Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Макарава Наталля Віктараўна

Сістэма слоўнікавай працы
на ўроках беларускай мовы ў пачатковых класах

УА "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна"

 

У сённяшнім грамадстве склалася новае разуменне асноўнай мэты адукацыі. Настаўнік у першую чаргу павінен клапаціцца аб фарміраванні ў вучня здольнасці да самаразвіцця, што забяспечыць інтэграцыю асобы ў нацыянальную і сусветную культуру. У аснову асноў пры навучанні беларускай мове ставіцца камунікатыўна-маўленчая накіраванасць працэсу пазнання.

У апошні час істотна змянілася навучанне беларускай мове ў школе. Адно з вядучых месцаў сярод шматлікіх напрамкаў у рабоце над мовай займае праблема развіцця маўлення вучняў, а менавіта, узбагачэнне школьнікаў лексічнымі сродкамі як асноўнымі ў камунікатыўнай дзейнасці. Актуальнасць дадзенай праблемы абумоўлена тым, што на ўроках беларускай мовы і літаратурнага чытання мы часта сустракаемся з адказамі вучняў, беднымі ў лексічных адносінах. Беднай лексіцы, як вядома, адпавядае і бедны сінтаксіс. Недастатковы слоўнікавы склад нярэдка перашкаджае і паспяховай рабоце з арфаграфіяй.

У сучаснай методыцы слоўнікавая праца разглядаецца як мэтанакіраваная педагагічная дзейнасць, якая забяспечвае эфектыўнае асваенне слоўнікавага складу беларускай мовы. Асваенне слоўнікавага складу ідзе паралельна з развіццём маўлення вучня, усведамленнем сэнсу слоў. Разуменне сэнсу, структуры слова, магчымасці яго выкарыстання адбываецца праз арганізацыю сітуацый, у якіх вучань можа звязаць новае слова з іншымі словамі.

Эфектыўнасць слоўнікавай работы на ўроках беларускай мовы залежыць ад наступных умоў: ажыцяўлення комплеснай работы над словам; правядзення сістэматычнага лексічнага аналізу моўнай адзінкі; фарміравання арфаграфічнай граматнасці праз апору на элементы этымалагічнага аналізу; выкарыстання лексіка-арфаграфічных практыкаванняў на кожным уроку беларускай мовы; правядзення работы над арфаграфічнай граматнасцю ў кантэксце ўзбагачэння слоўніка малодшых школьнікаў.

Слоўнікавая праца мае пэўныя мэты і разнастайны змест: 1) накіравана на азнаямленне вучняў з лексічным значэннем новых слоў

Змест слоўнікавай работы на ўроках беларускай мовы абумоўліваецца тым, што выклікае ў вучняў цяжкасці ў авалоданні тым ці іншым словам. Прадметам асаблівай увагі настаўнікаў з’яўляюцца так званыя слоўнікавыя словы, якія вызываюць у школьнікаў розныя цяжкасці, перш за ўсё арфаграфічныя і арфаэпічныя. Так, у вучэбнай праграме па беларускай мове для пачатковых класаў з рускай мовай навучання змешчаны слоўнікавыя словы (II клас): калідор, лесвіца, відэлец, ручнік, адказ, яблык, цыбуля, гарбуз, кватэра, ластаўка, дождж, дзверы, вокладка, талерка, дзяўчынка, учора, рукзак, сусед, сцюжа, ёсць, надвор’е, вераб’і, месца [1, с. 93]; III клас: фламастар, пенал, чысціня, капялюш, павук, Беларусь, воблака, пошта, блішчаць, звінець, пялёскак, асцярожны, джаліць, заўжды, булён, чаромха, нячутна, вулей, Рэспубліка Беларусь [1, c. 96]; IV клас: секунда, балерына, берэт, калектыў, дэлегацыя, паштальён, гараджане, памочнік, плывец, подпіс, бервяно, грымець, дошкі, аб’язджаць, вуліца, уверсе, унізе, услых, ахвотна [1, c. 98].

Вывучэнне слоўнікавых слоў у пачатковай школе будуецца на аснове традыцыйнага прынцыпу арфаграфіі з апорай на запамінанне. Таму неабходна развіваць у школьнікаў усе віды памяці: слыхавую, зрокавую, эмацыянальную, тактыльную. Разам з тым актуальнай застаецца задача зрабіць цікавым, пазнавальным працэс вывучэння слоўнікавых слоў.

Умовамі, якія садзейнічаюць паспяховаму запамінанню правільнага напісання слоўнікавых слоў, з’яўляюцца: 1) устаноўка на запамінанне (вучань павінен хацець запомніць тое, што яму трэба запомніць); 2) зацікаўленасць (больш лёгка запамінаецца тое, што з’яўляецца для вучня цікавым); 3) яркасць успрымання (лепш запамінаецца  ўсё незвычайнае, тое, што выклікае пэўныя эмоцыі); 4) вобразнасць (запамінанне, якое абапіраецца на вобразы, значна лепшае за механічнае запамінанне).

