Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Скарук Кацярына Мікалаеўна

Развіццё творчых уяўленняў вучняў пачатковых класаў
на ўроках літаратурнага чытання

УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»

 

Кожны ўрок літаратурнага чытання ў пачатковых класах – гэта не толькі паведамленне вучням новых ведаў, але і фарміраванне ў іх пазнавальных інтарэсаў, развіццё іх здольнасцяў, заахвочванне да творчай дзейнасці.

Творчае натхненне – чалавечая патрэба, у якой асоба знаходзіць шчасце. Творчасць пачынаецца там, дзе інтэлектуальныя і эстэтычныя багацці становяцца сродкам пазнання і пераўтварэння свету.

У малодшым школьным узросце дзеці знаходзяць задавальненне ў тым, што іх думка жыве ў свеце казачных вобразаў. Казкі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак правільнаму светаразуменню, дапамагаюць ацэньваць розныя з’явы, справы, учынкі, бачыць іх станоўчыя і негатыўныя бакі. Дзіця можа пераказваць адну і тую ж казку некалькі разоў і кожны раз адкрываць у ёй нешта новае.

Казка дае дзіцяці пазітыўную ўстаноўку, яна найбольш блізкая яго ўнутранаму свету, прыклад станоўчага героя, як правіла, натхняе малодшага школьніка, адмоўны герой пабуджае пазбягаць падобных дзеяннняў.  Казка, на думку А.У. Запарожца, «выконвае найважнейшую ролю ў развіцці ўяўлення – здольнасці, без якой немагчыма ні разумовая дзейнасць дзіцяці ў перыяд школьнага навучання, ні любая іншая творчая дзейнасць дарослага» [1, с. 34].

Для развіцця творчых уяўленняў вучняў пачатковых класаў можна выкарыстоўваць такі метадычны прыём, як інтэрпрэтацыя казкі. Iнтэрпрэтуючы твор, кожны школьнік мае магчымасць творча праявіць сябе, выступаючы ў новай ролі. Прывядзём прыклады некаторых заданняў:

1.     Апішы характар галоўнага героя да сустрэчы з… і пасля.

2.       Раскажы сюжэт вядомай казкі ад імя персанажаў ці прадметаў – «удзельнікаў падзей».

3.     «Што было далей?» – закончыць сюжэт твора.

4.       Расказаць казку так, каб героі сталі антыгероямі (злы – добрым, скупы – шчодрым і г.д.).

5.       Скласці казку па зададзеных 1–2 прадметах, звычайна не характэрным для персанажаў казак (напрыклад, кропелька дажджу, зерне з каласка і г.д.).

6.     Прагназаванне сюжэта. Прапануецца праслухоўванне з паўзай.

7.     Перастаноўка персанажаў унутры адной казкі.

8.     Уключэнне ў сюжэт казкі дадатковых персанажаў.

9.       Параўнанне некалькіх твораў – творчая праца, якая носіць даследчы характар. Напрыклад, параўнанне пачатку казак. Дзеці з першага класа праводзяць даследчы пошук і прыходзяць да вываду, што казкі пачынаюцца па-рознаму: «Жылі-былі…»,  «У некаторым царстве…», « Жыў на свеце…» і інш.

Складанне казак – адзін з эфектыўных прыёмаў для развіцця творчых уяўленняў вучняў пачатковых класаў. Дзеці вельмі любяць слухаць казкі, але, як правіла, не ўмеюць іх складаць. Таму, перш чым даваць дзецям напісаць уласную казку, мэтазгодна выкарыстоўваць такія прыёмы, якія дапамогуць паступова ўвесці  вучняў у ролю «казачнікаў»: выдзяляць апорныя словы з казкі, перарабляць знаёмую казку, складаць казкі па пачатку і па канцоўцы, ствараць уласныя арыгінальныя казкі.

Складаючы казку, вучні развіваюць у сабе такі неад’емны кампанент інтэлекту, як уяўленне. Лепшыя працы настаўнік можа потым выкарыстоўваць у якасці дыдактычнага матэрыялу на ўроках, што з’яўляецца свайго родам стымулам для далейшай творчай працы для ўсіх дзяцей.

Развіццю творчага ўяўлення спрыяюць і наступныя гульні і гульнявыя заданні:

Агульны сказ. Настаўнік вымаўляе два  першыя словы, а вучні па чарзе дадаюць па адным слове, каб атрымаўся лагічна завершаны цікавы сказ. Калі хтосьці са школьнікаў вырашыў, што сказ закончыўся, ён кажа: «Стоп!».

Калі раптам... Вучням прапануецца неардынарная сітуацыя, з якой яны павінны знайсці выйсце, выказаць свой пункт гледжання. Напрыклад: «Калі раптам на зямлі знікнуць усе гузікі, што адбудзецца? Чым іх можна замяніць?».

Добра-дрэнна. Настаўнік знаёміць дзяцей з пэўнай з’явай (прадметам, паняццем, вобразам), потым пытае: «Снег – гэта добра ці дрэнна?», «Што добрага можна сказаць пра Бабу Ягу? А што дрэннага?» і г.д.

Узнаві казку. Дзецям паведамляецца, што ў казцы, якую ім хочуць прачытаць, зніклі некаторыя літары. Той, хто чытае, будзе вымаўляць толькі тую частку слова, якая засталася. Дзеці павінны адгадаць назву казкі.

