Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Бірыцкі Сяргей Мікалаевіч

Да пытання фарміравання функцыянальнай

граматнасці малодшых школьнікаў

УА “Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна”

 

Ключавым палажэннем, якое вызначае практычна ўсе аспекты любой адукацыйнай сістэмы, з’яўляецца адказ на пытанне, якую асобу мы хочам атрымаць пасля праходжання ёй усіх адукацыйных ступеняў. Менавіта з тым ці іншым магчымым адказам звязана вызначэнне мэт і задач адукацыйнай сістэмы і кожнага прадмета, які рэалізуе яе, адбору і прынцыпу арганізацыі вучэбнага матэрыялу, выбар методык, стылю асабістых узаемаадносін з вучнем, формы арганізацыі класнаўрочнай дзейнасці, ацэньванне вынікаў і многае іншае.

Шмат гадоў педагагічная грамадскасць і бацькі паўтаралі, што галоўны абавязак школы – даць вучню веды. Пры гэтым пад ведамі разумелі набор інфармацыі па тым ці іншым прадмеце, якая ў асноўным падлягала запамінанню з вучэбных тэкстаў і тлумачэнняў настаўніка. Да гэтага часу ўзнікаюць спрэчкі паміж спецыялістамі-прадметнікамі аб неабходнасці таго ці іншага раздзела ці тэмы ў школьнай праграме і жаданне “атрымаць” як можна больш гадзін на свой прадмет. Да апошняга часу школа традыцыйна забяспечвала вывучэнне асноў навук. Аднак сёння “нашпігаванне” вучня інфармацыяй па прынцыпе “чым больш, тым лепш“ пачынае губляць сэнс. Па-першае, адразу пасля заканчэння школы большая частка інфармацыі забываецца; па-другое, з-за хуткага росту і якаснага змянення аб’ёму прадметных ведаў чалавецтва ўжо праз 10 гадоў многае з таго, што з такой цяжкасцю завучвалася, ужо ўстарэе і будзе непатрэбным; па-трэцяе, сёння мы адчуваем, што інфармацыя без умення ёй карыстацца мае вельмі мала сэнсу. На першы план выходзіць у такім выпадку не праблема «колькі ведаць», а праблема «што трэба ўмець». Неабходным становіцца навучанне прыёмам і метадам працы з вучэбным матэрыялам. Канчатковым вынікам навучання павінна стаць фарміраванне функцыянальнай граматнасці асобы. Толькі функцыянальна граматная асоба зможа ацаніць сітуацыю, якая склалася ў грамадстве, выбраць запатрабаваную на сённяшні дзень прафесію, прыняць правільнае рашэнне, адаптавацца ў любым соцыуме, авалодаць сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі [1, с. 40].

Функцыянальна граматная асоба – гэта асоба, якая здольна выкарыстаць усе паступова набытыя на працягу жыцця веды, уменні і навыкі для выражэння максімальна шырокага дыяпазону жыццёвых задач у розных сферах сацыяльных адносін. Раскрыем больш падрабязна гэту фармулёўку. Функцыянальна граматная асоба – гэта чалавек: 1) які арыентуецца ў свеце і дзейнічае ў адпаведнасці з грамадскімі каштоўнасцямі, чаканнямі і інтарэсамі, у прыватнасці, які ўмее: суадносіць і каардынаваць свае дзеянні з дзеяннямі іншых людзей, разумець умовы ўласных дзеянняў у адпаведнасці з задачамі, якія стаяць перад чалавецтвам у цэлым, свядома дзейнічаць у межах нарматыву, выбіраючы аптымальныя ўмовы; 2) які здольны быць саматойным у сітуацыі выбару і прыняцця рашэнняў; 3) які ўмее адказваць за свае рашэнні; 4) які здольны несці адказнасць за сябе, сваіх блізкіх; 5) які валодае наборам як ключавых кампетэнцый, так і кампетэнцый па разнастайных галінах ведаў; 6) для якога пошук рашэння ў нестандартнай сітуацыі – звычайная з’ява; 7) які лёгка адаптуецца ў любым соцыуме і які ўмее актыўна ўплываць на яго; 8) які разумее, што жыццё сярод людзей – гэта пошук пастаянных кампрамісаў і неабходнасць пошуку агульных рашэннняў; 9) які добра валодае вуснай і пісьмовай мовай (маўленнем) як сродкам ўзаемадзеяння паміж людзьмі; 10) які валодае сучаснымі інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Асновы функцыянальнай граматнасці закладваюцца ў пачатковай школе, дзе ідзе інтэнсіўнае навучанне розным відам маўленчай дзейнасці – пісьму і чытанню, гаварэнню і слуханню; фарміраванне прыёмаў матэматычнай дзейнасці ў вучняў пачатковай школы [2, с. 198].

