Республиканская научная интернет-конференция
молодых исследователей

 

MediaLex-2016

 

 

Калясень Аляксандра Васільеўна

Выкарыстанне гульнявых практыкаванняў для выхавання
маўленчага дыхання дашкольнікаў

 УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы»

 

Выхаванне правільнага маўленчага дыхання пачынаецца з выпрацоўкі доўгага ротавага выдыху, з умення эканомна расходваць паветра ў працэсе працяглага вымаўлення гукаў з улікам своечасовага яго дабору. Мэта дыхальных практыкаванняў – навучыць дзяцей хутка, бясшумна рабіць удых праз нос і рот і рацыянальна, плаўна расходваць паветра на выдыху.

Работа па выхаванні ў дзяцей умення рэгулявць і правільна карыстацца дыханнем ажыццяўляецца ў пэўнай паслядоўнасці (паводле А.І. Максакава) і складаецца з 5 этапаў: 1) выпрацоўка правільнага дыяфрагмальнага дыхання; 2) навучанне спакойнаму, кароткаму ўдыху і свабоднаму, плыўнаму выдыху; 3) навучанне рацыянальнаму, эканомнаму выдыху ў працэсе вымаўлення гукаў; 4) навучанне правільнаму вымаўленню складоў і гукаперайманняў; 5) фарміраванне правільнага маўленчага дыхання ў працэсе маўлення.

У сярэдняй групе працягваецца работа па развіцці маўленчага дыхання: да канца вучэбнага года на адным выдыху дзеці ўжо вымаўляюць фразу з 3–4 слоў, таксама у іх выпрацоўваецца ўменне дыферэнцыраваць ротавае і носавае дыханне.

Падрыхтоўчая работа, накіраваная на развіццё маўленчага дыхання, праводзіцца часткова ў час маўленчай гімнастыкі, але ў асноўным на занятках па развіцці маўлення.

Дзецям сярэдняга дашкольнага ўзросту, як і малодшым, прапаноўваецца у гульнявой форме выканаць практыкаванні, звязаныя з развіццём працяглага і доўгага выдыху на немаўленчым матэрыяле, напрыклад, задзьмуць у вароты лёгкія прадметы (шарыкі, «лыжнікаў» і інш.). Наладжваюцца спаборніцтвы: у каго далей паляціць «сняжынка», птушачка ці паветраны шарык; хто даўжэй можа дзьмуць на «лісцікі дрэў». Таксама прапануецца ім пры дапамозе струменю паветра рухаць па стале лёгкія шарыкі, алоўкі, выдуваць мыльныя пузыры, круціць вяртушку. У гульнях з вадой дзеці з задавальненнем дзьмуць на караблікі, лёгкія цацкі (рыбкі, качкі), што знаходзяцца ў тазіку.

У час правядзення эксперыментальнай работы намі для фарміравання маўленчага дыхання выкарыстоўваліся наступныя гульнявыя практыкаванні і дыдактычныя гульні.

«Ляці, матылёк!». Мэта: развіццё працяглага бесперапыннага ротавага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне:2–3 яркія папяровыя «матылькі».

Папярэдняя работа: перад пачаткам занятка да кожнага «матылька» прывязаць нітку даўжынёй 20–40 см, ніткі прымацаваць да вяроўкі на некаторай адлегласці адзін ад аднаго. Затым вяроўку нацягнуць так, каб «матылькі» віселі на ўзроўні твару дзіцяці.

Выкананне практыкавання: Педагог паказвае дзіцяці «матылькоў» і прапануе пагуляць з імі.

– Глядзі, якія прыгожыя рознакаляровыя матылькі! Паглядзім, ці ўмеюць яны лётаць.

Педагог дзьме на матылькоў.

– Глядзі, паляцелі! Як жывыя! Цяпер ты паспрабуй падзьмуць. Які матылёк паляціць далей?

Дзіця ўстае каля матылькоў і дзьме на іх. (Неабходна сачыць, каб дзіця стаяла прама, пры выдыху не ўздымала плечы, дзьмула на адным выдыху, не дабіраючы паветра, не надзімала шчокі, а вусны злёгку высоўвала наперад.) Дзьмуць можна не больш за 10 секунд з паўзамі.

