Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Калешка Ганна Валянцінаўна

Развiццё навыку выкарыстання фразеалагiзмаў
у маўленнi вучняў пачатковых класаў

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

Важнай задачай настаўнiка на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах з’яўляецца развiццё навыку выкарыстання вобразных сродкаў мовы ў маўленнi малодшых школьнiкаў. Вобразнасць мовы цесна звязана з фразеалогiяй. Як адзначае М.Я. Цiкоцкi, «фразеалагiчныя звароты, прыказкi, прымаўкi, крылатыя словы i выразы, калi iх умела ўжываць, робяць мову больш сакавiтай, жывой i вобразнай, надаюць ёй ярка выражаную нацыянальную асаблiвасць i хараство» [1]. Фразеалагiзмы з’яўляюцца дзейсным сродкам развiцця лiнгвiстычнага мыслення i маўленчай культуры малодшых школьнiкаў, iх маральна-этычнага i эстэтычнага выхавання.

Разуменне фразеалагiзмаў пры чытаннi мастацкай лiтаратуры, пры праглядзе фiльмаў, выкарыстанне iх у вуснай i пiсьмовай мове з’яўляецца паказчыкам узроўню валодання роднай мовай. Як сведчаць назiраннi настаўнiкаў i метадыстаў, фразеалагiчны запас школьнiкаў бедны, разуменне i ўжыванне iмi фразеалагiзмаў часта недакладнае цi памылковае. Дапамагчы авалодаць фразеалагiчным багаццем мовы хоць бы часткова – задача школы.

Пры адборы фразеалагiзмаў для працы ў пачатковай школе трэба кiравацца наступнымi крытэрыямi:

1)      даступнасць фразеалагiзмаў для асэнсавання малодшымi школьнiкамi;

2)      частае выкарыстанне фразеалагiзмаў у розных жыццёвых сiтуацыях;

3)      улiк сферы iх выкарыстання;

4)      адпаведнасць фанетычных, лексiчных, сiнтаксiчных асаблiвасцяў фразеалагiзмаў таму граматычнаму матэрыялу, якi вывучаецца ў пачатковай школе.

На ўроках беларускай мовы i лiтаратурнага чытання настаўнiк звяртае ўвагу вучняў на ўстойлiвыя словазлучэннi, ставячы пры гэтым задачы:

1) паказаць спалучальнасць слоў у выразах, сэнс якiх лёгка раскрываецца. У малодшых школьнiкаў iх тлумачэнне не выклiкае цяжкасцяў. Абапiраючыся на кантэкст,  вучні пачатковых класаў самi лёгка растлумачаць сэнс некаторых фразеалагiчных адзiнак;

2) растлумачыць некаторыя фразеалагiчныя зрашчэннi (семантычна непадзельныя фразеалагiчныя адзiнкi), зрабiўшы этымалагiчны аналiз. У беларускай мове iснуюць фразеалагiзмы, якiя складаюцца са слоў-кампанентаў, што з’яўляюцца незразумелымi для ўспрымання вучнямi пачатковых класаў: збiцца з панталыку (панталык – гэта слова, што выйшла з ужывання. Яно абазначала сэнс, парадак (збiць з дарогi, збiць з толку)); тачыць лясы (лясы – ад польскага слова lasa рашотка, сетка. Першапачаткова абазначала выточваць узорныя фiгурныя слупы’). Роля настаўнiка заключаецца не толькi ў тлумачэннi значэння фразеалагiзма, але i значэння незразумелых слоў;

3) навучыць размяжоўваць свабодныя словазлучэннi i несвабодныя словазлучэнні – фразеалагiзмы. Настаўнiк павiнен навучыць малодшых школьнiкаў праводзiць мяжу памiж словазлучэннямi ў прамым i пераносным значэннях. Паказаць функцыю пераноснага значэння лягчэй за ўсё праз замену фразеалагiзма тоеснымi словамi прамога значэння (махнуць рукой – ’перастаць звяртаць увагу);

4) вучыць даваць апiсальнае тлумачэнне сэнсу фразеалагiзмаў, падбіраць сiнанiмiчныя словы, словазлучэннi, падбiраць сiнанiмiчныя i антанiмiчныя фразеалагiзмы. Паказаць мнагазначнасць некаторых устойлiвых адзiнак;

5) вучыць правiльна выкарыстоўваць фразеалагiзмы ў залежнасцi ад сiтуацыi, стылю i экспрэсii маўлення.

Iснуюць некаторыя тыпы практыкаванняў, накiраваных на выпрацоўку навыкаў правiльнага выкарыстання фразеалагiзмаў ў маўленчай практыцы.

Якiя фразеалагiзмы выкарыстоўваць пры вывучэннi той або iншай граматычнай тэмы, вызначае настаўнiк, кiруючыся названымi крытэрыямi i ўлiчваючы ўзровень развiцця вучняў.

Найбольш эфектыўны прыём засваевання фразеалагiзма – гэта асэнсаванне яго значэння ў кантэксце.

Прачытайце вершы. Растлумачце сэнс выдзеленых выразаў.

