Дзяцук Аксана Мікалаеўна
Аналіз як
неабходны этап вывучэння мастацкага твора УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»
Аналіз – найважнейшы метад навуковага спасціжэння мастацкага твора. У працэсе аналізу мастацкага твора М.С. Раждзественскі прапаноўвае праводзіць працу па выяўленні сэнсу не ўсяго твора адразу, а асобных частак твора і нават сэнсу кожнага сказа, калі чытаць невялікі па аб’ёме твор [1, с. 99]. М.Р. Львоў, У.Г. Гарэцкі, А.В. Сасноўская таксама сцвярджалі, што аналіз мастацкага твора павінен весціся па лагічна завершаных частках. Часткі гэтыя вызначае настаўнік, зыходзячы са зместу і структуры твора. Аўтарамі распрацавана методыка аналізу мастацкага твора, згодна з якой кожная з частак чытаецца ўголас выкліканым вучнем, іншыя дзеці сочаць за чытаннем па кнізе. Пасля завяршэння чытання ажыццяўляецца навучанне «думанню падчас чытання», гэта значыць праводзіцца аналіз прачытанай часткі. Аналітычная дзейнасць арганізуецца такім чынам, каб дзеці маглі зразумець сэнс твора, таму разбор часткі ажыццяўляецца па трох узроўнях: фактычным, ідэйным і ўзроўні ўласнага стаўлення да прачытанага [2, с. 150]. Самы распаўсюджаны прыём аналізу – пастаноўка пытанняў да прачытанай часткі. Пытанні дапамагаюць дзецям зразумець факты твора, асэнсаваць іх з пункту гледжання ідэйнай накіраванасці твора, гэта значыць зразумець прычынна-выніковыя сувязі, усвядоміць пазіцыю аўтара, а таксама выпрацаваць уласныя адносіны да прачытаннага. Неад’емным элементам аналізу кожнай часткі твора павінна стаць слоўнікавая работа. Удакладненне лексічнага значэння слоў дапамагае праясніць змест, узнаўляе ўяўленне дзяцей, дапамагае зразумець аўтарскае стаўленне да падзей. Слоўнікавая праца ў ходзе аналізу тэксту прадугледжвае і назіранне за вобразна-выяўленчымі сродкамі мовы твора С.П. Рэдазубаў вылучае шэраг прыёмаў, якія дапамагаюць вучням дасягнуць яркага ўспрымання мастацкіх вобразаў. Да іх адносяцца: 1) папярэдняя гутарка ці аповед настаўніка з мэтай увядзення вучняў не толькі ў тэму твора, але і ў тую эпоху і асяроддзе, якое малюецца аўтарам; 2) выразнае чытанне твора самім настаўнікам, дзякуючы якому многае ў прачытаным становіцца цалкам зразумелым дзецям без далейшых тлумачэнняў; 3) работа над выяўленчымі сродкамі мовы мастацкіх твораў (у адзінстве з раскрыццём іх зместу); 4) выбарачнае чытанне ўрыўкаў твора; 5) наступная праца ў класе над выразнасцю чытання твора вучнямі [3, с. 221]. Менавіта праца над вобразамі ў іх ўзаемадзеянні ўяўляе сабой аналіз мастацкага твора. У працэсе разбору вучні павінны зразумець і характарыстыку вобраза (героя, пейзажу і г.д.), і сэнс гэтага вобраза, гэта значыць нагрузку, якую ён нясе ў агульнай структуры твора. Аналіз вобраза героя вучыць разбірацца ў тым, як пісьменнік адлюстроўвае дзеючых асоб, адкрываючы тое, што схавана ад вачэй: думкі і пачуцці персанажаў, рысы іх характару. Трэба прывучаць дзяцей ацэньваць героя не толькі па ўчынках, але і па матывах, што іх выклікаюць; апошняе, як вядома, даецца малодшым школьнікам цяжэй. Існуе шэраг прыёмаў, якія дапамагаюць арганізоўваць работу над характарыстыкай персанажа. Пералічым