Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Шульган Вікторыя Сяргееўна

Сродкі нагляднасці ў кантэксце
вучэбнай дзейнасці малодшых школьнікаў

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

Настаўнікаў пачатковых класаў хвалюе праблема выпрацоўкі ў вучняў стабільных арфаграфічных уменняў і навыкаў. Дзеці малодшага школьнага ўзросту не вельмі добра запамінаюць правілы, з цяжкасцю суадносяць тэарэтычны матэрыял з яго практычным выкарыстаннем. Практыкаванні, змешчаныя ў падручніках, не заўсёды падабаюцца малодшым школьнікам і не заўсёды выклікаюць у дзяцей жаданне працаваць з імі. Выконваючы аднатыпныя заданні, вучні хутка стамляюцца, у іх знікае цікавасць да прадмета. Што зрабіць? Якія метады навучання і развіцця разумовых здольнасцяў больш эфектыўныя? У значнай ступені поспех залежыць ад пошуку псіхалагічна і метадычна апраўданых прыёмаў, з дапамогай якіх засваенне арфаграфічнага і граматычнага матэрыялу малодшымі школьнікамі ішло б у больш даступнай і цікавай форме.

Першапачаткова дзіця знаходзіцца на ўзроўні нагляднага мыслення, таму ў пачатковай школе вынік запамінання больш высокі пры звароце да нагляднага матэрыялу. Акрамя таго, успрыманнне ў гэтым узросце цесна звязана з эмоцыямі. Увага малодшых школьнікаў прыцягваецца да яркага, вобразнага, нагляднага матэрыялу. Дзіця звяртае ўвагу на тое, што абуджае ў яго пачуцці,  цікавасць, а не тое, што значнае само па сабе.

У рабоце настаўніка пачатковых класаў пры навучанні беларускай мове вялікую ролю адыгрываюць разнастайныя наглядныя сродкі, якія даюць магчымасць вучням лепш зразумець моўныя з’явы і хутчэй асэнсавана запомніць іх. Усё, звязанае з нагляднасцю, яркасцю ўражанняў, выклікае моцныя пачуцці і запамінаецца лёгка і на доўгі час.

Яшчэ К.Д. Ушынскі падкрэсліваў: «Дзіцячая прырода ясна патрабуе нагляднасці. Навучайце дзіця якім-небудзь пяці незнаёмым яму словам, і яно будзе доўга і дарэмна мучыцца над імі; але звяжыце з малюнкамі дваццаць такіх слоў, і дзіця засвоіць іх вельмі хутка… дзіця мысліць формамі, фарбамі, гукамі, адчуваннямі наогул» [1, с. 107].

Сродкі нагляднасці дапамагаюць рашыць такія задачы, як мабілізацыя псіхічнай актыўнасці вучняў, увядзенне навізны ў адукацыйны працэс, павышэнне цікавасці да ўрока, павелічэнне магчымасці міжвольнага запамінання матэрыялу, пашырэнне аб’ёму засвойваемага матэрыялу, выдзяленне галоўнага ў матэрыяле і яго сістэматызацыя.

Сродкі нагляднасці могуць выкарыстоўвацца практычна на ўсіх этапах навучання: на этапе тлумачэння новага матэрыялу (падача інфармацыі), на этапе замацавання і фарміравання навыкаў (навучанне малодшых школьнікаў тым ці іншым дзеянням), на этапе кантролю за засваеннем ведаў і фарміраваннем уменняў (ацэнка вынікаў працы вучняў), на этапе сістэматызацыі, паўтарэння, абагульнення матэрыялу (выдзяленне галоўнага, найбольш важнага ў вывучаемым матэрыяле).

Зварот да сродкаў нагляднасці мае свае прычыны. Адна з іх выводзіцца з таго, што курс роднай мовы не можа быць засвоены без авалодання сістэмай лінгвістычных ведаў, у якой кожны элемент мае сваё асобнае месца. Незасваенне адной толькі дэталі гэтага складанага механізму прыводзіць да яго разладу і тармазіць моўнае развіццё малодшага школьніка. Вучэбныя сродкі нагляднасці палягчаюць успрыманне тэарэтычнага матэрыялу, садзейнічаюць хуткаму яго запамінанню, прычым не механічнаму і бяздумнаму, а асэнсаванаму і больш трываламу, паколькі пры такой падачы вучэбнай інфармацыі наглядна дэманструюцца лагічныя сувязі паміж з’явамі мовы.