Сябравалi змалку ўтрох

Дзiма, Яша i Цiмох.

Праўда ў прымаўцы гучыць:

Iх вадою не разлiць! (А. Грачанiкаў)

Я букет хацеў нарваць,

Ды прыйшлося дзёру даць.

Сам дзiўлюся, як не з’еў

Там мяне iльвiны зеў  (В. Зуёнак).

Пшавара быў ляснiк сярдзiты,

Апроч таго, не лыкам шыты:

Шырок, плячыст, як дуб стары,

I з iм да трох не гавары!  (Я. Колас)

Дапiшыце сказ адным з запiсаных у правы слупок выразаў. Замянiце кожны выраз адным словам.

Мiхась слухаў настаўнiцу…               з усiх ног

Толiк кiнуўся уцякаць…                     адным вухам

Ён сядзеў як…                                    вочы на лоб палезлi

На лузе мы прамоклi…                       вады у рот набраўшы

У Данiка ад здзiўлення аж…              бярозавай кашы

Алесю ўсыпалi-такi дома…                да нiткi 

Прачытайце тэксты:

1. У вершалiне сасны знаходзiлася вялiкае шарападобнае гняздо вавёркi. Вавёрка ўселася на сучок i нiбы пытае мяне: «Што, арэхаў захацеў? Не, мiлы чалавек, iдзi ты сваёй дарогай. У мяне самой iх засталося – кот наплакаў. Не ведаю, як i да вясны дажыву» (Я. Галубовiч).

2. Пацiху абышоў усе грыбныя мясцiны, aле каб хоць адну лiсiчку падняў. Нiякага следу, што яны тут на свет паказвалiся. Не паверыў сваiм вачам i яшчэ раз уважлiва прайшоўся па знаёмых сцежках (Я. Галубовiч).

– Цi дапамаглi вам гэтыя тэксты зразумець выразы: кот наплакаў, не верыць сваiм вачам?

– У якiх сказах правiльна падкрэслены фразеалагiзмы:

1)      У клуб столькi людзей набiлася, што няма дзе яблыку ўпасцi.

2)      «I колькi ты, сынку, будзеш на маiм карку сядзець?» – спытала мацi.

3)      Сёлета грыбоў у лесе хоць касою касi.

4)      Я яшчэ дакажу ўсiм, дзе ракi зiмуюць.

5)      А Коля так усё зробiць, што i камар носа не падточыць.

6)      «Доўга ты будзеш варон лiчыць?» – крыкнула Маня Iгнату.

– Значэнне якiх фразеалагiзмаў растлумачана правiльна?

1)         валiцца з рук – не атрымлiваецца, не выходзiць;

2)         вiсець на валаску – аказацца ў вельмi небяспечным становiшчы;

3)         гнацца за двума зайцамi – брацца адразу за дзве справы;

4)         зарубiць на носе – цвёрда запомнiць;

5)         iграць у адну дудку – дзейнiчаць заадно;

6)         тварам да твару – вельмi блiзка;

7)         устаць з левай нагi – быць у дрэнным настроi.

Цi з’яўляюцца прыведзеныя словазлучэннi фразеалагiзмамi?

Адбiцца ад рук; выкручваць рукi; выпускаць з рук; застацца без рук; з другiх рук; не пакладаючы рук; лёгкая рука; рука не задрыжыць?

Толькi сiстэматычная праца над фразеалагiзмамi  на ўроках беларускай мовы i чытання дазволiць малодшым школьнiкам набыць неабходныя навыкi iх свабоднага i дарэчнага ўжывання ў маўленнi.

Як бачым, працу з фразеалагiзмамi ў пачатковых класах нельга недаацэньваць. Каб поўна зразумець мастацкi твор, вучнi павiнны авалодаць фразеалагiчным багаццем мовы. Для вырашэння гэтай задачы ў настаўнiка ёсць шмат магчымасцяў: у падручнiках па беларускай мове i літаратурным чытаннi змешчана многа матэрыялу, багатага на фразеалагiзмы; iснуе вялiкая колькасць разнастайных практыкаванняў для працы над устойлiвымi адзiнкамi мовы.

Такім чынам, вельмі важна, каб вучні пачатковых класаў не толькi кандэнсавалі ў сабе ўсё новыя i новыя фразеалагiчныя адзiнкi, але i ўмела карысталіся фразеалагiчным матэрыялам у працэсе зносiн, таму настаўніку, па-першае, трэба ўважлiва вывучаць фразеалагiчны запас вучня (шляхам назiрання за вусным маўленнем, аналiзу пiсьмовых прац) i ў сувязi  з гэтым падбiраць устойлiвыя выразы, якiя, на яго думку, мэтазгодна ўвесцi ў актыўны слоўнiк вучня; па-другое, неабходна прадумаць сiстэму практыкаванняў i прыёмаў, накiраваных на замацаванне ў памяцi малодшага школьнiка фразеалагiчнага матэрыялу i стымуляванне яго актыўнага выкарыстання ў жывым маўленні.

 


 

 

1. Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы / М. Я. Цікоцкі. – Мінск : Універсітэцкае, 1995.
 

 

MediaLex 2016