Пры вывучэнні слоўнікавых слоў неабходна выкарыстоўваць розныя метады і прыёмы: 1) прыёмы зрокавага запамінання (зрокавая дыктоўка, спісванне з рознымі заданнямі, праверка напісання слоў па слоўніку, выкарыстанне табліц, картак, выдзяленне каляровай крэйдай на дошцы, алоўкам – у сшытках, падкрэсліванне, паўторнае напісанне слоў і інш.): 2) метад супастаўлення зрокавага і слыхавога вобразаў (складу) слова (розныя віды слыхавых дыктовак); 3) метад моўнага аналізу, які ўключае прыёмы гукалітарнага аналізу слоў, фанетычнага разбору, каменціравання арфаграм, вуснага прагаворвання); 4) складанне словазлучэнняў са слоўнікавымі словамі, выпрацоўка славесных асацыяцый; 5) складанне сказаў са слоўнікавымі словамі, уключэнне іх у пісьмовыя і вусныя творчыя працы; 6) займальныя формы работы.

Слоўнікавыя словы дзеляць на наступныя групы: словы, цяжкія для вучняў з пункту погляду: 1) напісання; 2) напісання і вымаўлення; 3) напісання і значэння; 4) напісання і сувязі з іншымі словамі; 5) напісання, значэння і сувязі з іншымі словамі; 6) напісання, значэння, вымаўлення і сувязі з іншымі словамі. Аднак, нягледзячы на бяспрэчную неабходнасць фарміравання афаграфічнай граматнасці, нельга ўсю слоўнікавую работу ператвараць у слоўнікава-арфаграфічную. Работа над правапісам вучняў набывае сэнс толькі ў агульным кантэксце развіцця іх маўлення. У 50–60 гады ХХ ст. тэрмін «слоўнікавая праца» стаў разумецца вельмі шырока. Ім абазначалася любая работа над словам: падбор слоў для ілюстрацыі граматычнага правіла, утварэнне ад дадзеных слоў тых ці іншых форм ці новых слоў і іншыя практыкаванні, незалежна ад задачы засваення вучнямі цяжкіх для іх слоў. Такое шырокае разуменне тэрміна «слоўнікавая работа», на думку В.А. Дабрамыслава, вядзе да «сцірання» спецыфікі працы, абазначанай тэрмінам, і таму не апраўдана. Пад слоўнікавай працай аўтар разумее сістэматычную, мэтанакіраваную слоўнікавую работу ў галіне лексікі, якая праводзіцца з мэтай авалодання вучнямі незнаёмымі ці знаёмымі, але цяжкімі для вучняў словамі. Асаблівую ўвагу вучоны ўдзяляў рабоце над семантыкай слова [2].

На сучасным этапе пад «слоўнікавай работай» прынята разумець вывучэнне правапісу слоў, якія не правяраюцца правіламі, цяжкія па напісанні ці малавядомыя, у кантэксце засваення вучнямі новых слоў і значэнняў, адценняў значэнняў, эмацыянальна-экспрэсіўных афарбовак слоў, сфер іх ужывання, іх мнагазначнасці і пераносных значэнняў, засваення сінонімаў, антонімаў, а таксама ў кантэксце актывізацыі слоўніка.

Слоўнікавую работу можна раздзяліць на два напрамкі: 1) лексічная работа; 2) арфаграфічная работа. Сістэма ўзбагачэння маўлення малодшых школьнікаў лексічнымі сродкамі ўключае ў сабе 5 асноўных напрамкаў: 1) тлумачэнне канкрэтнай лексікі; 2) этымалагічны аналіз слова; 3) сінанімічныя сувязі; 4) антанімічныя сувязі; 5) фразеалагічныя адносіны.

Такім чынам, слоўнікавая праца садзейнічае рашэнню многіх задач: па-першае, дапамагае фарміраваць асобу вучня, яго светапогляд, пашырае слоўнікавы запас і надзяляе вучня навыкамі, неабходнымі для будучай практычнай дзейнасці; па-другое, у час слоўнікавай працы адбываецца знаёмства вучня з багаццем роднай мовы і паказ яе стылістычных магчымасцяў.

 


 

 

1. Учебные программы для учреждений общего среднего образования с русским языком обучения (I IV класс). – Минск : Национальный институт образования, 2012. – 240 с.

2. Добромыслов, В. А. Работа над раскрытием понятия слова в школе / В. А. Добромыслов // Русский язык в школе. – М., 1949. – № 2. – С. 34–39.

 

 

MediaLex 2016