Республиканская научная интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Дземідзюк Таццяна Алегаўна

 Лексічнае поле кінемы «вочы»: функцыянальны аспект

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

Мова позірку з’яўляецца дастаткова інфармацыйнай падчас зносін. Па вачах можна зразумець эмацыянальны стан чалавека, позірк дапамагае падтрымаць кантакт пры размове. Ступень удзелу вачэй у гаворцы між людзьмі вельмі вялікая. Позірк паказвае актыўную рэакцыю, па позірку можна меркаваць пра адносіны паміж людзьмі.

Вочы – найважнейшая частка галавы і твару чалавека. Старажытная міфалагема, якая дала жыццё некалькім метафарам, якія захаваліся да нашых дзён, “вочы=боства”. Таму – хозяйский глаз, без глаза.

Яшчэ адна міфалагема – “вочы=чалавек”, ад якой узніклі фразеалагізмы вочы радуюцца, вочы гараць, вочы б мае не бачылі. У беларускай мове з кампанентам вочы налічваецца больш за 170 фразеалагізмаў. Паколькі 80% інфармацыі праходзіць праз вочы,  яны лічацца найважнейшым з органаў, таму вачам прыпісваецца таемная магічная сіла.

Падманваць каго-небудзь – гэта перашкаджаць адэкватна ўспрымаць свет, ці перашкаджаць яму глядзець, адсюль замазаць вочы, сляпіць вочы, засціць вочы, замыльваць вочы,  і інш.

Мэта нашага даследавання – вызначыць лексіка-семантычнае поле кінемы «вочы»; прааналізаваць семантыка-стылістычную ролю лексемы ў мастацкім кантэксце. Аб’ектам даследавання сталі словы лексіка-семантычнага поля кінемы “вочы”; прадметам даследавання з’яўляецца канататыўнае і паняційнае значэнні лексемы «вочы» ў моўным кантэксце.

Нягледзячы на сакральнасць (вочы – “акно ў іншасвет”, ліхое вока) і паэтычнасць (У вачах адлюстравана тое, што ў душы хаваецца на дне (Я. Непачаловіч); І ў затуманеным прасторы ці то ў душы маёй плылі вачэй бяздонныя азёры (Г. Бураўкін) кінемы “вочы”, сінонімамі да яе з’яўляюцца грубыя і зневажальныя словы: бельмы, бельмачы, буркалы, зіркачы, лупы, зекры. Нямала слоў існуе і ў дыялектнай мове для называння органа зроку, аднак большасць з іх таксама мае экспрэсіўную, часцей зневажальную, афарбоўку: вачаня, глаз, глядзелкі, пялы, зебры, бельмы, бельмакі, буркалы, булы, бумбулі, ба́кі, бакулы, бялкі, балонкі, вірлы, лупы, лупачы, лыпаўкі, земкачы, гізікі, зекры, зеграчы, зенкі, зенні, зрыны, зяпкі, сляпні, безікі, гізюкі, шклянкі, бінды, пазіралкі, гузлы, ліпсы, я́зікі, блымаўкі, банькі, шчэлкі, ямкі, каяны і інш.

Вочы не толькі бачаць, яны могуць сказаць больш чым словы пра ўнутраны стан чалавека і пра яго адносіны да іншых. Здольнасць вока далёка бачыць адлюстравана ў загадках: Маленькае, кругленькае да неба дакінеш; Маленькі, кругленькі, як махне, дык да неба дамахне (вока).

Мова дакладна адзначае незвычайную здольнасць вачэй – іх зрэнкі знаходзяцца ў руху, адсюль спалучальнасць вялікай колькасці дзеясловаў руху са словам “вочы”: акінуць вачыма, абвесці вачыма, адвесці вочы, слізгаць вачыма, змераць вокам, аблазіць вачыма, праводзіць вачыма, прыкаваць вочы, вылупіць вочы, упіцца вачыма, заплюшчыць вочы, прыжмурыць вочы, апусціць вочы і г.д.

