Турок Анастасія Чаславаўна
Работа над памылкамі на ўроках
беларускай мовы УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»
Важнае звяно ў навучанні правапісу займае самастойная праца навучэнца над сваімі памылкамі. «Агульны прынцып выпраўлення памылак зводзіцца да таго, каб не паралізаваць самастойнасці вучняў, каб вучні працавалі над сваімі памылкамі. Настаўнік не столькі дае слова ў гатовым выглядзе, колькі прымушае вучняў разважаць і самастойна працаваць ... » [1, с. 47]. Засваенне навыкаў правільнага напісання вызначаецца такімі фактарамі, як марфалагічнае ўсведамленне слова, выразнае распазнаванне фанем, правільныя кінестэтычныя, глядзельныя і маторна-рухальныя вобразы слова. Актывізацыя дзеянняў гэтых фактараў мае вялікае значэнне для папярэджання памылак. У пачатковай школе для гэтых мэтаў выкарыстоўваюцца розныя віды практыкаванняў: а) суаднясенне арфаграмы з вызначаным правілам, гукавы аналіз слова, выразнае яго прагаворванне; б) прымяненне правіл з абавязковым тлумачэннем; в) шырокае выкарыстанне папераджальных дыктантаў рознага віду (слыхавы, зрокавы, пісьмо па памяці, пісьмо з каменціраваннем); г) захаванне арфаграфічнага і гігіенічнага рэжыму. Захаванне арфаграфічнага рэжыму гэта і пэўны парадак вядзення сшыткаў, іх рэгулярная праверка і абавязковая праца над памылкамі. У педагагічнай практыцы існуюць розныя методыкі правядзення работы над памылкамі, педагогі прапануюць выкарыстанне памятак, але дадзеныя дапаможнікі не ў поўнай меры дапамагаюць вырашыць праблему эфектыўнага выканання гэтага віду работы, эканомячы нервовыя сілы дзіцяці, выпрацоўваючы ў яго дынамічны стэрэатып працы. Важнае значэнне для фарміравання арфаграфічнай пісьменнасці мае правільна арганізаваная праца над памылкамі. Яна з’яўляецца працягам той аналітыка-сінтэтычнай дзейнасці, якая праводзілася на папярэдніх этапах авалодання арфаграфічным навыкам. Эфектыўнасць працы над памылкамі ва ўмовах школы залежыць ад: · сістэматычнасці яе правядзення; · разнастайнасці відаў практыкаванняў, накіраваных на замацаванне слаба засвоеных арфаграм; · ад максімальнай для дадзенай катэгорыі дзяцей актыўнасці ў працэсе самастойнай дзейнасці па ўсведамлення памылковых напісанняў; · ад наяўнасці індывідуальнага падыходу да кожнага навучэнца. У адукацыйным стандарце вучэбнага прадмета «Беларуская мова» гаворыцца, што вучань павінен ведаць арфаграфічныя нормы, знаходзіць у словах арфаграмы, графічна абазначаць іх апазнавальныя прыметы, выконваць арфаграфічны разбор слова; павінен валодаць нормамі беларускай мовы; правільна пісаць словы розных часцін мовы ў сукупнасці з вывучанымі арфаграфічнымі правіламі. Але, як паказвае практыка, вучні не заўсёды радуюць сваімі вынікамі. Гэта сведчыць пра тое, што адным з самых слабых месц падрыхтоўкі вучняў з’яўляецца нізкая арфаграфічная пісьменнасць. Важнае месца ў сістэме навучання правапісу займае работа над памылкамі, якая з’яўляецца сродкам не толькі замацавання арфаграмы, але і папярэджання памылак. Мэта работы над памылкамі заключаецца ў тым, каб растлумачыць арфаграмы, на якія зроблены памылкі, замацаваць навыкі правільнага напісання слоў. Каб дзеці не рабілі памылкі пры пісьме, яны павінны бачыць тыя небяспечныя месцы, у якіх могуць дапусціць