«Ветрык». Мэта: развіццё моцнага плыўнага ротавага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: папяровыя султанчыкі («мяцёлачка»).

Папярэдняя работа: перад пачаткам практыкавання неабходна падрыхтаваць «мяцёлачкі». Для гэтага трэба прымацаваць палоскі каляровай паперы да драўлянай палачкі. (Можна выкарыстаць тонкую папіросную паперу або ёлачныя ўпрыгожанні «дожджык»).

Выкананне практыкавання: Педагог прапануе пагуляць з «мяцёлачкай». Паказвае, як можна падзьмуць на папяровыя палоскі, потым прапануе падзьмуць дзіцяці.

– Уяві, што гэта чароўнае дрэва. Падзьмуў ветрык – і зашамацелі на дрэве лісточкі! Вось так! А цяпер ты пахукай!

(Дадзенае гульнявое практыкаванне можа праводзіцца як індывідуальна, так і ў групе дзяцей. У другім выпадку дзеці дзьмуць на свае «мяцёлачкі» адначасова).

«Лістапад». Мэта: навучанне плаўнаму свабоднаму выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: выразаныя з тонкай двухбаковай каляровай паперы жоўтыя, чырвоныя, аранжавыя лісточкі; вядзерца.

Выкананне практыкавання: Педагог выкладвае на стале лісточкі, нагадвае дзецям пра восень.

– Уявіце, што цяпер восень. Чырвонае, жоўтае, аранжавае лісце падае з дрэў. Падзьмуў вецер – раскідаў усё лісце па зямлі!

– Давайце зробім вецер – падзьмем на лісце!

Дарослы разам з дзецьмі дзьме на лісце, пакуль усё лісточкі не апынуцца на падлозе. Пры гэтым неабходна сачыць за правільнасцю ажыццяўлення ротавага выдыху, а таксама за тым, каб дзеці не стамляліся.

– Усе лісцікі на зямлі... Давайце збяром лісточкі ў вядзерца.

Педагог і дзеці збіраюць лісточкі. Затым практыкаванне паўтараецца.

«Снег ідзе!». Мэта: фарміраванне плаўнага працяглага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: кавалачкі ваты.

Выкананне практыкавання: Педагог раскладвае на стале кавалачкі ваты, нагадвае дзецям пра зіму.

– Уявіце, што цяпер зіма. На вуліцы сняжок падае. Давайце падзьмем на сняжынкі!

Дарослы паказвае, як дзьмуць на вату, дзеці паўтараюць. Затым ўсе паднімаюць вату і паўтараюць практыкаванне.

«Чыя птушачка далей паляціць?». Мэта: развіццё працяглага плаўнага выдыху, актывізацыя мышц вуснаў.

Абсталяванне: 2 птушачкі, зробленыя з тонкай каляровай паперы.

Выкананне практыкавання: 2 каляровыя птушачкі ставяць на край стала. Двое дзяцей становяцца насупраць птушак. Па сігнале: «Птушкі паляцелі!» дзеці дзьмуць на фігуркі (кожны на сваю). «Ляцець» птушкі могуць толькі на адным выдыху. Астатнія дзеці сочаць, чыя птушачка паляцела далей.

«Круцёлка». Мэта: развіццё працяглага плаўнага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: цацка-круцёлка.

Папярэдняя работа: неабходна падрыхтаваць цацку-круцёлку. Можна вырабіць яе самастойна пры дапамозе паперы і драўлянай палачкі.

Выкананне практыкавання: Педагог паказвае дзіцяці круцёлку; на вуліцы трэба прадэманстраваць, як яна пачынае круціцца ад подыху ветру.Затым прапануе падзьмуць на яе самастойна:

– Давай зробім вецер – падзьмем на круцёлку. Вось як закруцілася! Пахукай яшчэ мацней – круцёлка круціцца хутчэй. (Практыкаванне можа праводзіцца як індывідуальна, так і ў групе дзяцей).

«Дзьмухаўцы». Мэта: развіццё працяглага, плаўнага і моцнага выдыху.