некаторыя з іх: 1) настаўнік называе якасці персанажаў і просіць вучняў прывесці прыклады, якія іх пацвярджаюць; 2) дзецям прапануецца самастойна назваць уласцівасць характару героя (гэта даступна малодшым школьнікам, калі персанаж мае не больш за дзве–тры якасці характару і паказаны ў дзеянні); 3) супастаўляюцца героі аднаго твора або блізкіх па тэматыцы твораў. Найбольш лёгкі від параўнання – проціпастаўленне. Пры параўнанні ўдакладняецца аўтарскае стаўленне да герояў. Для параўнання могуць быць ўзятыя творы як аднаго, так і розных аўтараў. Абавязковая ўмова адбору тэкстаў для такога ўрока – наяўнасць у іх, акрамя проціпастаўлення, падабенства тэмы, пачуццяў, настрояў, сэнсу. Супастаўляльны аналіз можа праводзіцца на празаічных і паэтычных творах. Галоўная мэта ўрока заключаецца ў пошуку на аснове аналізу адрозненняў аб’яднальнага фактару ў супастаўляемых творах. Як правіла, агульным будзе ідэйны сэнс твораў, якія неабходна даследаваць [4, с. 6]. Усведамленне ідэі твора – гэта разуменне асноўнай думкі аўтара, дзеля якой ён стварыў свой твор. Аўтарскае стаўленне да герояў, іх узаемаадносін, да падзей важна раскрываць паступова. Вылучаецца шэраг прыёмаў для выяўлення аўтарскіх адносін да дзеючых асоб: 1) настаўнік сам характарызуе стаўленне аўтара да героя, а вучні пацвярджаюць гэта з дапамогай тэксту; 2) настаўнік звяртае ўвагу дзяцей на аўтарскія словы, якія ўскосна характарызуюць героя, вучні «расшыфроўваюць» тое ці іншае дзеянне, выраз твару, інтанацыю героя і на гэтай падставе вызначаюць характар адносін аўтара да персанажа; 3) сумесна з настаўнікам дзеці праводзяць «эксперымент»: выключаюць з тэксту словы, выразы, якія змяшчаюць аўтарскую ацэнку, што дапамагае лепш усвядоміць ролю гэтай ацэнкі ў характарыстыкі персанажа; 4) пры адсутнасці рэмарак аўтара вучні прыдумваюць іх сумесна з настаўнікам. Разважанні пра адносіны вучняў да прачытанага павінны пранізваць усю работу над тэкстам. Метадысты вылучаюць шэраг прыёмаў, якія дапамагаюць дзіцяці ўсвядоміць свае ўласныя адносіны да прачытанага. Да іх адносяцца: чытанне па ролях, пераказ, выразнае чытанне. Чытанне па ролях павышае эмацыянальнасць урока, ажыўляе яго, дапамагае вучням лепш зразумець асаблівасці характару кожнага персанажа твора. Перад вучнем узнікае неабходнасць выбраць правільны тэмп чытання, абазначыць голасам лагічныя паўзы і націскі, перадаць эмацыянальны змест рэплікі. А ўсё гэта будзе зроблена правільна, калі школьнік зразумее характар героя. Пераказ тэксту дапамагае дзіцяці ўсвядоміць свае ўласныя адносіны да прачытанага. Пераказ – гэта выдатны сродак для развіцця як лагічнага, так і вобразнага мыслення. Выразнае чытанне тэксту грунтуецца на такой якасці навыку чытання, як выразнасць – здольнасць сродкамі вуснай мовы перадаць слухачам свае адносіны да ідэі твора. Выразнае чытанне павінна прысутнічаць на кожным этапе ўрока, выступаць адным з асноўных прыёмаў, які дапамагае дакладнаму разуменню мастацкага вобраза. Першаснае выразнае чытанне мастацкага твора настаўнікам – гэта ўжо і ёсць пачатак падобнага разумення. Без выразнага чытання вобразны аналіз немагчымы