Воран Iрына Васільеўна
Праца з прыказкамі на ўроках
лiтаратурнага чытання УА «Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна»
Прыказкі шмат у чым вызначаюць багацце i непаўторнасць гучання кожнай мовы, дапамагаюць адчуць яе адметнасць, вобразнасць i хараство, садзейнічаюць выхаванню любові і цікавасці да мовы, развіваюць маўленчы слых, мысленне [1, с. 19]. У пачатковых класах праца з прыказкамі зводзіцца да актыўнага знаёмства вучняў з гэтымі выслоўямі, да іх завучвання. Акрамя гэтага, настаўнік павінен навучыць малодшых школьнікаў раскрываць сэнс прыказак, умець іх выкарыстоўваць у сваім маўленні. Зразумець сэнс прыказкі – значыць раскрыць абагульнена-метафарычны вобраз, закладзены ў ёй, канкрэтызаваць, растлумачыць яго, выкарыстоўваючы для гэтага чытацкі і жыццёвы вопыт школьнікаў. На ўроках літаратурнага чытання прыказкі дапамагаюць выразіць у сціслай форме мараль, павучанне, сфарміраваць галоўную думку прачытанага твора. На ўроках літаратурнага чытання можна выкарыстоўваць наступныя заданні: падкрэсліце з прапанаваных прыказак дзве прыказкі, аб’яднаныя агульнай тэмай; падкрэсліце словы ці словазлучэнні, якія з’яўляюцца галоўнымі для разумення сэнсу прыказак; да ілюстрацыі знайдзіце некалькі прыказак, якія адлюстроўваюць сэнс эпізода; разгадайце крыжаванку, да ключавога слова падбярыце прыказку; імправізацыя прыказак; напішыце сачыненне па прыказцы; падбярыце прыказкі, якія найбольш ярка характарызуюць таго ці іншага героя твора; складзіце план мастацкага твора з выкарыстаннем прыказак і інш. Прыказкі даюць таксама багаты матэрыял для працы над словам. Створаныя на працягу стагоддзяў, прыказкі захоўваюць словы, якія сёння ўжо выйшлі з ужытку ці маюць абмежаванае распаўсюджанне. Калі настаўнік не зверне ўвагі на такія словы, не патлумачыць іх значэння, то вучні няправільна зразумеюць ці зусім не зразумеюць сэнс прыказкі. Для развiцця творчых здольнасцяў вучняў пачатковых класаў настаўнік можа прапанаваць наступныя гульні: «Знайдзі пару». Вучні падзяляюцца на дзве каманды, кожная з якіх атрымлівае набор картак. На адных картках змешчаны пачатак прыказак (прымавак), на другiх – ix канцоўка. За тры хвіліны кожная каманда павінна падабраць карткі так, каб можна было прачытаць тэкст цалкам. Рыбам – мора, птушкам – паветра, ... (… а чалавеку – Айчына.) Лепш сініца ў руках, … (… чым журавель у небе.) Аб тым зязюля кукуе, ... (... што свайго гнязда не мае.) Той Бацькаўшчыну любіць, ... (... хто ей сумленна служыць.) Добра таго вучыць, ... (... хто хоча ведаць.) Птушка моцная крыламі,... (... а чалавек дружбай.) Той не можа быць другам, ... (... хто у бядзе абыдзе кругам.) Усюды добра, ... (... а дома лепей.) Сярод ваўкоў жыць – ... (... па-воўчы выць.) Чуе звон, ... (... ды не ведае, дзе ён.) «Падбяры слова». З двух бакоў дошкі прымацаваны палоскі, на якіх напісаны пачатак прыказак. Двое вучняў атрымліваюць карткі з назвамі птушак – гэта канцоўкі прыказак. Выйграе той, хто хутка i правільна размесціць карткі. Надзьмуўся як... сава. Глядзіць як... сыч. Натапырыўся як... верабей. Насупіўся як... індык. Сівы як... голуб. Драчліў як... певень. Скача як... сарока. «Назаві прыказкі». Двое вучняў па чарзе бяруць са стала карткі, на якіх запісаны словы ці спалучэнні слоў, зачытваюць ix i адразу ж называюць прыказку(прымаўку) з гэтымі словамі. ... як птушка... . – Слова як птушка: выпусціў – не вернеш. Кожны цыган... . – Кожны цыган сваю кабылу хваліць. Любіш ездзіць... . – Любiш ездзіць, любі i саначкі вазіць. Шыла.... – Шыла ў мяху не схаваеш. ... байкамi ... . – Салаўя байкамі не кормяць. «Што гэта азначае?» Падзяліўшыся на каманды, вучні па чарзе падыходзяць да стала, бяруць карткі, чытаюць прыказку (прымаўку) i тлумачаць яе сэнс. За дурною галавою i нагам няма спакою. У адно вуха ўпусціў, а ў другое – выпусціў. Хто два зайцы гоніць, ніводнага не дагонiць. Як мы да людзей, так i людзі