Кірчук Алена Уладзіміраўна Iнтэграцыя на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»
Падмуркам інтэгравання на ўроках беларускай мовы, як і на іншых уроках, з’яўляюцца міжпрадметныя сувязі. Таму з самых першых урокаў беларускай мовы пажадана нагадваць малодшым школьнікам, па-першае, пра сувязі вучэбных прадметаў па змесце, па-другое, пра неабходнасць выкарыстоўваць міжпрадметны матэрыял на ўроках беларускай мовы. Адказы малодшых школьнікаў з выкарыстаннем міжпрадметнага матэрыялу настаўніку неабходна падтрымліваць рознымі спосабамі – хваліць, павышаць адзнаку. Гэта значна павысіць цікавасць дзяцей да выкарыстання міжпрадметнага матэрыялу. На ўроках беларускай мовы міжпрадметны матэрыял выкарыстоўваецца ў паведамленні настаўніка, у яго гутарцы з вучнямі, у вусных і пісьмовых адказах малодшых школьнікаў, у практыкаваннях. Выбар гэтых метадаў выкарыстання міжпрадметнага матэрыялу залежыць як ад яго віду, так і ад спецыфікі вывучаемага моўнага матэрыялу і асаблівасцяў уменняў, якія трэба сфарміраваць у вучняў пачатковых класаў. На іх выбар уплывае таксама спецыфіка кантактуючых вучэбных прадметаў (якія вывучаюць мову або яе асобныя бакі ці якія не вывучаюць яе) і часовай сувязі міжпрадметнага матэрыялу (сінхроннага або несінхроннага). Паведамленне настаўніка выкарыстоўваецца, па-першае, на пачатковым этапе азнаямлення з тымі або іншымі з’явамі, па-другое, пры азнаямленні з тымі з’явамі, якія недастаткова вядомы малодшым школьнікам, па-трэцяе, калі выкарыстоўваецца матэрыял, які на ўроках па іншым прадмеце толькі яшчэ будзе вывучацца. Гутарка з выкарыстаннем ведаў вучняў з іншых прадметаў дае вялікі эфект, калі вядзецца работа над падобнымі або сумежнымі паняццямі, якія ўжо вывучаны або якія вывучаюцца на ўроках па іншых прадметах. Найвышэйшай ступенню раскрыцця і выкарыстання міжпрадметных сувязяў з’яўляецца стварэнне інтэграваных урокаў на аснове сувязяў беларускай мовы як прадмета з іншымі дысцыплінамі. Гэтыя сувязі ў залежнасці ад дыдактычных мэт могуць разглядацца з розных пазіцый. Звернем увагу на тое, што беларуская мова звязана амаль з усімі школьнымі прадметамі (калі навучанне ў школе вядзецца на беларускай мове), таму што мова адлюстроўвае ўсе бакі навакольнай рэчаіснасці, без авалодання мовай немагчыма ніякая мысліцельная дзейнасць. Наяўнасць такой сувязі бясспрэчная. У ланцужку «беларуская мова – іншыя прадметы» гэтая сувязь устанаўліваецца не столькі для беларускай мовы, колькі для ўсіх іншых прадметаў, так як мова ў якасці сродку пазнання з’яўляецца адной з галоўных умоў засваення вучнямі ведаў па любым прадмеце. Беларуская мова як прадмет школьнай адукацыі – з’ява шматаспектная, і кантакты яе з іншымі прадметамі выяўляюцца не толькі ў змесце. Сувязь паміж прадметамі выяўляецца таксама і ў тым, што адзін прадмет служыць як бы інструментам пры вырашэнні пытанняў і задач па іншым прадмеце. Такім прадметам для беларускай мовы з’яўляецца, напрыклад, матэматыка. Сувязь беларускай мовы з матэматыкай строга фіксаваная, закрытая. Рэалізацыя яе асабліва актуальна ў тых раздзелах, матэрыял якіх лягчэй за ўсё паддаецца фармалізацыі. Таму інтэграцыя беларускай мовы і матэматыкі – вельмі складаны працэс, і на практыцы яго амаль не выкарыстоўваюць. Адзначым яшчэ адзін варыянт кантактаў, якія ўстанаўліваецца паміж беларускай мовай і іншымі прадметамі ў арганізацыйна-метадычным плане. Маюцца на ўвазе арганізацыйныя формы навучання, характэрныя для розных школьных прадметаў, як базы для вусных і пісьмовых прац на ўроках беларускай мовы: падбор прыкладаў, адказы на пытанні, напісанне сачыненняў па асабістых уражаннях і г.д. Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца інтэграцыя беларускай мовы з літаратурным чытаннем, прыродазнаўствам, выяўленчым мастацтвам, музыкай. Гэтыя сувязі могуць пераплятацца яшчэ больш цесна ў тым выпадку, калі інтэгруюцца не два прадметы, а тры і нават больш. Такія ўрокі спрыяюць глыбокаму пранікненню вучняў у слова, у свет фарбаў і гукаў, дапамагаюць фарміраванню вуснага і пісьмовага маўлення малодшых школьнікаў, яго развіццю і ўзбагачэнню, развіваюць эстэтычны густ, уменне разумець і шанаваць творы мастацтва, прыгажосць і багацце роднай прыроды. Акрамя таго, інтэграцыя трох прадметаў, на думку Л.