Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Папоў Антон Станіслававіч

ЖАНРАВАЯ СІСТЭМА ДРУКАВАНЫХ СМІ БЕЛАРУСІ
Ў ЧАС ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

УА "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна"

 

Сродкі масавай інфармацыі падчас баявых дзеянняў выконваюць некалькі важных функцый. Па-першае, гэта вядзенне прапаганды сярод мірнага насельніцтва і баявых частак свайго войска. Па-другое, гэта ўздзеянне на праціўніка з мэтай яго маральнага разлажэння і зніжэння баяздольнасці. Гэтыя задачы выконвалі на тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны як савецкія, так і пранямецкія (калабаранцкія) сродкі масавай інфармацыі. Першыя дзейнічалі ў перыяд 1941–1944 гадоў на нелегальнай аснове: у партызанскіх злучэннях, падпольных партактывах. Калабаранцкія ж газеты і часопісы выходзілі на акупаванай тэрыторыі пад эгідай нямецкай улады. Асноўныя метады працы, як правіла, супадалі. Напрыклад, і беларускія савецкія, і нямецкія друкаваныя СМІ намагаліся як мага лепш уздзейнічаць на колькасна вялікую аўдыторыю. Праз розныя жанравыя формы матэрыялаў выкарыстоўваліся такія сродкі, як прыніжэнне праціўніка, выкрыванне яго слабых месцаў, ухваленне подзвігаў свайго войска, злосная і едкая сатыра.

Жанравая сістэма савецкіх і пранямецкіх сродках масавай інфармацыі ў гады вайны была абумоўлена тымі мэтамі, якія ставіў кожны з бакоў канфлікту. Але паколькі асноўныя задачы прапагандыстаў былі падобныя: уздзеянне на аўдыторыю і перацягванне яе на свой бок, то жанравыя сістэмы беларускіх савецкіх і пранямецкіх друкаваных СМІ таксама мелі пэўнае падабенства.

У выданнях ваеннага часу найбольш выкарыстоўваліся інфармацыйныя жанравыя мадэлі. Асноўнай іх мэтай з’яўлялася максімальна поўнае інфармаванне насельніцтва пра тыя ці іншыя падзеі. Згодна з гэтым форма напісання і прыкладны змест у інфармацыйных матэрыялах з абодвух бакоў канфлікту вельмі падобныя. Адным з самых папулярных інфармацыйных жанраў была нататка. У аснове яе ляжалі канкрэтныя факты: падзеі на фронце ці ў тыле. Як і сёння, структура тагачаснай нататкі адносна простая – яна давала адказ на пытанні: што? дзе? калі? Лідар-абзац у падобных матэрыялах не прымяняўся (ён увогуле амаль не выкарыстоўваўся ў тыя часы). Структура публікацыі – лінейная, амаль не адрознівалася ад сучасных нататак. Напрыклад, у матэрыялах газеты “Савецкая Беларусь” ад 11 чэрвеня 1944 года змешчана такая інфармацыйная нататка: “На паўднёвы ўсход ад горада Станіслаў батальён пехоты і танкі праціўніка ўчора атакавалі пазіцыі Н-скай часткі. Байцы роты старшага лейтэнанта Буцынава флангавым агнём адсеклі пехацінцаў ад танкаў. Совецкія артылерысты падбілі тры нямецкіх танка. Два другія танкі праціўніка падарваліся на нашым мінным полі. Нямецкая пехота, якая засталася без танкавага прыкрыцця, з вялікімі стратамі была адкінута на зыходны рубеж”. Як бачна, усе пералічаныя намі асаблівасці жанру (адсутнасць лідар-абзаца, простая лінейная структура, адказ на пытанні што? дзе? калі?, канкрэтныя факты ў аснове) тут прэзентаваны.

Калабаранцкія выданні таксама актыўна карысталіся жанрам інфармацыйнай нататкі. У асноўным гэта былі тыповыя матэрыялы пра становішча на франтах і мерапрыемствы нямецкіх уладаў на акупаваных тэрыторыях. Праўда, можна адзначыць, што і ў пранямецкай, і ў прасавецкай прэсе факты прадстаўляліся не заўсёды даставерна. Яны падаваліся пасля пэўнай ідэалагічнай апрацоўкі, якая мела на мэце перабольшванне сваіх дасягненняў і змяншэнне значнасці поспехаў ворагу. Гэта тлумачыцца тым, што асноўнай функцыяй сродкаў масвай інфармацыі падчас баявых дзеянняў з’яўляецца прапаганда.

