Республиканская научно-практическая интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

 

Струг Вольга Іванаўна

КУЛЬТУРНА-ГІСТАРЫЧНАЯ АДМЕТНАСЦЬ  АНТРАПАНІМІКОНУ
НАВУКОВА-ПАПУЛЯРНАЙ ЛІТАРАТУРЫ
СУЧАСНЫХ БЕЛАРУСКІХ ПІСЬМЕННІКАЎ

УА "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна"

 

Педагог, гісторык, пісьменнік Анатоль Бензярук – гэта чалавек, усхваляваны лёсам роднай зямлі і тым, як будзе захаваная спадчына продкаў:  багатая гісторыя роднага краю, помнікі матэрыяльнай і духоўнай культуры Бацькаўшчыны. Маленькаму чытачу, вучню малодшых класаў, адрасаваная кніга “Свята для сэрца”, у якой аўтар апавядае пра багатую  гісторыю і сучаснаць “прыгожай часцінкі” Беларусі – Берасцейшчыны, што падаравала свету шмат знакамітых людзей. У кнізе “Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду” А. Бензярук на падставе шырокага кола крыніц разглядае радавод кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 года, народнага героя Беларусі, Польшчы, ЗША Тадэвуша Касцюшкі. Эмацыянальным аповедам пра “ўнікальны архітэктурны помнік, які парог ІІІ тысячагоддзя пераступіў у якасці  агульначалавечага культурнага набытку” [1, с. 8], з’яўляецца з’яўляецца кніга Анатоля Бутэвіча “Таямніцы Мірскага замка”. Чытач кнігі Вітаўта Чаропкі “Імя ў летапісе” даведваецца пра барацьбу Полацкага княства за незалежнасць, пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, войны беларуска-літоўскай дзяржавы з Тэўтонскім ордэнам, Залатою Ардою, Маскоўскім княствам, Польшчаю. Аўтар прыводзіць шэраг малавядомых гістарычных фактаў, якія абвяргаюць звыклыя версіі. Захоплена, грунтоўна і эмацыянальна расказваючы чытачу пра даўнія часы, пра славутых продкаў і сучаснікаў, пісьменнікі ўмела выкарыстоўваюць нацыянальна-культурную інфармацыю ўласных імёнаў, якія з’яўляюцца каштоўнай спадчынай беларусаў: “у  імёнах нярэдка адлюстроўваецца характар і дух народа лепш, чым ва ўсіх іншых  гістарычных помніках; у гэтым выпадку ўласныя імёны служаць скарочанай гісторыяй унутранага быту і духу народнага, і нярэдка, дзе маўчаць хронікі і гістарычныя помнікі, там пачынае гаварыць слова” [2, с. 29].