да нас. Падзякаю сыты не будзеш. Не будзь ласы на чужыя каўбасы. Лепш сто сяброў, чым сто рублёў. Птушкі з «Р». Удзельнікі дзвюх каманд павінны ўзгадаць прыказкі з назвамі птушак. А ў назве птушкі павінна быць літара «Р». Пераможа тая каманда, якая ўспомніць больш прыказак ці прымавак за адну хвіліну. У багатай хаце i куры часцей нясуцца. Быў бы куст, а варона знойдзецца. Крумкач крумкачу вока не выдзеўбе. На сваім сметніку i верабей гаспадар. Паможа вароне мыла, як памерламу кадзіла. Сядзіць як курыца на насесце. Салавей месяц пяе, а ворона круглы год каркае. «Хто далей». Двое вучняў з кожнай каманды становяцца побач на адну лінію, па чарзе называюць прыказкі. Назваўшы, робяць крок наперад. Выйграе той, хто зробіць больш крокаў, а значыць, скажа больш прыказак і прынясе перамогу сваёй камандзе. «Хто больш?». Удзельнікі гульні адзін за адным называюць прыказкі. Час на абдумванне не даецца. Хто не паспеў узгадаць выслоўе, прапускае сваю чаргу. Прыказкі (прымаўкi) Бачаннем жураўля не зловіш. І птушцы адной нудна. Бачна птушку па палёце. Белы як палатно. I салаўі пяюць, ды хлеба не даюць. Шчасце не салавей: у кішэнь не пасадзiш. I ў вераб’я сэрца ёсць. Не лаві варон. Папаўся як верабей у шапку. Вясной i ўдод запяе. Увосень i курчаты курамі стануць. I варона б запела, каб голас мела. Не ўсе птушкі лётаюць. Чужым багаццем сыты не будзеш. Якая птушка, такі i галасок. «Знайдзі і растлумач». У настаўніка знаходзяцца карткі, на якіх запісаны дыялогі. У дыялогах ёсць прыказкі, якія вучні павінны знайсці ў тэксце і растлумачыць. 1. – Мама, хутчэй канчай прасаваць, пойдзем у грыбы, а то сцямнее. – Спяшыць – людзей насмяшыць. Не глядзі, каб скора, а глядзі, каб добра. Яшчэ паспеем і грыбоў назбіраць. 2. – Сёння ў нас у хаце ні мукі пылінкі, ні солі драбінкі. – Я зараз, матуля, збегаю ў краму і ўсё, што трэба, куплю. 3. – Добры дзень вам! Як гадуецеся? – А нічога. Жывём, хлеб жуём! А ты ці здаровы? – Я здаровы, як рыжок баровы. 4. – Бабулька, ты казала, што мы пойдзем гуляць! – Пойдзем, унучка, але скажы, ці памыла ты ўжо посуд? – Я потым памыю. – Не. Адклад не ідзе ў лад. Памый чысценька посуд, а тады і пойдзем. 5. – Ты што гэта робіш з катом, Яська? – Гуляю. – Ты яго мучыш, тузаеш. Каб з табой так гулялі, ці добра было б табе? – Нядобра. – Ну дык вось: не рабі другому, што не люба самому. 6. – Пара, Алінка, пара абедаць. Мый рукі і сядай за стол. – Мама, абед – не заяц, у лес не ўцячэ. «Адказваючы, складаем». Гуляюць дзве каманды. Кожная каманда атрымлівае карткі з заданнем: знайдзіце адказы на пытанні, складаючы пры гэтым прыказкі. Напрыклад: Ці закрыеш дурную галаву шапкаю? (Дурную галаву шапкаю не закрыеш). Што лепш: павага ці знявага? (Лепш павага, чым знявага.) Адкажыце самі: – Ці заснеш, не заплюшчыўшы вочы? – Ці трэба адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння? – Ці дружыць агонь з вадою? – Ці можа быць ад малой іскры вялікі пажар? – Ці бачыць сава ўначы? – Ці бывае ягада без кветак? – Што лягчэй зрабіць: зламаць ці наладзіць? – Ці грэе вушы абяцаная шапка? – Ці астрыжэш голую авечку? – Што лягчэй: добра работу рабіць ці ў далоні пляскаць? – Ці напоўніш бяздонную бочку? – Ці можна купіць розум? – А ў лес дровы возяць? – Ці льюць ваду ў калодзеж? – Ці вычэрпаеш лыжкаю мора? – Ці можна выкруціць ваду з сухой анучы? – Што лягчэй зрабіць: з’есці яблык ці вырасціць яблыню? – Ці рада птушка вясне, а дзіця маці? – Ці добра таго вучыць, хто хоча ўсё ведаць? – Ці ўсё тое золата, што блішчыць? – Што бачыць далей: вока ці розум? – Ці вялікі звер для мышы – кот? Такiм чынам, пастаянная праца з прыказкавым багаццем беларускай мовы спрыяе правiльнаму ўжыванню малодшымi школьнiкамi гэтых самацветаў роднай мовы ў маўленнi. Дзеці вучацца дастасоўваць iх да розных жыццёвых сiтуацый.
1. Латышава, Н. С.
Гульні з прыказкамі і прымаўкамі / Н. С. Латышава // Пачатковая школа.
– 2001. – № 11.
|