смяяцца, засмяяцца, дасмяяцца, адсмяяцца, пасмяяцца, пасмейвацца, засмяяцца, рагатаць, рагатнуць, зарагатаць, адрагатацца, парагатаць, разрагатацца, гагатаць, прагагатаць, гагатнуць, загагатаць, разгагатацца, іржаць, заржаць, паржаць, хіхікаць, хіхікнуць, дахіхікацца, захіхікаць, падхіхікваць, пахіхікваць, абхіхікаць, прыхіхікваць, грукаць, грукнуць, рохкаць, зарохкаць,пырскаць, пырснуць, чмыхаць, чмыхнуць. У цэнтры дадзенай падгрупы знаходзіцца сінанімічны рад дзеясловаў смяяцца – рагатаць – іржаць – гагатаць – чмыхаць –пырскаць – хіхікаць. Члены сінанімічнага рада адрозніваюцца па наступных сэнсавых прыкметах: характар гуку і міміка суб’екта; каўзатар эмацыйнага стану; характар пачуцця; інтэнсіўнасць вонкавага праяўлення эмацыйнага стану і наяўнасць самакантролю; працягласць стану; тып суб’екта; пазначэнне ўласцівай суб’екту манеры смяяцца; ацэнка пазначанага стану. Дамінантай сінанімічнага рада з’яўляецца дзеяслоў смяяцца. Вынікі аналізу сінанімічнага рада дзеясловаў з дамінантай смяяцца паказалі, што набор прыкмет, якія ўваходзяць у дадзеную групу дзеясловаў, маюць як універсальныя для ўсіх моў, так і спецыфічныя асаблівасці, характэрныя для беларускай моўнай карціны свету. Так, каўзатарам эмацыйнага стану, які перадаецца дзеясловамі смяяцца і рагатаць, звычайна выступае што-небудзь вельмі смешнае, вясёлае. Звычайна смяюцца ад радасці, ці ў норме смех, які выклікае станоўчыя эмоцыі. Дзеясловы смяяцца, рагатаць і інш. спалучаюцца з адрознымі прыслоўямі, якія выяўляюць гучнасць і тэмбр гуку. Характар пачуцця, які абазначаецца дадзенымі дзеясловамі, можа быць розным (смяяцца нахабна, нервова, пераможна, зласліва, ад крыўды). Вытворныя ад смяяцца аднакаранёвыя дзеясловы могуць маніфеставаць і пачуццё перавагі над суразмоўцам, ацэнку суб’екта (засмяяцца ў твар, пасмейвацца). Вонкавае праяўленне эмацыйнага стану, што абазначаецца дзеясловам смяяцца, яго інтэнсіўнасць, ступень самакантролю могуць вар’іравацца. Стан, які абазначаецца дзеясловам рагатаць, практычна не паддаецца кантролю, да таго ж выгляд чалавека, які рагоча, апісваецца часта праз параўнанне з чалавекам, які мае псіхічныя адхіленні (вар'яцкі, шалёны, звар'яцелы). Дзеяслоў хіхікаць мае на ўвазе вялікую долю самакантролю, а гутаркова-прастамоўныя дзеясловы пырскаць і чмыхаць дэманструюць кароткі нястрыманы смех, які не паддаецца кантролю. Хіхікаюць жа ў стане ніякаватасці ці нервовай узрушанасці. Для апісання фізічнага стану чалавека, які смяецца, і ўспрымання гэтага стану выкарыстоўваюцца метафары хваробы (смяяўся заразліва; смеючыся, затросся ў канвульсіях, гамерычны смех (рогат), выставіць на смех, качацца са смеху, кіснуць ад смеху, класціся ад (са) смеху, курам на смех, лопнуць са смеху, не да смеху, не на смех, падняць на смех). З усіх сінонімаў толькі дзеяслоў смяяцца выкарыстоўваецца найчасцей у параўнальных зваротах і можа характарызаваць уласцівую суб’екту манеру смяяцца (напрыклад, смяяцца як дзіцё, пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху, паміраць (лопацца) са смеху, смех бярэ, смех ды і годзе; смех сказаць, смеху варта, (як) на смех і г.д.). Смех – універсальны моўны і культурны феномен, які характарызуецца суб’ектыўнасцю, большай ступені негатыўнага смеху, чым лагоднага. Смех з’яўляецца крыніцай задавальнення, і людзям прыемна не толькі смяяцца самім, але таксама смяшыць сваіх блізкіх, аднак не выступаючы ў якасці аб’екта смеху.
|