Сродкі нагляднасці па іх ролі ў адукацыйным працэсе могуць быць раздзелены на дзве вялікія групы: сродкі прадметна-вобразнай нагляднасці і знакавую нагляднасць.

Сродкі нагляднасці першай групы (карціны, фатаграфіі, малюнкі, аб’ёмныя мадэлі, натуральныя аб’екты, дыяфільмы і інш.) дапамагаюць настаўніку абапірацца на пачуццёва-ўспрымальныя вучнямі вобразы пры фарміраванні ўяўленняў і пачуццяў. У другім выпадку сродкі нагляднасці (схематычныя аб’ёмныя мадэлі, схемы, табліцы і г.д.) патрэбны для перадачы складаных сувязяў, узаемазалежнасцяў і адносін аб’ектаў навучэння, іх унутранай структуры, якая не паддаецца рэалістычнаму, вобразнаму ўспрыманню.

Як вядома, адлюстраванне рэчаіснасці ў разуменні чалавека ажыццяўляецца ў адзінстве пачуццёвага і рацыянальнага. Кожная форма адлюстравання мае свае спецыфіку і займае пэўнае месца ў працэсе пазнання. Неабходна спалучэнне ў адукацыйным працэсе прадметна-вобразнай і знакавай нагляднасці, што забяспечвае ўсебаковы падыход да разгляду ўласцівасцяў і прымет вывучаемых аб’ектаў [2, с. 153–154].

Разнастайныя віды наглядных дапаможнікаў актывізуюць вучэбную дзейнасць, засяроджваюць увагу вучняў на пэўных з’явах мовы, даюць магчымасць настаўніку лепш раскрыць многія паняцці.

Ролю моцнага стымулу выконвае малюнак, які цікава, нярэдка з гумарам ілюструе асаблівасць пэўных граматычных форм і канструкцый. З улікам гэтага распрацаваны новы сродак навучання – раздатачны выяўленчы матэрыял (карткі з малюнкамі і заданнямі для самастойнай работы вучняў).

Вартасцю заданняў па картках з’яўляецца наяўнасць у раздатачным матэрыяле практыкаванняў рознай ступені цяжкасці, што садзейнічае рэалізацыі прынцыпу дыферэнцаванага навучання.

У сваёй практыцы настаўнікі пачатковых класаў часцей за ўсё выкарыстоўваюць раздатачны матэрыял у якасці дадатковага задання тым вучням, якія хутка выканалі папярэдняе заданне. У гэтым выпадку вучань увесь час працуе над тэмай урока.

Раздатачны матэрыял прадугледжвае:

1)      заданні, звязаныя з узбагачэннем слоўніка вучняў (растлумачыць значэнне слоў, выявіць розніцу ў значэннях слоў, падабраць сінонімы, антонімы, роднасныя словы);

2)      заданні, звязаныя з навучаннем малодшых школьнікаў выразнаму, правільнаму ўжыванню вывучанай лексікі (выбраць з некалькіх варыянтаў той, які адпавядае мэце выказвання);

3)      заданні, накіраваныя на папярэджанне граматычных памылак: утварыць тыя ці іншыя словы, скласці словазлучэнні і сказы, выправіць памылкі; скласці невялікія выказванні (зрабіць надпісы да малюнкаў, вусна апісаць малюнак).

Усё вышэйсказанае дазваляе сфармуляваць асноўныя метадычныя правілы ўжывання гэтага віду нагляднасці:

1)      выкарыстоўваць раздатачны матэрыял на этапе творчага замацавання вывучанага матэрыялу, калі асноўныя ўменні і навыкі, звязаныя з засваеннем матэрыялу, у вучняў ужо сфарміраваны;

2)      пры выкарыстанні раздатачнага матэрыялу неабходна перш за ўсё актывізаваць творчую дзейнасць вучняў;

3)      неабходна ў поўнай меры рэалізаваць магчымасці раздатачнага матэрыялу для арганізацыі індывідуальнай работы.