Фарміраванне функцыянальнай граматнасці малодшых школьнікаў заснавана на наступных прынцыпах: 1) адукацыйны працэс прыводзіць да найлепшых вынікаў, калі ўзаемаадносіны настаўніка і вучняў носяць асобасны характар; 2) вучэбная праграма павінна ўлічваць індывідуальныя інтарэсы школьнікаў і іх патрэбнасць у развіцці; 3) вучні павінны стаць актыўнымі ўдзельнікамі працэсу вывучэння новага матэрыялу; 4) школы актыўна падтрымліваюць даследаванні вучняў, прысвечаныя вывучэнню  складаных глабальных праблем.

Сутнасць функцыянальнай граматнасці заключаецца ў здольнасці асобы самастойна ажыццяўляць  вучэбную дзейнасць, а таксама выкарыстоўваць усе набытыя ў жыцці веды, уменні і навыкі для рашэння жыццёвых задач у розных сферах чалавечай дзейнасці. Складнікамі функцыянальнай граматнасці лічацца арганізацыйныя, інтэлектуальныя, ацэначныя і камунікатыўныя ўменні, заснаваныя на трывалых ведах. У адукацыйным працэсе яны могуць быць набыты вучнем, калі захаваны наступныя ўмовы: 1) вучэбны працэс арыентаваны на развіццё самастойнасці і адказнасці вучня за вынікі сваёй дзейнасці; 2) навучанне носіць дзейнасны характар; 3) даецца магчымасць для набыцця вопыту дасягнення мэты; 4) правілы атэстацыі зразумелыя ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу; 5) выкарыстоўваюцца прадуктыўныя формы групавой працы.

Для забеспячэння прадуктыўнасці фарміравання функцыянальнай граматнасці малодшых школьнікаў  настаўніку неабходна выкарыстоўваць спецыяльныя актыўныя, дзейнасныя, «суб’ект-суб’ектныя», асобасна арыентаваныя адукацыныя тэхналогіі (праблемна-дыялагічная тэхналогія асваення новых ведаў, тэхналогія фарміравання тыпу правільнай чытацкай дзейнасці, тэхналогія праектнай дзейнасці, навучанне на аснове «вучэбных сітуацый», узроўневая дыферэнцыяцыя навучання, інфармацыйныя і камунікацыйныя тэхналогіі, тэхналогія ацэньвання вучэбных дасягненняў школьнікаў і інш.).

Вынікам развіцця функцыянальнай граматнасці з’яўляецца авалоданне навучэнцамі сістэмай ключавых кампетэнцый, якія дазваляюць эфектыўна выкарыстоўваць засвоеныя веды ў практычнай сітуацыі і паспяховапрымяняць іх у працэсе сацыяльнай адаптацыі

Такім чынам, фарміраванне функцыянальнай граматнасці малодшых школьнікаў мае выключнае значэнне для развіцця асобы, здольнай вырашаць задачы ў розных сферах жыццядзейнасці.

 


 

 

1. Образовательная система «Школа 2100» – качественное образование для всех : сб. мат. ; под науч. ред. Д. И. Фельдштейна. – М. : Баласс, 2006. – 320 с.

2. Зимняя, И. А. Ключевые компетентности как результативно-целевая основа компетентностного подхода в образовании / И. А. Зимняя. – М. : Исследовательский центр проблем качества специалистов, 2004. – 327 с.

 

 

MediaLex 2016