Аўтарскі тэкст максімальна набліжаны да сапраўдных жыццёвых рэалій, таму  пры апісанні стасункаў паміж героямі мы можам успрымаць вочы як крыніцу інфармацыі аб персанажы мастацкага твора.

Частата ўжывання ў мастацкім тэксце моўных адзінак са значэннем візуальнага кантакту сведчыць аб майстэрстве пісьменніка, якое заключаецца ў яскравым і выразным раскрыцці вобразаў герояў, іх пачуццяў, перажыванняў, характараў, ва ўменні дакладна паказаць узаемаадносіны персанажаў падчас камунікатыўных зносін.

Моўныя адзінкі са значэннем візуальнага кантакту называюць разнастайныя тыпы міжасобасных адносін, якія ўзнікаюць у працэсе камунікацыі, выражаюць пэўную ацэнку, перадаюць пачуцці, псіхалагічны і эмацыянальны стан асобы. Вочы могуць выражаць:

пачуццё дабрыні і замілаванасці да субяседніка: “Ды ўжо як, калі такое дзела”, - ніякавата паморшчыўся Грыбаед, і вочы яго неяк мякка і па-добраму засвяціліся [1, с. 65]; 

непаразуменне і насцярожаннасць у пэўнай сітуацыі: Валодзька, малы бялявы брат, што спаў на палацях, раптам заварушыўся, расплюшчыў вочы, зірнуў на Васіля і мігам ускочыў: “Вась, а Вась, – і я?!”[2, с. 65]; Ляўчук, не збаўляючы кроку і нават не азірнуўшыся, толькі косячы вокам, прашыбаваў яшчэ дзесяць крокаў і выйшаў з іх акопа [1, с. 91];

спакой і абыякавасць да сітуацыі: Юрый спыніўся. Вочы яго спакойна сустрэлі позірк вачэй Леановіча [3, с. 30]; 

здзіўленне пры пэўных умовах: Праз гэты дымок здзіўленыя вочы Горава ўбачылі, як Пора-Леановіч таргануўся ўперад быццам наткнуўся грудзьмі на нешта нябачнае, і стаў [3, с. 37]; “А брат твой па жанчынападобству, Іаан Зеведзееў, апостал Ян, евангеліст Ян” Мудрагелістыя вочы Ладысевы пашырыліся: “Прыемна мне” Але пацерам то мяне вывучылі, а іншаму ні-ні”[4, с. 115]; Такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі. Мы сядзелі некаторы час моўчкі; камін дагараў , і цемра пасялілася па кутах вялізнай залы, калі я глянуў на яе і спалохаўся: такія шырокія былі ў яе вочы, так дзіўна нахілена галава. І зусім не было бачна вуснаў, так яны збялелі [7, с. 212];  Я вылупіў вочы:  – Ну й памяць!  – Памяць прафесійная. Дакладна. Прадзёртая была. Ён рапараваў. Вялізныя дуры, яркія. “Кромвель” гэта  “пад Рэмбранта надае”. Ён іх не пачуў …[8, с. 69]; Але вось у вачах яго прамільгнула нешта такое незразумелае, што я мімаволі глянуў у той бок, і… вочы мае палезлі на лоб: такое дзіўнае было відовішча”[7, с. 82];“Я сам пабачыў як вочы Дубатоўка вырачыліся і ніжняя сківіца адвісла: ён, відасць, і сам не чакаў такога” [7, с. 101];

шчырасць і пяшчоту да субяседніка: Вочы Гарновай загарэліся шчырым агнём [5, с. 258];

пільнасць, уважлівасць, зацікаўленасць да субяседніка: Зоська, пабялеўшы, ва ўсе свае вялікія вочы глядзела на Антона [1, с. 190];