Выкананне практыкавання:

Практыкаванне можна праводзіць на пляцоўцы, дачы ці ў парку. Дзеці дзьмуць на дзьмухаўцы, каб зляцелі ўсе пушынкі.

«Мыльныя бурбалкі». Мэта: развіццё моцнага плаўнага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: пляшачка з мыльным растворам, рамка для выдзімання бурбалак, трубачкі рознага дыяметра; пластыкавая бутэлька з адрэзаным дном.

Папярэдняя работа: трэбы пагуляць з дзіцем у мыльныя бурбалкі: спачатку педагог выдзімае бурбалкі, а дзіця назірае і ловіць іх. Затым прапануе дзіцяці выдзьмуць бурбалкі самастойна (варта ўлічыць, што выдзіманне мыльных бурбалак часта аказваецца для малых даволі цяжкай задачай).

Выкананне практыкавання: Педагог дапамагае дзіцяці падабраць розныя рамкі і трубачкі, каб ён спрабаваў і выбіраў, з дапамогай чаго яму лягчэй дасягнуць пажаданага выніку. (Педагог павінен сачыць за бяспекай дзіцяці не дазваляць каштаваць і піць мыльны раствор).

«Свістулькі». Мэта: развіццё моцнага плаўнага выдыху; актывізацыя губных цягліц.

Абсталяванне: дзіцячыя керамічныя, драўляныя або пластмасавыя свістулькі ў выглядзе розных птушак і жывёл.

Папярэдняя работа:перад пачаткам занятка варта падрыхтаваць свістулькі. Педагог раздае дзецям свістулькі і прапануе падзьмуць у іх.

Выкананне практыкавання:

– Паглядзіце, якія прыгожыя ў вас цацкі-свістулькі! У Машы – птушачка, а ў Вані – алень. Давайце зробім лясны канцэрт – кожны з звяроў і птушак спявае сваю песеньку!

Практыкаванне можна паўтарыць некалькі разоў. Педагог павінен сачыць, каб дзеці дзьмулі, не напружваючыся, не стамляючыся. Гульня можа праводзіцца як індывідуальна, так і ў групе дзяцей.

«Губны гармонік». Мэта: фарміраванне плаўнага працяглага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: музычны гармонік.

Выкананне практыкавання: Педагог прапануе дзіцяці стаць музыкам, хай ён пагуляе на губным гармоніку. Пры гэтым задача педагога не ў тым, каб навучыць яго гуляць, таму не трэба звяртаць ўвагу на мелодыю. Важна, каб дзіця ўдыхала паветра праз губны гармонік і выдыхала ў яго ж.

«Дудачка». Мэта: фарміраванне плаўнага працяглага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: любая шкляная бутэлечка з-пад лекаў, вітамінаў, ёду, духоў; горлачка бутэлечкі не павінна быць шырокім.

Выкананне практыкавання: Педагог прапануе дзіцяці высунуць вузкі язык наперад, злёгку дакранаючыся кончыкам языку да шкляной бутэлечкі. Выдзімаць паветра на кончык языку так, каб бутэлечка засвісцела, як дудачка.

«Булькі». Мэта: развіццё моцнага ротавага выдыху; навучанне ўменню дзьмуць праз трубачку; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: шклянка з вадой, трубачкі рознага дыяметра.

Выкананне практыкавання: У шклянку, напалову напоўненую вадой, педагог апускае кактэйльную трубачку і дзьме ў яе – бурбалкі з гучным булькатаннем будуць падымацца на паверхню. Затым дае трубачку дзіцяці і прапануеце падзьмуць.

–Давай зробім вясёлыя булькі! Вазьмі трубачку і пахукай ў шклянку вады. Калі дзьмуць слаба – атрымліваюцца маленькія булькі. А калі падзьмуць моцна, то атрымліваецца цэлая бура! Давай зробім буру!

(Па «буры» ў вадзе можна лёгка ацаніць сілу выдыху і яго працягласць. У пачатку заняткаў дыяметр трубачкі павінен быць 5-6 мм, у далейшым можна выкарыстоўваць больш тонкія трубачкі. Яшчэ дзіця можа, трымаючы трубачку ў вуснах, выдыхаць паветра праз нос. У гэтым выпадку можна акуратна заціснуць нос дзіцяці пальцамі і прапанаваць падзьмуць зноў).