У цэнтры аўтарскага аповеду – вобразы нашых продкаў і сучаснікаў. Таму ў анамастыконе твораў галоўнае месца займаюць антрапонімы. Робячы экскурс у гісторыю, аўтары нярэдка тлумачаць чытачу паходжанне даўніх імёнаў, сэнс якіх апраўдваецца жыццём і ўчынкамі вядомых гістарычных асоб. Так, раскрываючы матывацыю празвання вядомага на славянскіх землях полацкага князя Усяслава Чарадзея, Вітаўт Чаропка адзначае: “Сучаснікі ў жаданні хоць неяк растлумачыць незвычайны лёс гэтага чалавека, таямнічасць  і легендарнасць яго асобы, ягоную бурлівую дзейнасць, бліскучыя перамогі, далучылі Усяслава Брачыславіча да чарадзеяў, волхваў. Нават у летапісе пра Усяславава нараджэння запісана, што паявіўся на свет ён ад “валхвавання”. Верылі, што князь можа абярнуцца ў ваўка, тура, сокала, нібыта герой былінага эпасу. Ужо пры жыцці пра яго подзвігі складалі быліны і паданні. Яскравая і каларытная постаць Усяслава натхняла і невядомага аўтара “Слова пра паход Ігаравы”: “Усяслаў-князь людзям чыніў суды, радзіў князям гарады, а сам уночы воўкам рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў. Яму ў Полацку пазвоняць Ютрам рана у званы святое Сафіі, а ён той звон чуе ў Кіеве” [3, c. 43]. Чаропка прадстаўляе цікавыя версіі паходжання імёнаў славутых князёў. На яго думку, “славянскім з’яўляецца імя Рагнеды. Тут назіраем старажытны славянскі звычай (дарэчы, пашыраны і ў старажытнай Германіі) даваць дзецям імя, у якім гучала б для азначэння сваяцтва  частка імя бацькоў. Так што імя князёўны вытворчае ад імя Рагвалода. Сімвалічнае значэнне апошняга імя магло ўказваць на тое, што яго носьбіт з’яўляецца “валадаром рогу”. У паганстве рог быў сімвалам зямной урадлівасці, багацця (нагадаем пазнейшае пераасэнваванне рога ў беларускай казцы “з рога ўсяго многа”). Калі ўлічыць гэта, дык імя Рагвалод можна растлумачыць як валадар багацця, багаты і шчодры чалавек. Ну, а ўладар полацкай зямлі, вядома, не быў жабраком” [3, с. 11]. Пісьменнік абрунтоўвае славянскае паходжанне імені славутага князя Міндоўга: “Часта  славянскія імёны прыстасоўвалімся балтамі да сваёй моўнай сістэмы. Менавіта тады і быў прыўнесены той літоўскі элемент, які прыдаваў славянскаму або царкоўнаму імю літоўскае гучанне. Напрыклад: Вітаўт (Віт), Альгерд (Аляксандра), Кейстут (Канстанцін).  Імя Міндоўг, паводле меркаванняў філолага В. Юргевіча, таксама славянскае, атрымана ад памяншальна-ласкальнага Менця (Дзяменцій). Сустракаецца імя ў беларускай мове ў такіх формах: Міндюк, Мендыла, Мендык. З усяго сказанага вынікае, што Міндоўг нарадзіўся і жыў  на землях сучаснай Беларусі. Паміж Наваградкам і Пінскам знаходзілася ягоная “краіна”.  Верагодна, быў ён нашчадкам полацкага князя Расціслава Рагвалодавіча, сыноў якога Давіла і  Маўкольда віленцы ўзялі сабе за князёў. Калі гэта так, дык як спадкаемца крывіцка-дрыгавіцкіх уладароў, ён меў права і на полацкі пасад, і на княжацкую карону ў Навагародку. Менавіта паходжаннем з дынастыі Рагвалодавічаў можна растлумачыць, чаму Міндоўга абралі наваградскім князем, а ягонага братаніча (пляменніка па брату) Таўцівіла  – полацкім князем” [3, с. 99].