Вялікую цікавасць мае матэрыял, змешчаны ў нумары газеты “Пагоня” ад 19 красавіка 1944 года пад назвай “Віктар Эмануіл разьдзяляе лёс усіх здраднікаў”, у якім гаворыцца пра здраду італьянскага караля, пераход Італіі на бок саюзнікаў і ліквідацыю рэжыму фашыстаў на Апенінскім паўвостраве. Міжнародная навіна падаецца ў выглядзе кароткага матэрыялу, аднак у канцы яго змяшчаецца невялікі прагнастычны аналіз таго, што адбылося. Зразумела, што інфармацыя была пададзена з пранямецкага пункту гледжання. “Віктар Эмануіл перажывае той самы лёс, як і іншыя здраднікі падобнага гатунка. Італійскі кароль-здраднік зараз атрымлівае падзяку з боку Чэрчыля – Рузвельта, якія хочуць пазбавіцца ад свайго паслугача, калі ён ужо выканаў сваё заданне”.  Тут можна гаварыць пра камбінаваную жанравую мадэль друкаванага выдання, у прыватнасці, пра інфармацыйна-аналітычную. У сучасных друкаваных СМІ матэрыялы такой жанравай мадэлі паступова набіраюць папулярнасць, г. зн. назіраецца тэндэнцыя да выкарыстання аналітычных элементаў у адзінай сістэме з інфармацыйным матэрыялам.

Жанравыя формы аналітычнага характару мала прадстаўлены на палосах ваенных выданняў. Адным з відаў такой публіцыстыкі быў псеўданавуковы артыкул. Па сваёй структуры і накіраванасці ён меў амаль такія ж характарыстыкі, як і звычайны аналітычны артыкул. Гэта значыць, што тэкст меў публіцыстычную аснову, у яго структуру ўваходзіў аналіз, супастаўленне тых ці іншых фактаў, кампетэнтныя меркаванні. Аднак у аснове артыкула былі факты, якія наўмысна перарабляліся для дасягнення прапагандысцкіх мэтаў. Прыкладам такога жанру можа паслужыць публікацыя “Нацыянальны момант у ўзгадаванні і навучаньні”, змешчаная ў пранямецкай газеце “Беларуская школа” (№ 2, люты – сакавік 1942 года): “У сваіх прамовах нямецкі філёзаф Фіхтэ ў 1908 годзе гаворыць аб неабходнасці маральнага адраджэння сваіх супольнікаў па айчыне пры дапамозе новага ўзгадавання. Новае ўзгадаванне народу, па яго словах, аснаўная нацыянальная задача. Маральная папсаванасць, якая назіраецца ў грамадстве і якая з’яўляецца вынікам заняпаду агульнай культуры, можа быць пераможана ўласнымі сіламі нацыі, закліканай да самадзейнасці”. Матэрыялы падобнага жанру характарызаваліся павучальным тонам апавядання, апорай на нацыянал-сацыялістычную ідэалогію і канкрэтнай накіраванасцю на мэтавую аўдыторыю (на настаўнікаў, ці, напрыклад, моладзь СБМ). Асобным відам псеўдаартыкула быў краязнаўчы матэрыял. Звычайна ў ім падавалася адпаведна апрацаваная інфармацыя. У беларускім савецкім друку такія артыкулы не прадстаўлены, паколькі дзяржаўная ідэалогія была ўжо створана і плённа працавала. У ваенны час жанравую мадэль псеўдаартыкула, як правіла, выкарыстоўвалі як вузканакіраваныя выданні тыпу “Беларускай школы” і “Беларуса на варце”, так і прызначаныя для шырокай аўдыторыі газеты накшталт “Пагоні”.

Вельмі папулярнымі былі ў час Вялікай Айчыннай вайны і мастацка-публіцыстычныя жанры. Прадстаўлены яны ў асноўным адозвамі і матэрыяламі сатырычнага характару (анекдотамі, гумарыстычнымі гісторыямі, фельетонамі і памфлетамі).