«Расці, пена!». Мэта: развіццё моцнага ротавага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: шклянка з вадой, кактэйльныя трубачкі рознага дыяметра, вадкасць для мыцця посуду.

Рэкамендацыя: гэтае практыкаванне можна прапанаваць дзіцяці пасля таго, як яно навучыцца добра дзьмуць праз трубачку ў шклянку з вадой (не п’е ваду, не перагібае трубачку). Спачатку такое практыкаванне праводзіцца індывідуальна, а потым ужо можна і франтальна.

Выкананне практыкавання: Педагог дадае ў ваду трохі вадкасці для мыцця посуду, затым бярэ трубачку і дзьме ў ваду:

– Зараз я пакажу фокус! Бяру вадкасць для посуду і капаю ў ваду... Цяпер памяшаю – Ары-бары-топ-топ-топ!

– Бяру трубачку і дую. Глядзі, што атрымалася! (з гучным булькатаннем на вачах у дзіцяці вырасце воблака пераліўных бурбалак).Гэта пена з маленькіх і вялікіх бурбалак!

– Цяпер ты паспрабуй падзьмуць!

Калі пены стане шмат, можна падзьмуць на яе.

«Паветраны шарык». Мэта: развіццё моцнага плаўнага ротавага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: звычайны паветраны шар на нітачцы ці газавы паветраны шар.

Выкананне практыкавання: Неабходна павесіць паветраны шар на ўзроўні твару дзіцяці. Педагог дзьме на шар так, каб ён высока ўзляцеў, затым прапануе падзьмуць дзіцяці.

Больш складаны варыянт практыкавання: Педагог падкідае паветраны шарык ўверх. Прапануе дзіцяці падзьмуць на шарык некалькі раз так, каб ён даўжэй не апускаўся на падлогу.

Варыянт. Можна пагуляць з паветраным шарам, напоўненым газам. У гэтым выпадку шар прывязваецца да стульчыка або чаго-небудзь на падлозе (пажадана, каб нітачка заставалася доўгай).

Выкананне практыкавання: На шар трэба дзьмуць так, каб ён паляцеў як мага далей наперад.

Варыянт. Калі практыкаванне выконваецца ў групе, можна арганізаваць спаборніцтва: двое дзяцей (або невялікія каманды) становяцца адзін насупраць аднаго тварам да шарыка (адлегласць да шара 50–60 см) і адначасова пачынаюць дзьмуць. Перамагае той, каму ўдалося паслаць шарык на процілеглую тэрыторыю (можна падзяліць тэрыторыю пры дапамозе стужачкі або вяроўкі).

«Пярынка, ляці!». Мэта: развіццё моцнага плаўнага накіраванага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: птушынае пёрка.

Выкананне практыкавання: Педагог падкідае пярынку ўверх і дзьме на яе, не даючы ўпасці ўніз. Затым прапануеце падзьмуць дзіцяці (неабходна звярнуць яго ўвагу на тое, што дзьмуць трэба моцна, накіроўваючы струмень паветра на пёрка знізу ўверх).

«Надзьмі цацку!». Мэта: развіццё моцнага плаўнага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: розныя надуўныя цацкі невялікага памеру; паветраныя шары.

Выкананне практыкавання: Педагог раздае дзецям добра прамытыя гумовыя надуўныя цацкі і прапануе іх надзьмуць. Указвае, што дзьмуць трэба, набіраючы паветра праз нос і павольна выдыхаючы яго праз рот у адтуліну цацкі.

– Паглядзіце, нашы цацкі зусім хворыя – худзенькія, без жывоцікаў... Як жа з імі гуляць? Давайце надзьмем цацкі, каб яны зноў сталі тоўсценькі, здаровыя і вясёлыя! Той, хто надзьме цацку, можа пагуляць з ёй.

Гэта заданне патрабуе сфарміраванага моцнага выдыху. Акрамя гэтага, неабходна навучыць дзяцей правільна трымаць цацкі, каб з іх не выходзіла паветра. На наступных занятках можна прапанаваць надзьмуць паветраныя шары – гэта яшчэ больш складана.