П. Ільенкі, з’ўляецца сродкам інтэнсіфікацыі ўрока, пашырае яго інфарматыўную ёмістасць, спрыяе развіццю цікавасці да прадметаў, да вывучаемага курса, павышае творчы патэнцыял школьнікаў [1, c. 8]. Найбольш трывалая сувязь беларускай мовы, несумненна, з літаратурным чытаннем. У гэтых школьных прадметах шмат агульнага. Навукі, якія адпавядаюць ім, развіваліся і развіваюцца ў цесным кантакце паміж сабою. Толькі праз паглыбленне і спарадкаванасць ведаў вучняў, набытых на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання, можна дасягнуць найбольшага поспеху ў развіцці маўленчых навыкаў малодшых школьнікаў. На ўроках беларускай мовы пры знаёмстве з сінонімамі, антонімамі і амонімамі настаўнік можа выкарыстаць прыклады з літаратурных твораў, у якіх ёсць згаданыя лексічныя адзінкі, і на аснове гэтых прыкладаў паспрабаваць раскрыць іх ролю ў моўна-стылявым кантэксце. Відаць, найбольш паказальным будзе зварот да вершаў, якія завучваліся малодшымі школьнікамі на памяць. Адпрацоўку граматнага пісьма можна ажыццяўляць таксама на мастацкіх тэкстах. Гэта дапаможа малодшым школьнікам убачыць вобразнасць і прыгажосць беларускай мовы. Эфектыўна выкарыстоўваецца на ўроках мовы прыём славеснага малявання, калі дзецям прапануецца набор ілюстрацый, дзе намаляваны, напрыклад, дрэвы: бярозы, ліпы, асіны. Малодшыя школьнікі вусна апісваюць іх, а затым настаўнік прапануе прачытаць мастацкі тэкст-апісанне. Вучням неабходна дапоўніць сваё апавяданне словамі і сказамі з аўтарскага тэксту. Такая праца развівае творчае ўяўленне дзяцей, узбагачае іх слоўнік. На інтэграваных уроках беларускай мовы і прыродазнаўства ў пачатковых класах пачуццёвае ўспрыманне прадметаў і з’яў прыроды ўвесь час суправаджаецца працай па развіцці маўлення дзяцей. Настаўнік вучыць іх правільна называць расліны, жывёл, часткі цела, прапануе паведаміць пра вынікі назіранняў. Дзякуючы такой працы новыя словы, якімі авалодваюць дзеці, злучаюцца ў іх свядомасці з пэўнымі ўяўленнямі аб прадметах і з’явах прыроды, напаўняюцца багатым жыццёвым зместам. Усё гэта рыхтуе вучняў да свядомага чытання апавяданняў, вершаў, прысвечаных апісанню прыроды. Дзеці з вялікай цікавасцю чытаюць і лепш разумеюць тое, што перад гэтым бачылі, пра што гутарылі з настаўнікам. У якасці метадаў, якія выкарыстоўваюцца на інтэграваных уроках мовы і прыродазнаўства («Чалавек і свет»), выступаюць эўрыстычныя гутаркі, творчыя працы па развіцці маўлення, напісанне іх на матэрыялах прыродазнаўчага характару, назіранні, славеснае маляванне, выразнае чытанне пейзажных апісанняў, напісанне дыктовак, пераказаў прыродазнаўчага зместу. Даволі часта настаўнікі выкарыстоўваюць інтэграцыю не на ўсім уроку, а толькі на нейкім яго этапе. Так, напрыклад, можна больш шырока выкарыстаць звесткі прыродазнаўчага характару падчас слоўнікавай працы: адно і тое ж слова можна патлумачыць і з пункту погляду лінгвіста, і з пункту погляду натураліста. Немалаважна і тое, што сёння ў грамадстве павысілася цікавасць да вывучэння народных традыцый, гісторыі, культуры, прыроды свайго краю. Значную адукацыйную і выхаваўчую каштоўнасць маюць у пачатковых класах урокі роднай мовы з выкарыстаннем краязнаўчага матэрыялу, правядзенне якіх дазваляе настаўніку павысіць пазнавальную актыўнасць дзяцей, выхоўваць пачуццё патрыятызму і любові да роднага краю. На першы погляд агульнасць беларускай мовы і музыкі здаецца спрэчнай, а магчымасць аб’яднання – нерэальнай. Але гэтыя два прадметы аб’ядноўваюцца як у тым матэрыяле, які трэба засвоіць, так і ў спецыяльных здольнасцях, пры дапамозе якіх засвойваецца матэрыял. На ўроках беларускай мовы вучні павінны засвоіць маўленне ва ўсіх яго аспектах, а на ўроках музыкі