У свядомасці нашых продкаў жыло перакананне, што лёс чалавека пэўным чынам  абумоўлены значэннем ягонага імені. У кантэксце навукова-папулярных твораў нярэдка  ажывае гэтае даўняе ўяўленне. У апавяданні Анатоля Бензерука “Землі і справы Боны” адзначаецца: “Нездарма імя ў каралевы Бона (што значыць “Добрая”), невыпадкова яна Сфорца (“Моцная”)! Вялікія ў яе ўладанні. Раскінуліся яны ад Жмудзі да Палесся. Шмат трэба сіл, каб гаспадарыць на такіх абшарах. Трэба да людзей з добрым словам звяртацца, каб яны працавалі лепш[3, с. 6]. У апавяданні “Барбара і Жыгімонт” пісьменнік расказвае пра паходжанне імёнаў польскага караля: “У Боны і Жыгімонта нарадзіўся сын. Ён атрымаў адразу два імені. Бацька даў сыну сваё імя, а маці-італьянка назвала ў гонар першага рымскага імператара. Хацела яна, каб сын быў такім жа  вялікім і славутым. Так хлопчык стаў Жыгімонтам Аўгустам[4, с. 47]. Некаторыя манархі і прадстаўнікі славутых шляхетных родаў увайшлі ў гісторыю пад  празваннямі-мянушкамі. Так, прадстаўнікі славутага роду Радзівілаў мелі мянушкі: Мікалай Руды і Мікалай Чорны, якія  характарызавалі знешнасць мужчын: “Яны абодва насілі шырокія бароды, але ў аднаго яна была рудога колеру, а ў другога – чорнага[4, с. 48]. Мянушка польскага караля, з аднаго боку, адпавядала яго фізічнай моцы, а з другога боку, была супрацьлеглая ўнутранай сутнасці манарха, у якога адсутнічала рэальная палітычная сіла: “Кіраваў Рэччу Паспалітай кароль Аўгуст Моцны, які нездарма меў такую мянушку: голымі рукамі гнуў і ламаў медзякі! А краіну трымаць у руках не мог! Бо жыў часцей у роднай Германіі, чым у Беларусі ці Польшчы” [4, с. 76]. У зборніку “Таямніцы Мірскага замка” Анатоль Бутэвіч акрэслівае гісторыі мянушак славутых Радзівілаў. Так, Міхаіл Казімір  атрымаў празванне Рыбанька, бо “меў звычку звяртацца да сваіх суразмоўцаў, асабліва да жанчын, менавіта з гэтым словам “Рыбанька [1, с. 44]. У раздзеле “Легенды Мірскага замка” прыводзіцца гісторыя мянушкі Сіротка: “Кажуць, што знакамітая мянушка Сіротка прыліпла да Мікалая Крыштофа Радзівіла з лёгкай рукі караля Жыгімонта ІІ Аўгуста. Калі ў польскай сталіцы Кракаве пышна адзначалі шлюб караля Жыгімонта і Барбары Радзівіл, сярод гасцей быў стрыечны брат Барбары Мікалай Радзівіл Чорны. Бацькі ўзялі з сабой на вяселле двухгадовага Мікалая. Ён ціхенька спаў у сваім ложку. А калі прачнуўся, нікога побач не аказалася. Княжыч заплакаў. Тут  і заўважыў яго кароль. Пачаў суцяшаць, казаў нешта ласкавае. Называў бедным сіроткам, пакінутым усімі. Гэта ўпала ў вушы слугам, якія падхапілі пачутае слоўца. Так на ўсё жыццё і замацавалася за князем мянушка, якая стала часткай прозвішча[1, c. 107–108]. Некаторыя гістарычныя асобы атрымліваюць празванні пасля смерці. Такую мянушку атрымала дачка Івана Святаполк-Мірскага: “12-гадовую Соню пахавалі ў родавай капліцы. Мінула шмат гадоў, капліца аказалася разбуранай і разрабаванай. Тады і пайшла гуляць пагалоска, што ў адной з вежаў замка белымі-белымі ад месяцавага святла начамі можна ўбачыць дзяўчыну. Усю ў белым. Як бы нечая нявеста шукае кагосьці ў замкавых пакоях. Белая панна спускалася ў лёхі, дзе пачынаецца падземны ход, які злучае Мір з Нясвіжам. І тады ўжо пешкі выпраўлялася на адведкі сваёй каляжанкі – Чорнай панны Нясвіжа[1, с. 106].