«Вясёлыя шарыкі». Мэта: развіццё моцнага плаўнага накіраванага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: лёгкі пластмасавы шарык.

Выкананне практыкавання: Дзіця сядзіць за сталом. На стале на адлегласці 20 см ад дзіцяці педагог кладзе шарык. Спачатку дарослы паказвае, як з сілай дзьмуць на шарык, каб ён рушыў на супрацьлеглы канец стала. Затым прапануе дзіцяці падзьмуць на шарык.

Другое дзіця ловіць аловак на процілеглым канцы стала.

Варыянт.Можна, седзячы насупраць адзін аднаго, перакочваць адзін аднаму шарык з аднаго канца стала на другі. (Выконваючы практыкаванне ў групе, можна дазволіць спаборніцтва: двое дзяцей сядзяць за сталом, перад імі ляжаць шарыкі. Дзьмуць на шарык можна толькі адзін раз. Перамагае той, чый шарык рушыў далей).

«Футбаліст». Мэта: развіццё моцнага плаўнага накіраванага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: шарык ад пінг-понга або любы іншы лёгкі шарык.

Папярэдняя работа: змайстраваць з канструктара або іншага матэрыялу вароты.

Выкананне практыкавання: Дзіця павінна дзьмуць на шарык, імкнучыся загнаць яго ў вароты. Можна ўзяць два шарыкі і пагуляць у гульню «Хто хутчэй?».

«Плыві, караблік!». Мэта: развіццё моцнага плаўнага накіраванага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: папяровыя або пластмасавыя караблікі; таз з вадой.

Выкананне практыкавання: На невысокі стол педогог ставіць таз з вадой, у якім плавае папяровы караблік. (Спачатку лепш выкарыстоўваць пласмасавы караблік, так як папяровыя караблікі хутка размакаюць і тонуць). Дарослы дзьме на караблік, затым прапануе падзьмуць дзіцяці.

–Уяві, што гэта мора. Давай пусцім у плаванне караблік. Глядзі, які моцны вецер! Як хутка паплыў наш карабель. А цяпер ты паспрабуй!

Гульню можна ўскладніць, прапанаваўшы дзіцяці пакатацца на карабліку з аднаго горада ў іншы, пазначыўшы гарады значкамі на баках таза. У гэтым выпадку струмень паветра падчас ротавага выдыху павінен быць не толькі моцным, але і накіраваным.

Можна праводзіць гульню ў групе, арганізуючы спаборніцтва: чый караблік хутчэй прыплыве да мэты.

«Задзьмуць свечку». Мэта: развіццё моцнага працяглага плаўнага ротавага выдыху; актывізацыя губных мышц.

Абсталяванне: зефір у шакаладзе або пасціла; маленькія свечкі для торта; цацачны мішка.

Папярэдняя работа:трэба прыгатаваць зефір у шакаладзе або пасцілу і ўторкнуць адну або некалькі святочных свечак – сёння «дзень нараджэння мішкі».Затым ўрачыста ўнесці «святочны торт» з запаленай свечкай.

Выкананне практыкавання:

– У мішкі сёння дзень нараджэння. Яму спаўняецца адзін (ці больш) год. Давай павіншуем мішку! Вось святочны торт – дапамажы мішку загасіць свечкі.

Калі дзіця задзімае свечку, педагог сочыць, каб выдых быў доўгім, моцным і плаўным. Растлумачвае, што ў яго ёсць некалькі спробаў, у кожную з якіх дзьмуць можна толькі адзін раз. Калі свечка не патухла – зноў пранануе яму набраць у грудзі паветра і спрабаваць яшчэ раз.

(Многія дзеці, робячы правільны выдых, не могуць дакладна накіраваць струмень выдыхаемага паветра –ён праходзіць міма полымя свечкі. У гэтым выпадку карысна для нагляднасці прапанаваць дзьмуць у трубку, зробленую з ліста тоўстай паперы (дыяметр 3–4 см), бо з дапамогай яе можна кантраляваць накірунак выдыханага паветра).

Паслядоўнасць навучання: а) спачатку трэба ставіць свечку на адлегласці каля 30 см ад дзіцяці; б) паступова адлегласць ад дзіцяці да свечкі можна павялічваць да 40–50 см.