матэрыял для вывучэння – гэта песні, музычныя творы, у якіх зліты разам дзве стыхіі – музычная і маўленчая. І на ўроках мовы, і на ўроках музыкі мы павінны дасягаць выразнага вымаўлення гукаў, правільнай пастаноўкі корпуса і галавы падчас маўлення і спеваў, валодання дыханнем і голасам. «Аднак сувязі паміж маўленнем і спевамі больш глыбокія, і карані гэтых сувязяў адыходзяць у глыбіню стагоддзяў, калі, па меркаваннях шматлікіх навукоўцаў, маўленне і спевы зліваліся ў адну стыхію і калі іх меладычная аснова не дыферэнцавалася» [2, c. 7]. Урокі беларускай мовы і музыкі маюць шмат задач, якія значна больш эфектыўна могуць быць вырашаны агульнымі намаганнямі. Матэрыял мовы і музыкі шмат у чым роднасны, і нават адрозненні могуць быць скарыстаны з метадычным эфектам пры ўмелым супастаўленні. Інтэграцыя ўрокаў беларускай мовы з музыкай дае эфектыўны вынік, напрыклад, пры вывучэнні некаторых склонавых формаў назоўнікаў: пры дапамозе вершаў або песень малодшыя школьнікі лепш засвойваюць гэтую тэму. Чаканая рыфма загадзя рыхтуе вучня да наступнага склонавага канчатка. Завучваючы некаторыя радкі песень, якія звычайна выкарыстоўваюцца як фізкультхвілінка на ўроках беларускай мовы, вучні пачатковых класаў запамінаюць вельмі патрэбныя ў жыцці словы, выразы, цэлыя думкі, удасканальваюць вымаўленне. Музыка на ўроках беларускай мовы дапамагае вучням глыбей пагрузіцца ў атмасферу побыту, прыроды. «На такім інтэграваным уроку выхаваўчая функцыя музыкі не менш важная за адукацыйную» [3, c. 76]. Пры праслухоўванні якога-небудзь твора на ўроку настаўнік часцей за ўсё паведамляе і кароткія звесткі пра аўтара, гісторыю стварэння твора. Гэта спрыяе пашырэнню кругагляду пачаткоўцаў. Інтэграцыя беларускай мовы з выяўленчым мастацтвам і працоўным навучаннем прыцягвала і прыцягвае да сабе ўвагу шматлікіх метадыстаў, педагогаў, псіхолагаў. Інтэграцыя гэтых прадметаў мае важнае значэнне ў развіцці разумовых здольнасцяў, актывізацыі мыслення, развіцці прасторавых уяўленняў, а таксама ў развіцці маўлення і эмацыянальнай выразнасці дзіцяці. На інтэграваных уроках беларускай мовы і выяўленчага мастацтва прадметам вывучэння часцей за ўсё становяцца творы жывапісу, якія служаць асновай для асэнсаванага звязнага выказвання вучняў. Работа па карціне стымулюе маўленчую дзейнасць малодшых школьнікаў, развівае і ўзбагачае іх слоўнікавы запас. Ажыццяўленне інтэграцыі беларускай мовы і выяўленчага мастацтва прадугледжвае і самастойную творчую дзейнасць дзяцей на ўроку (напрыклад, намаляваць ілюстрацыю да тэксту). Настаўнік, не акцэнтуючы ўвагі вучняў, дасягае асэнсаванага разумення тэксту. Малодшыя школьнікі пранікаюць у сутнасць мастацкага твора, пачынаюць заўважаць дробныя элементы, якія пры звычайным чытанні маглі б проста не захавацца ў іх памяці. Складаючы свой малюнак да тэксту, дзеці пранікаюць у значэнне кантэксту, пашыраюць свае ўяўленні пра пераноснае значэнне слоў, пра багацце адценняў значэнняў таго ці іншага слова. Такім чынам, мы ўбачылі, што беларуская мова мае шырокія магчымасці для інтэгравання. Пры гэтым інтэнсіфікуецца пазнавальная цікавасць і працэс выпрацоўкі агульнавучэбных уменняў і навыкаў. Інтэграваны ўрок непазбежна пашырае тэматыку вывучаемага матэрыялу, выклікае неабходнасць больш глыбокага аналізу і абагульнення з’яў, кола якіх пашыраецца за кошт іншых прадметаў. Інтэграванне ўрокаў беларускай мовы з іншымі прадметамі павышае іх адукацыйную і выхаваўчую каштоўнасць, спрыяе іх інтэнсіўнасці, дазвалае пазбегнуць дубліравання інфармацыі і разгледзець з’яву з розных бакоў.
1. Ильенко, Л. П. Опыт интегрированного обучения в начальных классах / Л. П. Ильенко // Начальная школа. – 1989. – № 9. – С. 8–10. 2. Капичникова, Л. Н. Межпредметные связи в обучении языкам / Л. Н. Капичникова // Русский язык в национальной школе. – 1986. – № 10. – С. 7–9. 3. Кирков, Г. И. Музыка на уроках русского языка и литературы / Г. И. Кирков // Русский язык в национальной школе. – 1985. – № 10. – С. 76–80.
|