У кнізе “Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду”  пісьменнік-краязнаўца расказвае пра паходжанне прозвішча сям’і нацыянальнага героя Беларусі. У раздзеле “Імя становіцца прозвішчам” аўтар адзначае, што ўсе дакументы, складзеныя пры жыцці першага ўладара маёнтка Сяхновічы, пісара вялікага князя Літоўскага,  называюць яго “Костюшко”. Гэта памяншальная форма хрысціянскага імені Канстанцін. Прадстаўнікі сярэдняга і дробнага баярства ў старажытасці іменаваліся менавіта такімі памяншальнымі формамі: Васко (замест Васіль), Гурко (замест Рыгор). Гэтыя формы ў ХV–ХVІ стагоддзях лічыліся нарматыўнымі, зацверджанымі ў шматлікіх справаводчых паперах.  Імёны прадстаўнікоў вышэйшага дваранства ўжываліся пераважна ў поўнай форме. “Імя Касцюшкі Фёдаравіча ператварылася ў сямейнае прозвішча, таму што з 15 студзеня 1515 года ён зрабіўся дваранінам гаспадарскім, выканаўцам даручэнняў вялікага князя. Да таго ж Касцюшка  Фёдаравіч сумяшчаў пасады камянецкага суддзі і гараднічага. Апроч таго, у 1543 годзе  ён быў вялікакняскім камісарам пры размеркаванні спрэчных земляў, а прыкладна ў той жа час (да 1549 года) удзельнічае ў размеркаванні каралеўскіх і шляхецкіх надзелаў каля Старога Сяла (Жабінкаўскі раён) на Берасцейшчыне [5, с. 22]. Грамадская дзейнасць Касцюшкі Фёдаравіча стала ўзорам для яго нашчадкаў. Бліскучая кар’ера – узвышэнне звычайнага баярына ў фактычнага кіраўніка  старажытнага горада Камянца – адыграла вызначальную ролю ў замацаванні імені Касцюшкі за яго нашчадкамі як прозвішча: “Імя слыннага продка стала часткаю спадчыны, якая трывала замацавалася за радзінаю[5, с. 22].

Імя здаўна ацэньваецца ў грамадстве як неад’емная частка чалавека, каштоўнасць, якой ён даражыць. Лічыцца, што чалавек застаецца жывым да той пары, пакуль у свеце памятаюць яго імя. Апавядаючы пра славу і духоўную спадчыну вялікіх землякоў, А. Бензярук паказвае, як шануюцца і захоўваюцца ў свеце іх імёны: “Дамейка пакінуў значны след у гісторыі. Географ вам раскажа пра горы Кардыльера Дамейка. Біёлаг – пра малюск навуцілус дамейкус. Геолаг – пра сіне-белы мінерал дамейкіт. А батанік – пра фіялку віола дамейкіяна[4, с. 102]; “Імем Касцюшкі названы самая высокая гара ў Аўстраліі, гарады ў ЗША, вуліцы ў Польшчы[4, с. 84].

Як бачым,  навукова-папулярная літаратура А. Бензерука, В. Чаропкі  і А. Бутэвіча вызначаецца стылістычна матываваным ужываннем анамастычных адзінак, якія перадаюць  каштоўную інфармацыю пра матэрыяльную і духоўную культуру нашых продкаў. Пры гэтым пісьменнікі паспяхова выкарыстоўваюць прыём актуалізацыі этымалагічнага значэння насычаных нацыянальна-культурнай інфармацыяй онімаў. 

 


 

 

1. Бутэвіч, А. Таямніцы Мірскага замка : падарожжа па сівых мурах з Адамам Міцкевічам / А. Бутэвіч. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2011. – 118 с.

2. Карніеўская, Т. А. Іменаслоў Гомеля другой паловы ХХ стагоддзя : манаграфія / Т. А. Карніеўская. – Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2010. – 168 с.

3. Чаропка, В. Імя ў летапісе / В. Чаропка. – Мінск : Полымя, 1994. – 559 с.
4. Бензярук, А. Свята для сэрца : невялікія гісторыі для юных беларусаў / А.Бензярук. – Мінск : Литература и Искусство, 2009. – 150 с.

5. Бензярук, А. Касцюшкі-Сяхновіцкія : гісторыя старадаўняга роду / А.Бензярук. – Брэст : Академия, 2006. – 130 с.

 

 

MediaLex 2016