наогул [5, с. 97]. У методыцы чытання прынята выкарыстоўваць і такія творчыя прыёмы аналізу, як славеснае і графічнае маляванне, аналіз ілюстрацыі, стылістычны эксперымент, падбор сінонімаў з мэтай апраўдання аўтарскага выбару, складанне дыяфільмаў, драматызацыя, складанне апавядання пра героя, ад асобы героя, музычнае ілюстраванне твора і іншыя. Прыём славеснага малявання карысна выкарыстоўваць пры вывучэнні апавяданняў, аснову якіх складае адна падзея, якая раскрывае жыццёвыя пазіцыі герояў. Гэты прыём дазваляе ўзнавіць ва ўяўленні карціну жыцця, апісаную аўтарам, зразумець пазіцыю кожнага героя. Прыём славеснага малявання нясе ў сабе вялікі патэнцыял, які развівае і выхоўвае. Настаўніку ні ў якім разе не варта недаацэньваць значэнне прыёму і пры аналізе мастацкага твора прапаноўваць дзецям заданні па славесным маляванні. Яшчэ адным прыёмам, які дапамагае глыбей пранікнуць у твор, з’яўляецца стылістычны эксперымент. М.П. Ваюшына вызначае стылістычны эксперымент як наўмыснае скажэнне аўтарскага тэксту, якое мае мэтай даць дзецям матэрыял для параўнання, прыцягнуць іх увагу да аўтарскага выбару слова. Пропуск або замена асобных слоў, змяненне канструкцыі сказа або дзяленне тэксту на абзацы, якія прыводзяць да змены адценняў сэнсу твора, дапамагаюць дзецям вызначыць гэтыя адценні [6]. А.С. Козыравай прапанавана 56 відаў розных заданняў для працы над зместам тэксту на ўроках чытання [7]. Такім чынам, фарміраванне ў дзяцей правільнага, паўнавартаснага ўспрымання мастацкага твора з’яўляецца адной з задач настаўніка пачатковай школы. Але гэтага немагчыма дасягнуць без мэтанакіраванага выкарыстання прыёмаў аналізу мастацкага твора. Умелае і своечасовае выкарыстанне таго ці іншага прыёму, таго ці іншага творчага задання пры аналізе мастацкага твора будзе спрыяць усведамленню яго ідэйнага зместу, той асноўнай думкі, якую імкнуўся данесці аўтар да свайго чытача, а таксама выяўленню мастацкай каштоўнасці твора.
1. Рождественский, Н. С. Методика начального обучения русскому языку / Н. С. Рождественский. – М. : Просвещение, 1965. – 347 с. 2. Львов, М. Р. Методика преподавания русского языка в начальных классах / М. Р. Львов, В. Г. Горецкий, О. В. Сосновская. – М. : Академия, 2000. – 368 с. 3. Редозубов, С. П. Методика обучения чтению и письму в начальной школе : избранные труды / С. П. Редозубов. – М. : Изательство АПН РСФСР, 1961. – 427 с. 4. Никитина, Л. П. Современные подходы к анализу художественного произведения на уроках литературного чтения в начальной школе / Л. П. Никитина // Начальная школа на пути совершенствования. – Вологда : Издательский центр ВИРО, 2009. 5. Сянкевіч, М. I. Лінгваметадычныя і літаратуразнаўчыя асновы асэнсавання і аналізу мастацкага твора малодшымі школьнікамі : манаграфія / М. І. Сянкевіч. – Брэст : Выд-ва БрДУ, 2005. – 131 с. 6. Воюшина, М. П. Анализ художественного произведения на уроках чтения во втором классе четырехлетней начальной школы / М. П. Воюшина. – Л. : ЛГЛИ им. А.И. Герцена, 1989. 7. Козырева, А. С. Виды работ над текстом на уроках чтения / А. С. Козырева, В. И. Яковлева // Начальная школа.– 1990. - №3. – С. 27
|