Адозвы, ці заклікі, прэзентаваны ў газетах і часопісах абодвух бакоў канфлікту, напрыклад: “Чорны дракон Гітлер і яго кіруючая кліка многа прынесла няшчасця для нашага беларускага народа. Тысячы забітых, дзесяткі соцень загнаных у рабства, сотні спаленых вёсак вось рэзультаты “новага гітлераўскага парадку” на Беларусі… Бярыце зброю, ідзіце ў лясы, стварайце партызанскія атрады. Не заставайцеся ў даўгу перад нашай радзімай, перад воінамі Чырвонай арміі. Яшчэ ярчэй запалім полымя партызанскай вайны”. Гэты заклік змешчаны ў савецкай газеце “Бальшавіцкі шлях” за 22 мая 1943 года. Пранямецкая ж “Беларуская газэта” 19 красавіка 1944 года выйшла з перадавіцай пад назвай “Хай жыве Творца Новае Эўропы Адольф Гітлер”: “Адольф Гітлер не толькі Правадыр нямецкай нацыянал-сацыялістычнай партыі, але і Правадыр усяго нямецкага народу, бо Фюрэр неадрыўна звязаны з народам. Правадыр і народ – адзін шлях”. Як бачым, такія публікацыі і ў савецкім, і ў пранямецкім друку вылучаліся пафасным стылем і агульнай прапагандысцкай накіраванасцю. Сёння такі падвід публіцыстыкі амаль знік, бо яго існаванне абумоўлена: па-першае, таталітарнай палітычнай сістэмай, а па-другое, выбітнымі абставінамі, якія склаліся падчас вайны. На той час патрэбна было ўсе прапагандысцкія і ідэалагічныя напрацоўкі аб’яднаць у адным матэрыяле, у прыватнасці, у адозве.

Што да матэрыялаў сатырычнага характару, то калабаранцкія журналісты выкарыстоўвалі іх даволі рэдка. Магчыма, таму, што яны прынялі яны заходнюю культуру, а для яе сатырычная накіраванасць характэрная ў меншай ступені, чым для ўсходняй. Больш за ўсё сатырычных публікацый выходзіла ў савецкім друку. Асноўнымі іх адметнасцямі былі з’едлівасць і сатырычнасць, шырокае выкарыстанне фальклорных матываў, вобразных сродкаў мовы. У нумары газеты “Партызанскае жыгала” ад 27 сакавіка 1944 года чытаем наступны сатырычны матэрыял пад назвай “Далі Гітлеру ў зубы і перабілі ўсе рахубы”: “Увага! – гаворыць Пчала. Калісь я мёд збірала і гудзела над кветкамі, а цяпер – як толькі на наш вулей напалі паганыя нямецкія восы – я толькі жалю. Да гэтак жалю, што будзь здароў. Тут хачу жаліць тупыя фашысцкія мазгі, жыгавіць партызанскім слаўцом, каб ворагу моташна стала”. Большая частка сатырычных матэрыялаў была сканцэнтравана ў такіх выданнях, як “Партызанскае жыгала”, “Партызанская дубінка” і “Раздавім фашысцкую гадзіну”.

Такім чынам, параўнальны аналіз жанравай сістэмы беларускіх савецкіх і калабаранцкіх сродкаў масавай інфармацыі перыяду Вялікай Айчыннай вайны паказаў на агульныя заканамернасці іх развіцця. Так, асноўнымі жанравымі формамі выданняў ваеннага часу з’яўляліся інфармацыйныя, у прыватнасці, нататкі. Таксама выходзілі матэрыялы ў мастацка-публіцыстычных жанрах (адозвы, анекдоты, гумарыстычныя гісторыі, фельетоны і памфлеты). Аналітычныя жанры не мелі вялікага распаўсюджання, паколькі аўдыторыя, на якую яны маглі ўздзейнічаць (напрыклад, інтэлігенцыя), была адносна малой. Між тым у калабаранцкіх выданнях нярэдка выкарыстоўваюцца псеўданавуковыя аналітычныя артыкулы. Увогуле, жанравая сістэма сродкаў масавай інфармацыі ваеннага часу не вызначалася вялікай разнастайнасцю, паколькі асноўная мэта – перамога – патрабавала найбольш простых і эфектыўных сродкаў яе дасягнення.

 

 


 

1. Беларуская журналістыка (1941–1995 гг.) : Вучэбна-метад. дапаможнік у 3-х ч. / А. Г. Слука, Р. В. Булацкі, С. В. Говін і інш. – Мінск : БДУ, 1996. – Ч. 3. – 64 с.

2. Дастанка, М. Ё. Газета “Звязда” ў гады Вялікай Айчыннай вайны / М. Ё. Дастанка. – Мінск : Выд-ва БДУ, 1970. – 193 с.

3. Жумарь С. В. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны / С. В. Жумарь. Мінск : Белорусский научно-исследовательский ин-т документоведения и архивного дела, 1996. – 283 с.

4. Слука, А. Г. Беларуская журналістыка / А. Г. Слука. – Мінск : Белорус. дзярж. ун-т., 2011. – 447 с.

5. Слука, А. Г. Беларуская журналістыка : вучэб. дапам. У 3 ч. Ч. 2 / А. Г. Слука. – Мінск : Беларус. дзярж. ун-т., 2003. – 233 с.

6. Слука, А. Г. Беларуская журналістыка : вучэб. дапам. У 3 ч. Ч. 3 / А. Г. Слука. – Мінск : Беларус. дзярж. ун-т., 2009. – 399 с.

 

 

MediaLex 2016