памылку. Калі дзіця навучыцца бачыць, чуць, а галоўнае, растлумачыць, чаму тут трэба пісаць гэтую літару, а не тую, якую ён чуе пры вымаўленні дадзенага слова, мы зможам дамагчыся граматнага пісьма. Таму неад’емнай часткай працы над развіццём арфаграфічнага навыку з’яўляецца праца над памылкамі. Любая праца пачынаецца з агульнай памяткі над памылкамі. Гэтыя памяткі дзецям дапамагаюць выконваць і працу над памылкамі дома. Вучні павінны праходзіць наступныя этапы для вырашэння арфаграфічнай задачы: 1. Убачыць арфаграму ў слове. 2. Успомніць правіла. 3. Вызначыць спосаб вырашэння задачы ў залежнасці ад віду арфаграмы. 4. Вызначыць паслядоўнасць, гэта значыць саставіць алгарытм задачы. 5. Пабудаваць паслядоўнасць выказвання па дадзеным алгарытме. 6. Правільна напісаць слова і выканаць самаправерку. Праводзячы работу над памылкамі, настаўнік узнаўляе веды вучняў па асобных правілах арфаграфіі, на якія былі зроблены памылкі, дае ўзор тлумачэння памылак, замацоўвае навыкі правапісу. Настаўнік указвае, у чым заключаецца памылка, як яе выправіць і растлумачыць. Праверыўшы работы вучняў, настаўнік павінен адзначыць тыя групы памылак, якія з’яўляюцца тыповымі ў дадзеным выпадку для ўсіх вучняў і над якімі патрэбна папрацаваць калектыўна. Адпрацоўваюцца найбольш тыповыя і грубыя памылкі, а дома вучні працуюць над астатнімі індывідуальнымі памылкамі. Поспех у дамашняй рабоце над памылкамі залежыць ад таго, наколькі навучальнай была работа на ўроку. Сістэматычная і мэтанакіраваная работа над памылкамі выхоўвае ў вучняў арфаграфічную пільнасць, адказнае стаўленне да пісьма, імкненне афармляць свае думкі граматна. Прыёмы самастойнай работы над памылкамі: 1. Самастойнае выпраўленне памылак. 2. Самастойнае тлумачэнне тых слоў, у якіх былі дапушчаны памылкі. 3. Падбор праверачных слоў. 4. Падбор аналагічных прыкладаў дадзенай арфаграмы. 5. Выпісванне слоў і словазлучэнняў з тэксту з пэўнымі арфаграмамі. Такім чынам, свядомасць і аўтаматызм пры навучанні арфаграфіі дасягаюцца ў працэсе працы над правіламі і арфаграфічнымі практыкаваннямі, якія забяспечваюць засваенне навыкаў пісьмовага маўлення. Асабліва важнае значэнне мае выпрацоўка арфаграфічных навыкаў, заснаваных на свядомым выкарыстанні граматычных ведаў, выкарыстанні арфаграфічных правіл, якія прадугледжваюць актыўную інтэлектуальную дзейнасць вучняў. Для дыферэнцыраванага выпраўлення памылак і наступнай індывідуалізацыі самастойнай працы дзяцей над памылкамі падчас правядзення эксперыментальнага даследавання мы прапанавалі навучэнцам працу па памятцы «Небяспечныя месцы», у якой паслядоўнасць арфаграм адпавядала парадку іх вывучэння па праграме. Паслядоўнасць вывучэння арфаграм раздавалася кожнаму вучню і тлумачыўся алгарытм працы па ёй. Напрыклад 1. Пропуск, замена літары. Выпішы слова правільна. Падкрэслі ў ім прапушчаную літару. Рабі так: вучань, вучань, вучань. 2. Вялікая літара ў пачатку сказа. Выпішы сказ правільна. Прыдумай свой варыянт і напішы яшчэ адзін сказ. Падкрэслі загалоўную літару. Рабі так: Выпаў першы снег. Дзеці радыя. 