Работа з раздатачным матэрыялам павінна прысутнічаць амаль на кожным уроку беларускай мовы, таму што карткі дапамагаюць наглядна адлюстроўваць значэнні слоў, стымулююць вучняў да ўжывання вывучанай лексікі, даюць матэрыял для адпрацоўкі нормаў беларускай літаратурнай мовы. Усё гэта дазваляе фарміраваць правапіс і маўленчыя навыкі вучняў пачатковых класаў у цесным адзінстве.

Пры рабоце над самымі рознымі праграмнымі тэмамі раздатачны матэрыял выконвае стымулюючую функцыю. Малюнак служыць стымулам для выкарыстання асобных слоў, пабудовы словазлучэнняў і сказаў, а таксама для складання звязных выказванняў.

Малюнкі могуць служыць дадатковым матэрыялам для замацавання арфаграфічных навыкаў у ходзе вывучэння самастойных часцін мовы, таму што яны маюць лексічнае значэнне і могуць быць адлюстраваны з дапамогаю малюнка. Напрыклад, пры вывучэнні тэм «Назоўнік», «Прыметнік», «Дзеяслоў» можна выкарыстаць раздатачны матэрыял з адпаведнымі тэмам заданнямі: «Вусна назавіце малюнкі і вызначце род назоўнікаў – назваў малюнкаў», «Падбярыце прыметнікі да дадзеных слоў-назваў малюнкаў па памеры, форме, колеры, смаку», «Падбярыце да малюнкаў патрэбныя дзеясловы – назвы дзеянняў, вусна складзіце з імі сказы». Пры выкананні даных заданняўмалодшыя школьнікі  вучацца правільна падбіраць і ўжываць патрэбныя словы; узбагачаецца іх  мова.

Малюнкі карысныя і для замацавання пунктуальных навыкаў. Напрыклад, пры вывучэнні сказаў з аднароднымі членамі малодшым школьнікам пры працы з малюнкам прапануецца заданне: «Скласці сказ з аднароднымі членамі». Для вучняў, якія забываюць аб пастаноўцы косак пры аднародных членах, трэба напомніць аб знаках прыпынку; а вучні,якія гэта добра ўсвядомілі, самі паставяць знакі прыпынку.

Пры дапамозе малюнкаў магчымыя розныя віды заданняў, накіраваныя на ўзбагачэнне слоўніка вучняў. Напрыклад, на аснове малюнка растлумачыць розніцу ў значэнні слоў. З дапамогаю малюнка дзеці вызначаюць, што слова  каса  можа быць ужыта ў розных значэннях.

Сюжэтныя малюнкі ці серыя сюжэтных малюнкаў выкарыстоўваюцца для складання звязных тэкстаў.

З усяго сказанага можна зрабіць вывад: малюнкі даюць вялікія магчымасці для развіцця мовы і маўлення малодшых школьнікаў, для ўдасканалення навыкаў правільнага словаўжывання. Раздатачны выяўленчы матэрыял можа быць выкарастаны настаўнікам  як для індывідуальнай, так і для групавой работы, уносячы элемент цікавасці і  абуджаючы думку вучняў.

Такі чынам, сродкі нагляднасці павышаюць эфектыўнасць навучання, асабліва дзяцей з больш выражаным наглядна-вобразным мысленнем, прабуджаюць цікавасць да навучання, павышаюць працаздольнасць вучняў пачатковых класаў. 

 


 

 

1. Ушинский, К. Д. Избранные педагогические произведения / К. Д. Ушинский. – М. : Просвещение, – 1968. –345 с.

2. Средства обучения и методика их использования  в начальной школе : кн. для учителя / Г. Ф. Суворова [и др.] ; под ред. Г. Ф. Суворовой. – М. : Просвещение, 1990. – 160 с.


 

 

MediaLex 2016