У мэтах бяспекі такое практыкаванне праводзіцца індывідуальна. Трэба папярэдзіць дзіцяці, што свечку нельга чапаць і скідаць.

Пры правядзенні дыхальных практыкаванняў неабходна выконваць наступныя ўмовы: а) дыхальныя практыкаванні трэба праводзіць у добра праветраным памяшканні не раней, чым праз 2 гадзіны пасля ежы; б) адзенне не павінна сціскаць шыю, грудзі і жывот дзіцяці; в) педагог павінен сачыць, каб дзеці рабілі ўдых і выдых без напружання, плаўна, не падымаючы плячэй пры ўдыху, не ўцягваючы жывот пры выдыху; г) працягласць практыкаванняў не павінна перавышаць 3–5 хвілін для дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту; д) у працэсе правядзення дыхальных практыкаванняў не трэба дамагацца поўнага выдыху.

У сярэдняй групе дашкольнай установы працягваецца работа над навучаннем дзяцей эканомнаму выдыху пры фанацыі гукаў.

Для выпрацоўкі роўнага, падоўжанага выдыху праз рот дзеці ў гульнявой форме вымаўляюць галосныя і зычныя гукі з рознай гучнасцю – гэта песенькі розных прадметаў, жывёл, напрыклад, самлёт гудзе – у-у-у, камар звініць –з-з-з, трактар раве –р-р-р.

З мэтай удакладнення і замацавання вымаўлення гукаў праводзяцца практыкаванні тыпу «Чыя песенька даўжэйшая?».

Асаблівая ўвага звяртаецца на правільнасць узнаўлення некалькіх гукаў на адным выдыху: аааууу – ауканне ў лесе, іііааа – песенька асла. Выхавальнік дамагаецца аднолькавай працягласці і гучнасці іх вымаўлення, плаўнага пераходу ад аднаго гука да другога без дабору паветра.

Пры правядзенні практыкаванняў неабходна пастаянна фіксаваць увагу дзяцей на працягласці выдыху, на раўнамернасці і плаўнасці вымаўлення гукаў, падключаючы для гэтага слыхавы кантроль.

Дзяцей сярэдняга дашкольнага ўзросту працягваюць вучыць правільна карыстацца голасам у працэсе выказвання. Як ужо адзначалася вышэй, дзеці гэтага ўзросту павінны вымаўляць пры выдыху фразу з 3–4 слоў. Для выпрацоўкі маўленчага дыхання дзецям прапануецца вымаўляць на адным выдыху невялікія жарты-чыстагаворкі: «Дзе-дзе-дзе – дождж ідзе?», «Чу-чу-чу – малаточкам я стучу», «Оч-оч-оч – наступіла ноч» і інш. Працягласць паўзаў раўняецца працягласці лічэння выхавальніка самому сабе «адзін, два» ад вымаўлення слоў «хопіць, яшчэ раз», «адпачні – яшчэ раз», пасля чаго дзіцяці прапануецца зрабіць удых.

Гэтак жа, на адным выдыху, дзеці вымаўляюць невялікія загадкі, скорагаворкі. Тут не трэба дапускаць паўзаў паміж асобнымі словамі. Калі дзеці вымаўляюць фразу з 6–7 і болей слоў, трэба сачыць, каб яны правільна размяркоўвалі паўзы з улікам тэксту і дабіралі паветра ў момант гэтых паўз.

Падчас чытання дзецьмі вершаў, пераказвання трэба дамагацца злітнасці вымаўлення слоў у фразе – выхоўваць плаўнасць маўлення.

Важнае месца ў развіцці дыхання займаюць музычныя заняткі. У час іх неабходна сачыць за правільным выдыхам, за паставай дзяцей.

Такім чынам, сістэматычная работа над развіццём маўленчага дыхання з выкарыстаннем гульнявых практыкаванняў у далейшым забяспечвае нармальнае гукаўтварэнне, стварае ўмовы для падтрымкі адпаведнай гучнасці маўлення, выразнага прытрымлівання паўзаў, захавання плаўнасці маўлення і інтанацыйнай выразнасці.

 

 

MediaLex 2016