3. Склад. Выпішы слова. Падкрэслі галосныя. Падзялі слова на склады. Запішы яшчэ два словы на гэтую арфаграму. Рабі так: но / гі , во / сы, ро / сы. Аналагічна афармляўся дэманстрацыйны дапаможнік для калектыўнай працы на ўроку на этапе фарміравання навыку працы па памятцы. Варта адзначыць, што кожны нумар змяшчаў наступнае: а) назва арфаграмы; б) паэтапныя інструкцыі для навучэнцаў; в) узор выканання. Такі змест дазволіў навучэнцам, эканомячы нервовыя сілы, выпрацаваць дынамічны стэрэатып працы за кароткі перыяд часу. Пры выпраўленні памылак настаўнік па-рознаму вызначае долю наступнай самастойнасці ў працы над імі кожнага вучня. • у сшытках слабых вучняў мы выпраўлялі памылку ў слове, выносілі на палі, выпісвалі і паказвалі, як працаваць з гэтай арфаграмай; вучань паўтараў дзеянні настаўніка; • у адносінах да групы з сярэдняй паспяховасцю аб’ём дапамогі памяншаўся; памылкі таксама выпраўляліся, выносіліся на палі, указваўся нумар правіла; • у сшытках школьнікаў з добрай паспяховасцю насупраць выпраўленай памылкі ставілася толькі вертыкальная рыска; вучань працаваў над арфаграмай самастойна: суадносіў памылку з правілам, знаходзіў яго ў памятцы, выконваў аперацыі, якія ў ёй пазначаны. Арыентуючыся на праведзены аналіз работ, для франтальнай работы адбіраліся словы, якія напісаны няправільна большасцю дзяцей. Групаваліся па арфаграмах, уключаліся ў план урока, праводзілася з імі праца па алгарытме, дадзеным у «Памятцы работы над памылкамі». Называліся прозвішчы дзяцей, якія дапусцілі дадзеную памылку. Дзеці з цягам часу пазнавалі свае памылкі, удзельнічалі ў падборы праверачных слоў ці тлумачэнні, г.зн. не баяліся прызнаваць свае памылкі. Словы для калектыўнага аналізу варта групаваць і працаваць з імі на працягу асноўнай часткі ўрока. Далей вучні працуюць самастойна над сваімі памылкамі. Урок працы над памылкамі будаваўся па наступным плане: 1. Паведамленне пра вынікі пісьмовай працы (2 хвіліны). 2. Калектыўны аналіз тыповых памылак класа (10–15 хвілін). 3. Выкананне практыкаванняў на замацаванне слаба засвоеных правілаў (10 хвілін). 4. Самастойная работа над памылкамі (10–15 хвілін). 5. Заданне на дом (3 хвіліны). 6. Падвядзенне вынікаў работы (2 хвіліны). Час на асобныя этапы ўрока рэгулююцца ў залежнасці ад колькасці матэрыялу, значнасці дадзенага этапу для замацавання арфаграфічнага правілы, ступені падрыхтаванасці дзяцей да працы. У пачатку ўрока трэба пазнаёміць дзяцей толькі з агульнымі вынікамі пісьмовай работы, пахваліць адных, выказаць незадаволенасць іншымі, але не аб’яўляць адзнакі кожнага вучня. Такі падыход да арганізацыі дзейнасці школьнікаў дапамагае захаваць у іх працаздольнасць, не выклікае негатыўнай рэакцыі, крыўды. Затым настаўнік паведамляе, якія правілы аказаліся менш за ўсё засвоенымі, над чым трэба працаваць усяму класу. Такім чынам, праведзенае даследаване паказала, што такая сістэма работы над памылкамі дае станоўчы вынік, таму што навучэнцы паўтараюць словы па некалькі разоў, выкарыстоўваюць зрокавы, маторны, маўленчарухальны і слыхавы аналізатары. Пастаяннае вяртанне да аналізу арфаграм павысіла ўсвядомленасць засваення арфаграфічнага правіла. Выкарыстанне гульнявых элементаў, нагляднага матэрыялу павысіла матывацыйны бок дзейнасці дзяцей у авалоданні навыкам правільнага пісьма.
1. Бондаренко, А. А. Где прячутся ошибки: дидакт. материал : пособие для учащихся нач. шк. / А .А. Бондаренко. – М., 1999. – 125 с.
|