ніякаватасць: Васіль знарок адвярнуўся, каб не глядзець, але міма яго ўсё ж не прайшло ні тое, што з яе язычка зноў сарвецца штосьці кплівае, крыўднае [2, с. 15–16];

радасць, шчасце: Вочы яго блішчалі ад гэтага прыемнага пачуцця [7, с. 304.]; На твары Загорскага быў такі разгублены выраз, што Клейна няўлоўна ўсміхнулася, а ў вачах яе загарэўся гарэзлівы, амаль дзіцячы, малады агеньчык [6, с. 100]; І тут адна гожая чарнявая маладзіца са снежнымі зубамі сказала :– Ну вось. А я тут і жыццё-о пражыла-а, а дуба таго не бачыла. Вочы смяяліся. Я запрасіў яе сесці з намі, і яна нават устала [10, с. 16];

сум, безнадзейнасць, адчай, трывогу, хваляванне: Цягнік калаціла на сутыках. Высоцкі адвёў вочы, таксама расхваляваны [8, с. 153.]; Дзяўчына глядзела на яго з-пад доўгіх загнутых веек вільготна і сумна, чорнымі дзівоснымі вачыма [8, с. 83]; Ён нагнаў яе, паспрабаваў спыніць і ўбачыў, што вочы ў яе халодныя і чужыя. / – Страляйце,− цьмяным голасам сказала яна [9, с. 114.];.Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганскай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкалася нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі…[9, с. 387]; “ – На табе чару, – Смерць узяла чарговага латніка. Выліваха гойсаў вачыма па дошцы і меркаваў, што яму цяпер рабіць. Арахна дыхала яму ў спіну”[9, с.  438].

Вочы як адбітак эмацыянальнага стану герояў твора могуць выражаць самыя разнастайныя пачуцці: негатыўныя  ці пазітыўныя. Позірк можа выражаць пэўны настрой ў той ці іншай сітуацыі ці, наадварот, характарызаваць персанажа як індывідуальнасць, ствараць непаўторны вобраз.

  


 

 

1. Быкаў, В. Збор твораў: у 4 т. / В. Быкаў. – Мінск, 1982. – Т.3. – 432 с.

2. Мележ, І. Людзі на балоце. – Мінск : Народная асвета, 1968. – 512 с.

3. Караткевіч, У. Нельга забыць: раман / У. Караткевіч. – Мінск : Маст. літ., 1982. – 335 с.

4. Караткевіч, У. Выбраныя творы: у 2 т. / У. Караткевіч. – Мінск : Маст. літ., 1980. – Т. 2. – Хрыстос прызямліўся ў Гародні: раман. – 400 с.

5. Зарэцкі, М. Кветка пажоўклая: апавяданні, аповесць/М. Зарэцкі. – Мінск : Маст. літ., 1998.  – 431 с.

6. Караткевіч, У. Каласы пад сярпом тваім: раман/ У. Караткевіч. – Мінск : Юнацтва, 1981. – Кн.1 – 381 с.

7. Караткевіч, У. Збор твораў: у 8 т. – Т. 7. Дзікае паляванне караля Стаха: Аповесць: для сярэд. і ст. шк. узросту / маст. А. У. Басалыга. –  Мінск : Юнацтва, 1995. –  368 с.

8. Караткевіч, У.  Збор твораў: у 8 т. – Т. 7. Дзікае паляванне караля Стаха : аповесць ; Чорны замак Альшанскі : раман / У. Караткевіч. – Мінск : Маст. літ., 1990. – 574 с.

9. Караткевіч, У. Чазенія: апавяданні і аповесць: для сярэд. і ст. шк. узросту / У. Караткевіч. – Мінск: Маст. літ., 2007. − 398 с.

10. Караткевіч, У. Выбраныя творы: у 2 т. – Т. 1. Апавяданні, аповесці. – Мінск : Маст. літ., 1980. – 336 с.

 

 

MediaLex 2016