Хлуслівыя гісторыі. Настаўнік пры чытанні відазмяняе знаёмую казку. Дзеці, пачуўшы ў тэксце памылку, павінны пляснуць у далоні.

Вучні пачатковых класаў актыўна прымаюць удзел у выкананні заданняў падобнага тыпу. Адказваючы на пытанні, малодшыя школьнікі вучацца разважаць, выкарыстоўваючы асабісты жыццёвы вопыт, граматычна правільна будаваць сказы, у іх фарміруецца ўменне бачыць добрае і дрэннае ў навакольным асяроддзі.

Працу над  казкай можна арганізаваць, стварыўшы цэнтры выяўленчага мастацтва і чытання. Пасля знаёмства з казкай (настаўнік чытае казку сам альбо яе расказвае раней падрыхтаваны вучань) малодшыя школьнікі адказваюць на пытанні па змесце, затым самастойна працуюць над казкай па цэнтрах у групах (у якім цэнтры працаваць – выбіраюць самі дзеці, выкарыстоўваючы дошку выбару).

Заданні, якія можна прапанаваць вучням у цэнтры чытання:

1.          Прыдумай канец казкі.

2.          Прыдумай працяг казкі.

3.          Прыдумай перадгісторыю казкі.

4.          Выкладзі асноўную ідэю казкі ў адным сказе.

5.          Раскажы казку ад імя галоўнага героя.

6.          Раскажы казку ад імя адмоўнага героя.

7.          Дай славесную характарыстыку аднаму з персанажаў казкі.

Заданні, якія можна было б прапанаваць дзецям у цэнтры выяўленчага мастацтва:

1.          Зрабі рэкламны плакат для казкі.

2.          Падзялі ліст на тры часткі, намалюй, што адбылося ў пачатку, сярэдзіне і ў канцы казкі.

3.          Намалюй самы цікавы эпізод казкі.

4.          Намалюй партрэт галоўнага героя казкі, ахарактарызуй яго.

5.          Падзялі казку на часткі (з дапамогай настаўніка), да кожнай часткі зрабі малюнак.

Калектыўнае выкананне заданняў па цэнтрах уяўляе сабой вусны абмен інфармацыяй паміж удзельнікамі груп, дазваляе вучням падзяліцца сваімі ўражаннямі, ідэямі, дае магчымасць выслухаць другіх, садзейнічае выхаванню ўвагі, фарміраванню ўмення размаўляць з сябрамі. Працуючы ў групах, дзеці бачаць вочы сваіх аднакласнікаў, адчуваюць разуменне і падтрымку, што стымулюе максімальнае выражэнне свайго «я» ў момант творчай дзейнасці.

Знаёмыя незнаёмцы. Група атрымлівае картку, на якой запісаны словы з казкі і адно слова, якое да дадзенай казкі не мае дачыненняў. На аснове гэтых слоў патрэбна скласці новую казку.

Напрыклад, дадзены словы: дзед, бабка, курачка Раба, яйка, ліса.

Жоўты камячок

Жылі-былі дзед з бабкай, і была ў іх курачка Раба. Знесла курачка яйка: яйка не залатое, а простае. Ліса ўкрала яго. Занесла ліса яйка ў норку і прыкрыла сваім пушыстым цёплым хвастом. Схавала. «Вось зараз і паснедаю», – падумала раніцай ліса. Раптам яна пачула піск: падняла рыжая хвост, а там – маленькі жоўты камячок. Хацела ліса з’есці куранятка, але раптам яе хтосьці схапіў за хвост і выцягнуўў з норкі. Гэта быў дзед з ружжом на плячы. Поба чз iм  стаяла бабка і курачка Раба. Радаснае куранятка выскачыла і кінулася насустрач маці. Вось і казкі канец, а хто слухаў– малайчына.

Складзі казку. Вучням прапануецца шэраг слоў, выкарыстоўваючы якія яны павінны напісаць казку. Напрыклад: вучань, ручка, аловак; восень, лісточак, ветер, дрэва.

Лісточак

Лісточак нарадзіўся вясной. Ён моцна трымаўся за галінку, як за маміну руку. Усё лета дрэва карміла лісточак смачным сокам.

Прыйшла восень Лісточак пажаўцеў. Падзьмуў халодны вецер. Дрэву стала холадна. Лісточак упаў уніз, каб сагрэць ногі маці. Дрэва любавалася сваім жоўценькім сыночкам.

Біном фантазіі. Настаўнік запісвае на дошцы два словы, нічым не звязаныя, і прапануе скласці словазлучэнні, змяніўшы пры гэтым форму слоў. Гэтыя словазлучэнні стануць асновай для напісання казкі, замалёўкі, верша. Напрыклад, дадзены два словы: рамонак, мора. Дзеці складаюць словазлучэнні: марскі рамонак, рамонкавае мора, мора ў рамонку, якія становяцца тэмай для складання твораў.

Такім чынам, урокі літаратурнага чытання ў пачатковых класах забяспечваюць удасканаленне асобы малодшага школьніка, садзейнічаюць не толькі развіццю творчых уяўленняў, але і сведчаць пра падрыхтаванасць вучняў да далейшага самаразвіцця. 

 

 

 

 


 

 

1. Запорожец, А В. Психологическое восприятие сказки ребёнком-дошкольником / А. В. Запорожец // Дошкольное воспитание. 1948. №9. – с. 3441.

 

 

MediaLex 2016